viasna on patreon

Агляды ў гарадзенскіх незалежных СМІ і іншыя факты пераследу за 29 студзеня

2021 2021-01-29T12:48:30+0300 2021-01-30T13:58:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrodna-life-peratrus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Так выглядае рэдакцыя HrodnaLife пасля ператрусу. Крыніца: Белсат

Так выглядае рэдакцыя HrodnaLife пасля ператрусу. Крыніца: Белсат

29 студзеня Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.  

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

У Мінску затрыманы Міхаіл і Святлана Волчак. Святлана — былая выкладчыца і кіраўніца страйкаму БДУ. Зараз іх месцазнаходжанне невядома.

Таксама затрыманы старэйшы выкладчыка кафедры фізічнай электронікі і нанатэхналогій факультэта радыёфізікі і камп'ютэрных тэхналогій БДУ Павел Пятроў. У яго кватэры прайшоў ператрус. Павел — адзін са стваральнікаў першага ў Беларусі ўніверсітэцкага міні-спадарожніка BSU Sat-1, аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў.

Гродна

У Гродне ў памяшканне, дзе знаходзіцца крама "Адметнасць" і рэдакцыя Hrodna.life, прыйшоў АМАП. Таксама ў поўнай амуніцыі прыйшоў начальнік аддзелу аховы правапарадку Ленінскага РАУС, вядомы многім гарадзенцам Аляксей Вайцешка. Ён сказаў, што ў дачыненні да ўладальніка крамы Сяргея Верамеенкі вядзецца адміністрацыйны працэс і загадаў выключыць камеру. Верамеенка затрыманы, паведамляе БАЖ.

БАЖ таксама паведамляе, што з рэдакцыі Hrodna.life вынеслі тэхніку: забралі дрон і календары, якія выдавала рэдакцыя. Вобшук адбываўся без супрацоўнікаў рэдакцыі. Сёння яны мусілі працаваць дыстанцыйна. Рэдактарка Ірына Новік прыехала пасля. Белсат дадае, што з рэдакцыі таксама забралі ўсе флэшкі, ноўтбук, чатыры фотаапараты, друкаваную прадукцыю.

Таксама сілавікі прыйшлі з аглядам да рэдактара сайта NewGrodno.by Ігара Рэмзіка. Ператрус прайшоў у яго дома: забралі сістэмны блок камп'ютара. Самога Ігара пасля апытання адпусцілі.

УУС Гродна паведаміла, што агляды ў Hrodna.life і Newgrodno.by звязаны з захоўваннем гэтымі рэсурсамі прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай. Гаворка ідзе аб захоўванні матэрыялаў аднаго з телеграм-каналаў.

Ветка

Сёння ў Ветцы затрымалі 30-гадовую Алену, паведамляе "Гомельская вясна". Падчас затрымання жанчына размаўляла са сваёй сяброўкай і не адключыла тэлефон. Сяброўка паведаміла, што чула, як супрацоўнікі мілцыі патрабавалі ў яе разблакаваць тэлефон, а таксама спыталі, ці ведае яна, дзе знаходзіцца Аляксей Жылянін. З іх слоў, на яго, магчыма, будзе заведзеная крымінальная справа па арт. 342 КК РБ. Аляксей Жылянін быў два разы пакараны арыштам на 15 сутак па арт. 23.34 (сядзеў з сярэдзіны снежня да 15 студзеня 2021 г.). У Алены забралі ноўтбук і тэлефон і адвезлі ў АУС Цэнтральнага раёну, а потым збіраліся весці ў АУС Навабеліцкага раёну (так сама Алена паведаміла па тэлефоне сваёй сваячцы). Імаверна, цяпер яна знаходзіцца там на допыце. 

Будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства