Палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава, якога судзяць па справе “Ціханоўскага”, змясцілі ў карцар
Сёння пасля суда над Дзмітрыем Фурманавым, Уладзімірам Кнігай і Яўгенам Разнічэнка стала вядома, што палітзняволенага Фурманава 9 сакавіка змясцілі ў карцар на пяць дзён. Як паведаміў ягоны бацька, нават сам Дзмітрый не ведае, што стала прычынай дысцыплінарнага спагнання. Па словах бацькі палітзняволенага, Дзмітрый у цэлым не скардзіцца на ўмовы ўтрымання ў гродненскай турме, куды яго перавезлі з жодзінскага ізалятара перад судом.
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 10 сакавіка прайшоў ужо як мінімум дзясяты працэс па гэтай справе, суд пачаўся 18 студзеня. На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за тыя падзеі. Іх усіх абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі. Сёння на судзе дапыталі чарговага сведку, аднаго з супрацоўнікаў АМАПу — Аляксандра Супруна, які нёс ахову грамадскага парадку ў цывільным адзенні на Савецкай плошчы 29 траўня, калі адбыўся інцыдэнт. Па словах абвінавачанага Уладзіміра Кнігі, які раней працаваў у гродненскім АМАПе, па яго падліках з ведамасцяў, якія далучаны да матэрыялаў справы, 29 траўня на Савецкай плошчы ў Гродне для аховы грамадскага парадку былі задзейнічаныя 48 супрацоўнікаў міліцыі.
Паралельна ў судзе Ленінскага раёна Гродна судзяць палітзняволенага кіроўцу аўтадома "Страна для жизни" Аляксандра Арановіча. Там таксама ажыццяўляецца допыт сведак: супрацоўнікаў АМАПу, відавочцаў інцыдэнту на Савецкай плошчы і іншых. Сам Аляксандр адмовіўся ад дачы паказанняў.
Падрабязнасці пра суд:
Па "справе Ціханоўскага" дапыталі ўсіх пацярпелых міліцыянтаў. Што яны распавялі пра падзеі 29 траўня ў Гродне?
На судзе па “справе Ціханоўскага” дапыталі ўчастковага Казлоўскага, які на пікеце 29 траўня апынуўся на зямлі
Другі дзень суда па “справе Ціханоўскага”: Пацярпелыя міліцыянты не з'явіліся, бо яны "задзейнічаныя на Хрышчэнні"
Першы суд за інцыдэнт на пікеце 29 траўня ў Гродне: Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны