Зварот праваабаронцаў да бізнэсу ў сувязі з крызісам з правамі чалавека ў Беларусі
Мінск, 5 лістапада 2020 года
9 жніўня 2020 года ў Рэспубліцы Беларусь прайшлі прэзідэнцкія выбары. Яны праходзілі ў беспрэцэдэнтнай атмасферы страху і запалохвання грамадства, на фоне рэпрэсій, якія пачаліся фактычна адразу пасля пачатку выбарчай кампаніі і не спыняюцца дагэтуль.
Выбарчая кампанія суправаджалася масавымі парушэннямі міжнародна-прававых абавязацельстваў Беларусі ў сферы правоў чалавека, Канстытуцыі, Выбарчага кодэкса, а таксама шматлікімі парушэннямі агульнапрызнаных стандартаў дэмакратычных выбараў АБСЕ. Абвешчаныя ўладамі вынікі выбараў не прызналі шэраг дзяржаў, у тым ліку ЗША, Канада, Вялікабрытанія і краіны Еўрапейскага Звязу. Дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на мірныя пратэсты – улады адрэагавалі неадэкватным ужываннем сілы і спецыяльных сродкаў, уключаючы светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі, вадамёты.
Мірныя пратэсты працягваюцца ўжо 3 месяцы. Яны суправаджаюцца масавымі адвольнымі затрыманнямі людзей (на сённяшні дзень затрымана больш за 17.000 чалавек), катаваннямі і бесчалавечным абыходжаннем з боку органаў аховы правапарадку. Не працуюць прававыя механізмы абароны парушаных правоў, адсутнічае справядлівы суд.
Як мінімум трое ўдзельнікаў пратэстаў загінулі ад непасрэдных дзеянняў сілавых структур. Беларускія праваабаронцы задакументавалі і перадалі ў міжнародныя органы больш за 500 выпадкаў катаванняў у дачыненні да затрыманых. Сотні скаргаў пададзеныя ў адпаведнасці з нацыянальнымі працэдурамі. Ні адзін з гэтых фактаў да гэтага часу не расследаваны.
На прадпрыемствах адбываюцца забастоўкі. Беларусы скарачаюць спажыванне тавараў бізнэсу, які парушае правы работнікаў і кліентаў або ўдзельнічае ў фінансаванні рэжыму.
Настолькі сістэмнага і маштабнага палітычнага крызісу і крызісу правоў чалавека Беларусь яшчэ не бачыла.
Улічваючы аўтарытарны характар беларускага рэжыму, як дзяржаўны, так і прыватны бізнес знаходзяцца ў высокай ступені залежнасці ад улады. Дзяржаўныя прадпрыемствы цалкам афіляваныя з уладай, прыватны бізнес у большасці сваім падвяргаецца празмернаму кантролю і знаходзіцца пад ціскам дзяржавы. У сілу гэтых прычын у бягучай сітуацыі дзяржава выкарыстоўвае бізнэс як элемент механізму рэпрэсій для аказання ціску на палітычных апанентаў і людзей, якія актыўна выказваюць грамадзянскую пазіцыю. Улады душаць забастовачныя рухі на дзяржаўных прадпрыемствах, звальняючы актывістаў і выкарыстоўваючы сілавыя структуры, пераследуюць і закрываюць прыватныя кампаніі, якія прыпынялі працу ў знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў.
У ходзе выбарчай кампаніі і мірных пратэстаў з дапамогай залежнага бізнесу аказваўся ціск на людзей у наступных асноўных формах:
- шматлікія ўмяшанні кіраўніцтва прадпрыемстваў у рэалізацыю выбарчых правоў работнікаў (у прыватнасці, прымус да датэрміновага галасавання);
- дыскрымінацыя, пастаянныя і масавыя запалохванні і пагрозы звальнення, фактычнае звальненне, адкладзенае непадаўжэнне кантрактаў, пазбаўленне прэмій і іншыя формы пераследу (у тым ліку і псіхалагічны ціск);
- жорсткае падаўленне адміністрацыяй прадпрыемстваў (часта з прыцягненнем сілавікоў) любых спробаў звярнуцца да забастовак і акцыяў пратэсту на працоўных месцах;
- арганізацыя прымусовага ўдзелу работнікаў у акцыях падтрымкі існуючага рэжыму пад пагрозай звальнення альбо негатыўных наступстваў.
Такія формы ціску на работнікаў сталі магчымымі з-за раней уведзенага рэжыму тэрміновых працоўных кантрактаў, а таксама сістэмнага ціску на незалежныя прафсаюзы і іх актывістаў.
Пагроза падвергнуцца ціску змушае бізнес выконваць патрабаванні ўладаў, а таксама дапускаць дзеянні, якія супярэчаць правам чалавека не толькі ў дачыненні да работнікаў, але і ў дачыненні да кліентаў і мясцовай супольнасці: напрыклад, гандлёвыя цэнтры, кафэ і рэстараны зачынялі дзверы перад людзьмі, якія ратаваліся ад адвольнага пераследу сілавікоў.
У абставінах, якія склаліся, любая кампанія, якая працуе сёння ў Беларусі або мае бізнэс-сувязі з беларускімі партнёрамі, як дзяржаўнымі, так і прыватнымі, мае рызыкі стаць датычнай да парушэнняў агульнапрызнаных правоў чалавека (наўпроставым або ўскосным) і ўласных абавязанняў належнай абачлівасці, а ў выніку панесці рэпутацыйныя і фінансавыя страты.
Мяркуем важным нагадаць аб стандарце чаканых ад бізнэсу паводзін, сфармаваным на базе Кіруючых прынцыпаў па правах чалавека ў кантэксце прадпрымальніцкай дзейнасці ААН 2011 года, які прызнаны і імплементаваны ў правілы і стандарты Глабальнага дагавора ААН, МАП, АЭСР, Сусветнага банка, МФК, ЕБРР, праграмныя дакументы ЕС і Савета Еўропы, у нацыянальнае заканадаўства шэрагу дзяржаў-членаў ЕС, а таксама ў карпаратыўныя палітыкі многіх транснацыянальных кампаній і ўжываецца як стандарт паводзін для іх саміх, а таксама для іх рэгіянальных і краінавых прадстаўніцтваў, для іх партнёраў і ланцугоў паставак.
Кіруючыся названым стандартам, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, падкрэсліваючы зацікаўленасць жыхароў нашай краіны ў прыцягненні інвестыцый і максімальным развіцці эканамічных сувязяў, заклікаем кампаніі:
Неадкладна:
- Публічна выступіць супраць гвалту і парушэнняў правоў чалавека падчас выбарчай кампаніі і мірных пратэстаў-2020 у Беларусі.
- Давесці да ведама сваіх беларускіх партнёраў непрымальнасць у рамках вашых партнёрскіх адносін дзеянняў, якія парушаюць правы чалавека, у тым ліку і любога пераследу за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі (як у дачыненні да работнікаў, так і ў дачыненні да кліентаў), паколькі гэта можа запатрабаваць спынення кантрактаў.
У далейшым:
- Надаваць асаблівую ўвагу належнай абачлівасці (due diligence) у кантэксце ацэнкі рызык у сферы правоў чалавека. Улічваць, што справаздачы большасці беларускіх кампаній аб КСА ці іншая нефінансавая справаздачнасць не даюць магчымасці ацаніць такія рызыкі.
- Адлюстроўваць факты парушэнняў беларускім партнёрам правоў чалавека і меры па пераадоленні такіх рызык у сваёй нефінансавай справаздачнасці і патрабаваць ад беларускіх партнёраў таго ж. Пры наяўнасці парушэнняў правоў чалавека з боку патэнцыйнага або фактычнага беларускага партнёра планаваць працяг і развіццё партнёрства абавязкова з улікам прыняцця мер для прадухілення або мінімізацыі шкоды ад такіх парушэнняў.
- Улічваць недастатковае замацаванне ў беларускім заканадаўстве некаторых палажэнняў стандартаў правоў чалавека, напрыклад, у галіне роўнасці і недыскрымінацыі, правоў прафсаюзаў, забастовак (падрабязней гл. краінавае Кіраўніцтва па бізнесе і правах чалавека ў Беларусі). У сувязі з гэтым важна ўжываць для рэгулявання ў гэтай частцы становішча сваіх карпаратыўных палітык, распрацаваных на аснове агульнапрызнаных стандартаў правоў чалавека, і патрабаваць таго ж ад сваіх беларускіх партнёраў.
- Укараняць ўнутрыкарпаратыўныя механізмы скаргаў і аднаўлення парушаных правоў, паколькі, у сілу залежнасці ад улады, суды дэманструюць няздольнасць да справядлівага разгляду ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека. Важна забяспечыць доступ да сваіх карпаратыўных сродках прававой абароны для ахвяр парушэнняў правоў чалавека (як работнікаў, так і кліентаў, і мясцовай супольнасці).
- Прасоўваць сярод беларускіх партнёраў разуменне таго, што для сучаснага бізнесу рэпутацыйныя рызыкі ад партнёрства з прадпрыемствам-парушальнікам правоў чалавека могуць нашмат перавышаць рызыкі, напрыклад, нерытмічных паставак па кантрактах.
Пад дадзеным зваротам на дадзены момант падпісаліся наступныя праваабарончыя арганізацыі:
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
Праваабарончы цэнтр "Вясна”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта”;
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі;
Простае таварыства "Ініцыятыва FORB”;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
Зварот падтрымала Асацыяцыя прафсаюзаў "Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў", сябра Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, у якую ўваходзяць:
Беларускі незалежны прафсаюз (БНП);
Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ);
Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ);
Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).
Зварот адкрыты для падпісання арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, якія падзяляюць каштоўнасці правоў чалавека. Для таго, каб далучыцца да звароту пішыце на office@belhelcom.org