Затрыманні і крымінальныя справы ў Жлобіне: хроніка пераследу 26 і 27 студзеня Дапоўнена
26 і 27 студзеня праваабаронцы "Вясны" працягваюць сачыць за палітычным пераследам у Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Пераслед 27 студзеня
Як паведамляе "Бінколь", у Брэсце фінансавая міліцыя прыйшла з аглядам у культурную прастору КХ. Перад гэтым інспектары Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ўжо былі дома і правялі агляд у кіраўніка прасторы Аксаны Гайко. Агляд звязаны з праверкай па нявыплаце падаткаў. Пасля агляду ў КХ канфіскавалі некалькі тэчак з дакументамі і ноўтбук, тэлефоны не забралі. З кватэры Аксаны Гайко не канфіскавалі нічога. Увечары яе павезлі на допыт у ДФР, але адпусцілі. Заўтра з раніцы яе зноў выклікаюць у Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК.
Як паведамілі праваабаронцам "Вясны", у Навагрудку адбыўся вобшук у Жанны Баброўскай. На якой падставе — высвятляецца.
Сёння быў затрыманы за сцяг на акне і асуджаны на 10 сутак Аляксей Краснагір. Яго справу па ч.1 арт. 23.34 КаАП разглядаў суддзя Мінскага раённага суда Колабаў.
У Мінску быў затрыманы Дзяніс Мезенко. Яго адразу асудзілі ва РУУС Ленінскага раёна па скайпе на 14 сутак. Пасля гэтага яго даставілі ў ЦІП на Акрэсціна.
Таксама ў Мінску "за блакіроўку дарог" затрымалі Юлію Якубовіч і даставілі ў Цэнтральны РУУС.
Каля 22:40 у Сухарава на вуліцы Шаранговіча затрымалі ўдзельнікаў дваровага маршу. Іх даставілі ў Фрунзенскае РУУС. Спіс затрыманых:
- Харытон Аляксандра
- Малец Ірына
- Нікіціна Данута
- Нікіцін Дзмітрый
- Нічыпарук Алена
Як піша "Наша Ніва", у пасёлку Ждановічы Мінскага раёна затрымалі дзвюх жанчын. Яны прыйшлі адмываць фарбу з замаляванай на днях выявы Паўла Латушкі на будынку электрашчытавой, а там іх чакала засада. Адна з затрыманых — валанцёрка Вольга Залатарь.
Па інфармацыі "Белсат", учора каля 22:00 на акцыі ў віцебскім раёне ДСК затрымалі шасцярых чалавек. Сярод іх — чатыры жанчыны і два мужчыны. Усе змешчаныя ў ІЧУ і чакаюць суда.
Спіс затрыманых:
- Ізофатаў Юрый
- Скакун Святлана
- Скрыпец Ніна
- Куліева Ганна
- Рубін Алег
- Алёна Жыхарская
- Кулакоў Андрэй
- Санько Аляксей
- Міхееў Юрый
- Карняенка Дзмітрый
Пераслед 26 студзеня
26 студзеня ў Жлобіне на допыт у Следчы камітэт выклікалі Іллю Патрушава, Віктара Шмігельскага і Андрэя Шаўчука. Апошні на волю так і не выйшаў. Допыт тычыўся падзеяў 9 жніўня ў Жлобіне. Іх падазраюць у супраціве на акцыі пратэсту супрацоўнікамі міліцыі і кіданні камянёў у іх. Па фактах гэтага ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 і 364 Крымінальнага кодэкса. Шаўчук віну не прызнаў, сказаў, што ён ні ў чым не вінаваты — яго змясцілі ў гомельскае СІЗА.
У Брэсце раніцай да выдаўца і дырэктара часопіса "Бінокль" (гэта два розных чалавека) прыйшла міліцыя дадому, каб "правесці агляд", піша само выданне. Паводле папярэдняй інфармацыі, агляды ў кватэрах праводзілі ў рамках праверкі за нявыплату падаткаў у асабліва буйным памеры. У выніку забралі тэхніку, тэлефоны з дому ў выдаўца. Далей паехалі ў офіс, забіраюць усе дакументы з фірмы жонкі выдаўца. Дырэктар бінокля з'ехала ў ДФР "на апытанне". Як скончаць у офісе, выдавец з мужам паедуць таксама туды ж.
Паведамляюць, што затрымалі жонку ўладальніка патрыятычнай крамы «Мой Модны Кут» Алену Есіпёнак. Учора ў краму прыходзілі супрацоўнікі МНС з праверкай, знайшлі шмат парушэнняў. Крама вядомая сваім багатым асартыментам рэчаў з нацыянальнай сімволікай. Уладальнік крамы Валерый Есіпёнак распавёў "Нашай Ніве" пра затрыманне жонкі:
"Людзі, якія былі ў гандлёвым цэнтры расказалі, што Алена пыталася ў тых, хто яе затрымліваў: “За што вы мяне забіраеце?” Адказалі, што нібыта за продаж незарэгістраванай сімволікі. Яе павезлі ў Савецкі РУУС".
Сёння прэс-сакратарка МУС афіцыйна паведаміла, у чым падазраецца раней затрыманы Максім Вінярскі. На актывіста “Еўрапейскай Беларусі” распачалі крымінальную справу аб масавых беспарадках па арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
“Мужчына праславіўся як агітатар “партыі”, які заклікаў уступаць у яе шэрагі. Ён жа — расклейшчык “опаўскіх” улётак і пастаянны ўдзельнік пратэстаў”, — так апісвае затрыманага @pressmvd.
Паведамляецца, што падчас вобшуку ў кватэры Вінярскага супрацоўнікі ГУБАЗіК канфіскавалі кампутарную тэхніку, тэлефоны, БЧБ-сімволіку, налепкі і балончыкі з аэразольнай фарбай.
Інфармацыя дапаўняецца.
Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?
Сабралі інфармацыю аб тым, куды можна звяртацца, каб даведацца, дзе знаходзіцца затрыманы.