Суд часткова задаволіў зыск ТАА "Альянс-медиа" да "Народнай волі" і Леаніда Левіна
Пакрыццё судовых выдаткаў і аплату паслуг адваката ТАА "Альянс-медиа" пастанавіў 18-га лютага спагнаць з рэдакцыі "Народнай волі" суд Ленінскага раёна Мінска. Акрамя гэтага, газету абавязалі надрукаваць абвяржэнне артыкула, які стаў падставай для зыску. Суддзя Валянціна Зянькевіч адхіліла патрабаванне ТАА "Альянс-медиа" аб кампенсацыі маральных стратаў у памеры 50 млн. рублёў.
Разгляд зыску аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральных стратаў ТАА "Альянс-медиа" (заснавальнік газеты "Обозреватель") да рэдакцыі газеты "Народная воля" пачаўся 16-га лютага. Падставай для канфлікту стаў артыкул Антона Кузняцова "Как "Обозреватель" Сергея Атрощенко по-бандитски обошёлся с Леонидом Левиным", які з'явіўся на старонках выдання 3 верасня 2003 г. Аўтар артыкула аналізаваў канфлікт паміж рэдакцыяй "Обозревателя" і старшынём Саюза яўрэйскіх арганізацый і абшчын Л. Левіным, які ўзнік на падставе публікацыі артыкула "Депутаты Костян, Новосяд и Фролов -- личностные антисемиты?" Сп. Левін палічыў, што журналістка "Обозревателя" сказіла сэнс яго інтэрв'ю і падзяліўся сваім меркаваннем з "Народнай воляй". Са свайго боку, заснавальнікі ТАА "Альянс-медиа" палічылі, што газета "скарыстала ўзніклае паміж імі і сп-м Левіным непаразуменне і выкарыстала яго як спосаб несумленнай барацьбы за чытацкую аўдыторыю".
Адзін з прадстаўнікоў "Народнай волі" ў судзе, намеснік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" А.Бастунец лічыць, што суд не даў належнай ацэнкі дзеянням рэдакцыі "Обозревателя" ў дачыненні да Л. Левіна і неабгрунтавана палічыў ацэначныя меркаванні журналіста "не адпаведнымі рэчаіснасці звесткамі". "Рашэнне суда дае і іншыя падставы для абскарджання. Але канчатковую ацэнку гатай судовай пастановы можа будзе даць пасля атрымання яе матывавальнай часткі", - кажа юрыст. На думку А. Бастунца, судовае рашэнне варта абскардзіць у Мінскі гарадскі суд.
25-га лютага ў Ленінскім раённым судзе Мінска адбудзецца разгляд зыску да "Народнай волі" шэф-рэдактара "Обозревателя" Сяргея Атрошчанкі. Сп. Атрошчанка лічыць, што артыкулам "Какому бизнесу в Беларуси жить хорошо?", апублікаваным летась 26-га лістапада, газета зняважыла ягоныя гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, і патрабуе спагнаць з газеты 50 млн. рублёў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"