Суд за сарваную маску з сілавіка не адбыўся. Дзяўчыну абвясцілі ў вышук
КАРТКА ПРАЦЭСУСуд: Ленінскага раёна г. Мінска Абвінавачаная: Юлія Лушчэўская Артыкул: 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў або яго блізкіх у мэтах перашкоджання яго законнай дзейнасці або прымусу да змены характару гэтай дзейнасці альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці) Суддзя: Таццяна Шоцік Дзяржаўны абвінаваўца: Аляксандр Рамановіч |
Суд Ленінскага раёна Мінска прызначыў 12 лістапада разгляд крымінальнай справы паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) у дачыненні да Юліі Лушчэўскай за тое, што яна 11 верасня сарвала маску з супрацоўніка АМАПа каля будынка Мінаблсуда. Аднак суд прыйшлося перанесці на нявызначаны час — месцазнаходжанне Юліі Лушчаўскай невядомае. Верагодна, дзяўчына з'ехала з Беларусі. Суд абвясціў мінчанку ў вышук.
Нагадаем, 11 верасня мінчанка Юлія разам з іншымі людзьмі прыйшла да будынку суда падтрымаць прадстаўнікоў страйкавага "Беларуськалія". Кіраўніцтва прадпрыемства патрабавала прызнаць страйк незаконным. Прыехалі сілавікі і пачалі затрымліваць людзей проста перад судом. Пры затрыманні Юлія сарвала з сілавіка маску. Інцыдэнт трапіў на відэа. Суддзя Ленінскага суда Марына Запаснік аштрафавала Юлію за гэты выпадак па двух артыкулах КаАП: 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) на 50 базавых велічынь (1350 рублёў). Аднак пазней стала вядома, што на дзяўчыну распачалі яшчэ і крымінальную справу па артыкулу 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Юліі Лушчэўскай абралі меру стрымання — падпіска аб нявыездзе.
12 лістапада дзяўчына ў суд не з'явілася. Як паведамляе праваабаронца «Вясны» Аляксей Лойка, які ажыццяўляў маніторынг судовага працэсу, у судзе прымалася рашэнне аб магчымасці разгляду крымінальнай справы ў адсутнасць Лушчэўскай. Дзяржабвінаваўца Аляксандр Рамановіч заявіў, што суд неабходна адкласці да высвятлення месца знаходжання абвінавачанай.
Суддзя Таццяна Шоцік пастанавіла абвясціць Юлію Лушчаўскую ў вышук. Таксама яна прыняла рашэнне змяніць меру стрымання з падпіскі аб нявыездзе на ўтрыманне пад вартай. Гэта значыць, што пры затрыманні Лушчэўскую павінны адразу змясціць у СІЗА-1 і апавясціць суд.