Новыя "крыміналкі": дзяўчат вінавацяць у зрыванні маскі з міліцыянта і за малюнак на спецтэхніцы "Рубеж"
Юлію затрымалі 11 верасня каля будынку Менскага абласнога суду перад пачаткам працэсу супраць страйкаму «Беларуськалію», паведамляе Свабода.
У той дзень мянчанка Юлія разам зь іншымі людзьмі прыйшла да будынку суду падтрымаць прадстаўнікоў страйкаму «Беларуськалію». Кіраўніцтва прадпрыемства патрабавала прызнаць страйк незаконным. Прыехалі сілавікі і пачалі затрымліваць людзей проста перад судом. Гэтаксама затрымалі і Юлію.
На Юлію завялі крымінальную справу. Дзяўчына выйшла на свабоду, але ўжо заўтра, 15 верасьня, павінна зьявіцца на допыт.
«Сёньня Юлю вызвалілі, — сказала Свабодзе маці Юліі Алена. — Заўтра мы ідзем да сьледчага на допыт. На дачку завялі крымінальную справу паводле артыкула 364 (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў)». Будзем змагацца. Мы маем трох сьведак, якія былі там. Бачылі, што адбывалася. Яны гатовыя даваць паказаньні ў судзе».
Жанчына дадае, што сям’я Юліі працягвае шукаць і іншых сьведак, будуць удзячныя любой дапамозе.
«Малады чалавек Юліі пакуль знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна, — расказала Алена. — На яго крымінальнай справы не заводзілі, толькі адміністрацыйны пратакол. Але суду яшчэ не было».
У канцы жніўня МУС паведаміла, што ў Беларусі з пачатку жніўня завялі 141 крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікамі міліцыі, альбо пагрозу гвалту. Інфармацыі пра завядзеньне спраў па фактах гвалту над пратэстоўцамі і катаваньня іх пакуль няма.
Крымінальная справа таксама заведзеная на яшчэ адну дзяўчыну, якая якая размалявала сістэму «Рубеж».
Соню затрымалі 6 верасьня. Расказвае, што яе авінавачваюць па двух артыкулах КК — 339 «Хуліганства» і 342 «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Соня прызнае, што ўжывала ў выказваньні і нецэнзурныя словы.
Дзяўчына распавяла "Свабодзе", што першым затрымалі яе хлопца, які проста стаяў побач зь ёю. «Я стала скандаліць, каб забралі мяне замест яго, бо я ж усё рабіла, а ня ён. Але мяне ніхто не паслухаў».
Спачатку дзяўчына абвінавачвалася па артыкуле 339 КК РБ «Хуліганства» (пакараньне — ад грамадзкіх прац да пазбаўленьня волі да трох гадоў). Кажа, што літаральна два дні таму дадаўся яшчэ адзін артыкул, 342 — «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Па гэтым артыкуле максымальны тэрмін пакараньня — пазбаўленьне волі да шасьці гадоў. Раней Соня асуджаная не была.
За час зьняволеньня над Соняй адбыўся суд па адміністрацыйным правапарушэньні «Ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». «Далі 20 базавых», — кажа яна.
Цяпер сям’я Соні шукае адваката. У яе падпіска аб нявыезьдзе.
Сьледчы камітэт 11 верасьня паведаміў, што ў дачыненьні да 18-гадовай дзяўчыны, якая балёнчыкамі размалёўвала спэцсродак, заведзеная крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 «Хуліганства». Дзяўчына мае статус падазраванай.