viasna on patreon

“За дзяцей гатовы да любых рэпрэсій”: Алесь Талстыка распавёў пра свае суткі

2020 2020-11-16T12:03:57+0300 2020-11-16T13:13:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/taustyka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алеся Талстыку затрымалі каля дома 14 кастрычніка. Ён прайшоў тыповы для сённяшняга беларуса шлях “з РУУС у Жодзіна” і расказвае, як гэта было: ад электрашокера на Акрэсціна да ўтрымання ў камеры для пажыццёва асуджаных у Жодзіна.

“Глядзі ў вакно – татку крадуць”

Алеся затрымалі 14 кастрычніка а 17-й гадзіне каля пад’езда дома, дзе ён жыве разам з сям’ёй.

“У мяне было пэўнае прадчуванне, – успамінае ён. – З дачкой развіталіся не так, як звычайна, потым на вуліцы праз цішыню пачуў, як рухаецца аўтамабіль. Гляджу – спыніўся ў канцы дома. І адразу ахапіла настальгія: так мяне затрымлівалі і па прадпрымальніцкім руху, і па справе Курапат. Зразумеў, што гэта па мяне. Набраў сына, кажу: “Сынок, глядзі ў вакно – тату крадуць”.

У Ленінскім РУУС Алеся Талстыку чакаў пратакол за ўдзел у акцыі 11 кастрычніка.

Са мной размаўлялі высокія здаровыя мужчыныдакладна не супрацоўнікі Ленінскага РУУС, кажа Алесь. – Бо з усімі ленінскімі мы ведаем адзін аднаго: яны прыязджалі, калі мы збіраліся ў ланцугі салідарнасці на раёне, і нават папярэджвалі, калі прыязджаў АМАП. Таму я адмовіўся размаўляць з чалавекам, які не прадставіўся. Пакуль чакаў каля дзяжурнай часткі, запатрабаваў, каб адну дзяўчыну адпусцілі ў туалет, а другой – выклікалі хуткую, бо яна была пабітая – і гэта выканалі”.

 У РУУС быў дзяжурны маёр – былы саслужывец Алеся. Ён папрасіў маладога супрацоўніка, які вез Алеся на Акрэсціна, не чапаць яго.

“У бусе я нават рызыкнуў папрасіць паслабіць кайданкі на правай руцэ – і мне не адмовілі, – успамінае ён. – Тыя хлопцы ў бусе ўсё пыталіся адзін у аднаго, хто колькі паспаў. Адказы былі – хто – тры гадзіны, хто – паўтары”.

“Маёр, вы нешта блытаеце”

Пры прыёме ў ІЧУ на Акрэсціна Алесю адмовілі ў медычнай дапамозе. Ён папярэдзіў, што ў яго высокі ціск, на што фельчар сказала: “Я не ўрач”. У камеры сядзела восем чалавек і стаяла спякота: вокны былі зачыненыя, нічога не праветрывалася. Крыху пазней затрыманыя дамагліся, каб адчынілі хаця б “кармушку”. Алесь адразу прынцыпова адмовіўся ад ежы.

“Раніцай нас з мацюгамі пачалі некуды пераводзіць, – успамінае ён. – Я адразу зрабіў заўвагу маёру. Сказаў: “Маёр, вы нешта блытаеце. Я адукаваны чалавек, і я вам нагадваю: я яшчэ нават не асуджаны, а часова затрыманы. А што будзе, калі я праз пяць хвілін вызвалюся?” І ён адразу сказаў адвесці мяне ў камеру. Потым аказалася, я прапусціў 17 хвілін палітінфармацыі. Хлопцы сказалі, што гэта была найлепшая калыханка”.

Суд адбыўся ў ІЧУ: на ім высветлілася, што на Алеся ёсць яшчэ адзін пратакол за другога верасня.

“Я пачытаў – і мне стала кепска, – кажа Алесь. – Хуткую мне не выклікалі, але лекарка аказала прафесійную дапамогу: гадзіны дзве калдавала нада мной і не выпускала. Калі мяне зноў прывялі ў камеру, хлапцоў ужо асудзілі, і хутка мне таксама далі 15 сутак па двух эпізодах. Я ўздыхнуў з палёгкай, бо ўжо налічыў сабе не менш за 25”.

“Мы ўжо не збіваем – у нас іншы шлях для гвалту”

Увечары Алеся перавялі ў ЦІП на Акрэсціна. У камеры былі адчыненыя вокны, а батарэі нятопленыя. На ложках не дошкі – метал. Людзям выдалі цюфякі і загадалі спаць у такім холадзе.

“Але хоць можна было дыхаць – не тое, што ў ІЧУ, – пасміхаецца Алесь. – На раніцу папярэдзілі, што нельга абапірацца, чытаць – мы чыталі і хахаталі. А потым нас зноў вывялі з хаты, і на выхадзе я заўважыў супрацоўніцу ЦІП, пра якую ўсе пісалі раней, – бландзінку Карыну. У мяне ўсплылі ўсе кадры, і я спытаў у яе: “А, гэта ты тая забойца, якая катавала нашых дзяцей, братоў і сясцёр?” Яна сагнула дубінку, пашапталася с капітанам, усіх загналі ў хату, а мяне праз тры хвіліны запрасілі “пагаварыць”. Мяне павялі на першы паверх і ў нейкім пераходзе сказалі: “Мы ўжо не забіваем і не збіваем, у нас іншы шлях для гвалту над вамі: мы ўключаем электрашокер, звязваем рукі і ногі назад і засоўваем кляп у глотку, каб вы маўчалі, заткнуліся і нават не стагналі”. Я ведаю, што гэта такое: дыяфрагма не працуе, ты задыхаешся, губляеш прытомнасць. Потым прыходзш у сябе, асэнсоўваеш і зноў губляеш прытомнасць”.

Магчыма, Алесь і перажыў усё гэта, але зараз не можа сказаць дакладна: ён страціў прытомнасць, а ачуняў ужо ва ўнутраным дворыку ЦІП, пра які шмат хто распавядаў яшчэ пасля жнівеньскіх затрыманняў.

“Я пачаў перажываць усё гэта на сабе, – кажа Алесь. – Пачаў прыглядацца да сцен і заўважыў, што праз свежую фарбу праступаюць напісаныя, верагодна, крывёю словы “Жыве Беларусь!” Напэўна, іх спрабавалі зафарбаваць для БТ ці для якой праверкі, але кроў проста так не адмыеш”.

У камеры сябры сказалі Алесю, што яго не было 2,5 гадзіны, і на гэты час увесь паверх вывелі папаліць.

І па сёння ў мяне разадранае нёба, баляць зубы і сківіцы, – кажа Алесь. – Але ўспомніць, што адбылося, я не магу”.

“Прывялі ў камеру для пажыццёвазняволенных”

Потым Алеся этапавалі ў Жодзіна. Там на калідоры ўсім сказалі ўзяць рэчы і бегчы наперад. Абапірацца на сцену – нельга. Калі спазняўся – білі па нагах.

“Самае цяжкае – лесвічныя праёмы, – успамінае ён. – Калі бяжыш па прыступках, кружыцца галава, а спыняцца нельга. Так з намі бег двухметровы хлопец, яму цяжка было ўпісацца, і ён рассёк галаву – яго забрала хуткая”.

Потым Алеся чакаў сюрпрыз: яго завялі ў камеры, каторыя былі пабудаваныя для пажыццёвазняволеных.

“Металічныя дзверы, брудны стан, святло не выключаюць нават на ноч, вокны зашытыя металічнымі знічкамі, – так Талстыка апісвае ўмовы ў камеры. – Налічылі 3-4 віды тараканаў. Але аднойчы мяне пасадзілі ў карцар. Прызначылі старэйшым па камеры, а хлопец памыў свае адзідасаўскія красоўкі і ў пакецік наверх у кантэйнер паклаў. Яны сказалі, гэта беспарадак, і накіравалі старэйшага па камеры – мяне – у карцар. Там я сядзеў з псіхічна хворым чалавекам, ён крычаў і кідаўся на мяне. Я папрасіў прынесці кніжку, бо не вытрываю сам – прынеслі “Вядзьмара”.

Мужчына расказвае, што адносіны да арыштаваных залежылі ад змены: было і добрае стаўленне. Напрыклад, некаторыя перадавалі перадачы нават уначы, дазвалялі асцярожна паліць і нават частавалі цыгарэтамі і перадавалі шакалад для дзяўчат. Але ў той жа час калі прывезлі людзей пасля нядзельнай акцыі, на іх ездзілі на калідоры, чытаючы рэп.

“Мы налічылі іх шмат – каля 400 чалавек, – успамінае Алесь. – Людзей тады прывозілі ўсю ноч. Дарэчы, арыентаваліся ў часе мы па цягніках: адзін з вязняў ведаў расклад чыгункі на Жодзіна”.

А адзін прапаршчык забараняў Алесю карыстацца беларускай мовай. Казаў, што пакуль ён не навучыцца размаўляць на нармальнай мове, ніхто яго тут не пачуе.

“Аднойчы мы пачалі крычаць у камеры “Лукашэнку ў аўтазак”, – усміхаецца Талстыка. – Пасля гэтага нам у камеру запусцілі газ. Мы пачалі задыхацца, цеклі слёзы і соплі – усё, як і апісваюць. Напэўна, гадзіны дзве адыходзілі, таму што потым ужо змянілася смена, і нам нават адчынілі кармушку, каб крыху праветрыць, і дазволілі паліць у “хаце”.

Апошняе выпрабаванне актывіста чакала ўжо на выхадзе: на парозе расцілаюць бел-чырвона-белы сцяг, ідуць самі – і ты павінен.

“Пра ўсе катаванні я ўжо напісаў заяву ў Следчы камітэт, – кажа Алесь. – Вядома, я мог бы з’ехаць у любы момант, але я ўжо пажыў, аб’ездзіў паўсвета, а цяпер за дзяцей гатовы да любых рэпрэсій”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства