Затрыманне беларусаў у Расіі працягваецца. Хроніка пераследу 15 і 16 красавіка

2021 2021-04-16T17:07:00+0300 2021-04-17T10:37:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanni_8.11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу 15 і 16 красавіка: затрыманні, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 16 красавіка

Палітвязню Іллю Салею змянілі меру стрымання — цяпер ён можа выходзіць на вуліцу і хадзіць на працу 

Ілля Салей. Фота: nashaniva.by
Ілля Салей. Фота: nashaniva.by

З 16 красавіка юрысту штаба Бабарыкі і адвакату змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заклад. Салей застаецца ў статусе абвінавачанага па арт. 361 КК і абавязаны з'яўляцца па выкліку следчых органаў і суда. Ілля можа свабодна перасоўвацца па краіне і працаваць. З 17 кастрычніка юрыст штаба знаходзіўся ў сваёй кватэры без права на стасункі і шпацыры. Бачыцца Ілля мог толькі са сваім адвакатам, які прыносіў яму прадукты і выносіў смецце.

Такім чынам, з 16 красавіка Ілля перастае лічыцца палітвязнем з-за змены меры стрымання.


Студэнта хімфака БДУ затрымалі ў межах артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса

24 сакавіка стала вядома, што каля 7.40 раніцы ў інтэрнаце БДУ №2 затрымалі 20-гадовага студэнта Арцёма Баярскага. У студэнцкіх чатах абмяркоўваліся абставіны затрымання хлопца: "Суседзяў — на падлогу і ў кайданкі, але забралі толькі Арцёма". Суд над Арцёмам сёння прайшоў у Доме Правасуддзя, дзе яго пакаралі 25-сутачным арыштам, але ў якім судзе быў працэс над Арцёмам і ў чым яго абвінавацілі невядома.

Раней Арцёма Баярскага ўжо арыштоўвалі на 15 сутак за ўдзел у масавым мерапрыемстве, таму, магчыма, ён трапіў пад "зачыстку" перад Днём Волі.

Студэнта павінны былі вызваліць 18 красавіка, але сёння стала вядома, што Арцёма затрымалі ў межах артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання). Цяпер яго ўтрымліваюць у ІЧУ.

25 сакавіка ў тэлеграм-канале "Азарёнок. СТВ" з'явілася "пакаяльнае відэа" Арцёма, дзе ён называе сябе адміністратарам тэлеграм-канала і чата "Мая краіна Беларусь". Верагодна, крымінальны пераслед Арцёма звязаны з гэтым.


Пераслед 15 красавіка

Затрыманне берасцейца ў Расіі 

У Расіі 15 красавіка затрымалі ў межах распачатай крымінальнай справы па арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) за падзеі 9-10 жніўня ў Брэсце Вадзіма Дубоўскага. Мужчына знаходзіўся ў пасёлку Чырвоная Луга Белгародскай вобласці — там яго і затрымалі. Цяпер Вадзіма чакае дэпартацыя ў Беларусь, дзе будзе пераданы беларускім органам следства.

Як паведамляе берасцейская "Вясна", 16 красавіка яго ўзялі пад варту ў СІЗА-3 г. Белгарада. У жніўні Вадзім быў затрыманы і збіты ў падвалах так званага Дома правасуддзя ў Брэсце. Тады яго выпусцілі ноччу, праз суткі, без якіх-небудзь дакументаў. Потым ад стрэсу Вадзім трапіў у бальніцу. А пасля таго, як ён зняў пабоі, на яго завялі крымінальную справу па артыкуле "масавыя беспарадкі" (арт. 293 КК). У верасні яго высачылі і затрымалі па дарозе да лекара.

Раней у Расіі затрымалі байца ММА Аляксея Кудзіна, кікбаксэра Яўгена Шыбалюка, антыфашыста з Брэста Андрэя Казімірава. На ўсіх траіх у Беларусі заведзеныя справы за ўдзел у "масавых беспарадках". У красавіку стала вядома пра затрыманне ў Расіі літаратара і палітолага Аляксандра Фядуты і юрыста Юрася Зянковіча, які мае грамадзянствы Беларусі і ЗША. Абодвух трымаюць у СІЗА КДБ, як і старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.


Затрыманні ў Мінску

Учора ў сябе дома затрымалі 27-гадовага Юрыя Мурашова. Прычына — на балконе вісела майка "неправільнага колеру". У Ленінскім РУУС на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Сёння над ім чакаецца суд. 


Таксама "Списки Окрестина" паведамляюць пра затрыманне ў Мінску яшчэ пяці чалавек:

  1. Воўк Уладзімір Вячаслававіч
  2. Жылко Сяргей Міхайлавіч (З Цэнтральнага РУУС даставілі на Акрэсціна)
  3. Іпатаў Аляксандр Уладзіміравіч (21.01.1978)
  4. Крываблоцкі Юрый Мікалаевіч (1985, з Фрунзенскага РУУС даставілі на Акрэсціна)
  5. Макаўчык Аляксандр Мікалаевіч (27.02.1981, Савецкае РУУС)

У Віцебску затрымалі актывіста Міколу Качурца

Мікола Качурэц. Фота vitebskspring.org
Мікола Качурэц. Фота vitebskspring.org

На досвітку 15 красавіка ў Віцебску быў затрыманы 62-гадовы актывіст Мікола Качурэц, піша "Віцебская Вясна". Паводле інфармацыі, атрыманай ад жонкі Качурца, яго затрымалі нібыта з той прычыны, што меў не адбытыя 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля затрымання віцяблянін знаходзіўся ў Першамайскім РАУС Віцебску. 

Як расказала жонка Міколы Качурца Марына, яго затрымалі каля 6-й гадзіны раніцы.

«Мікола не аднойчы казаў мне, што яго пільнуюць супрацоўнікі РАУС, выведваюць нейкую інфармацыю пра яго ў суседзяў. Таму калі ён патэлефанаваў мне ў 5:56 і сказаў, што збіраецца ехаць у РАУС, я не вельмі здзівілася», – расказала Марына.

Паводле яе, у Міколы яшчэ са жніўня 2020 году заставаліся не адбытыя 10 сутак і пару гадзін адміністрацыйнага арышту. Ён быў затрыманы ў ноч з 9 на 10 жніўня, асуджаны паводле арт. 23.34 КаАП на 15 сутак і быў вызвалены з віцебскага СІЗА-2 без тлумачэння прычын 14 жніўня.

Жонка Міколы Качурца паведаміла таксама, што яе муж мае намер адмовіцца ад турэмнай ежы. Ён сказаў ёй пра гэта, калі апошні раз тэлефанаваў з Першамайскага РАУСу. Марына паспела перадаць мужу перадачу яшчэ ў аддзяленне міліцыі.

«Павезлі перадачу ў СІЗА, але там Міколы яшчэ не было. Прыйшлося ехаць у РАУС. На маё здзіўленне, там з намі размаўлялі ветліва, перадачу ўзялі без асаблівых спрэчак і нават пакінулі нумар тэлефона на выпадак, калі будуць пытанні», – паведаміла жонка Качурца.

Мікола Качурэц будзе знаходзіцца за кратамі да 25 красавіка.


Вызваленне палітзняволенай праваабаронцы

Таццяна Гацура-Яворская. Фота:
Таццяна Гацура-Яворская. Фота: "Радыё Свабода"

Праваабаронцу Таццяну Гацуру-Яворскую адпусцілі з мінскага СІЗА №1 праз 10 дзён знаходжання пад вартай, паведаміла "Еўрарадыё". Меру стрымання ёй змянілі, бо "адпала неабходнасць трымаць яе за кратамі". Абвінавачванне праваабаронцы не прад'яўлялася.

Таццяна — адна з арганізатарак выставы “Машына дыхае, а я не”. 5 красавіка, праз некалькі дзён пасля закрыцця выставы яе затрымалі, а ў яе дома правялі ператрус.

15 красавіка стала вядома, што мужа Таццяны Уладзіміра Яворскага дэпартуюць з Беларусі на 10 гадоў. Ён ужо выехаў ва Украіну. Таццяна распавяла, што яе мужа Уладзіміра збілі і пакражалі "пасадзіць па адміністрацыйке".


Украінскі праваабаронца Уладзімір Яворскі, якога выслалі з Беларусі, ў Facebook выказаўся аб тым, што адбылося:

"У канцы допыту мяне апавясцілі, што ў мяне ёсць 48 гадзін, каб пакінуць краіну разам з дзецьмі ў мэтах нашай бяспекі. Пры гэтым мяне пагражалі затрымаць па крымінальнай справе, а дзяцей вызначыць у спецыяльныя ўстановы. Таксама мяне папярэдзілі, што мне забаронены ўезд у краіну цягам 10 гадоў. Ніякіх дакументаў пра гэта, вядома, прадстаўлена не было, але гучала цалкам пераканаўча.

Пазаўчора, у сераду, я вылецеў з Мінска ў Львоў разам са сваім сынам. Трое іншых больш дарослых дзяцей засталіся ў Мінску па розных прычынах. Да гэтага часу за мной пастаянна сачылі.

Учора ўвечары Таццяна Гацура-Яворская была вызваленая з СІЗА без прад'яўлення абвінавачвання. Яна застаецца ў статусе падазраванай.

Я лічу, што Украіна, вядома, павінна рэагаваць на падобныя дзеянні. Гэта не проста маё асабістае справа. Гэта не толькі пытанне пра масавыя пераследы праваабаронцаў у Беларусі за цалкам звычайную праваабарончую працу".


Маці адваката Бабарыкі не працягваюць кантракт у БДУ

З 17 красавіка БДУ не падаўжае кантракт з выкладчыкам грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ Аленай Лаеўскай, піша "Еўрарадыё".

У жанчыны дваццаці двухгадовы стаж працы ў БДУ, больш за 150 навуковых публікацый. А яе сын з'яўляецца топавым беларускім адвакатам, які абараняе экс-прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыка.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства