viasna on patreon

Сябры Бундэстагу сталі "хроснымі" палітвязняў Уладзіслава Еўсцігнеева, Міхаіла Жамчужнага і Уладзіслава Карэцкага Фота

2020 2020-11-04T15:13:46+0300 2020-11-04T15:14:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gisela-manderla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco — Партнёрства за правы чалавека”, дэпутаты Бундэстага Саскія Эскен (СПДГ), Гізела Мадэрла (ХДС) і Герхард Цыкенхайнер (Бюндніс90/Зялёныя) сталі новымі “хроснымі” яшчэ трох беларускіх палітвязняў: Уладзіслава Еўсцігнеева, Міхаіла Жамчужнага і Уладзіслава Карэцкага.

Лідарка СДПГ Саскія Эскен стала “хроснай” палітвязня з Маладзечна Уладзіслава Еўсцігнеева. Уладзіслаў Еўсцігнееў быў асуджаны 29 верасня да 3 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яго абвінавацілі ў жорсткім супраціве міліцыі падчас арышту мірных дэманстрантаў на мітынгу, які адбыўся 19 чэрвеня ў Маладзечане.

saskia_esken.jpg
Лідарка СДПГ Саскія Эскен

Саскія Эскен сказала:

“Пратэст людзей за большую дэмакратыю і свабоду ў Беларусі нязменны і разнастайны. Ён праходзіць на вуліцах, ва ўніверсітэтах і на заводах. Жанчыны і мужчыны, маладыя і старыя выступаюць за перамены па ўсёй краіне. Адзін з іх — 25-гадовы Уладзіслаў Еўсцігнееў з горада Маладзечна, які быў затрыманы падчас мірнай дэманстрацыі ў чэрвені, збіты сілавікамі і асуджаны на больш чым тры гады пазбаўлення волі. Я заклікаю да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. За незвычайную мужнасць і перакананасць дэмакраты ў Беларусі былі ўзнагароджаны ў гэтым годзе прэміяй Еўрапейскага парламента імя Сахарава, што цалкам заслужана”.

Сябра Камітэта па замежных справах Бундэстага Гізела Мадэрла падтрымала Міхаіла Жамчужнага. Палітвязня Міхаіла Жамчужнага 10 ліпеня 2015 года асудзілі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму. 

gisela-manderla.jpg
Сябра Камітэта па замежных справах Бундэстага Гізела Мадэрла

Сябра Камітэта па замежных справах Бундэстага Гізела Мадэрла заявіла:

“Я патрабую неадкладнага вызвалення палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Спадар Жамчужны — праваабаронца, які быў асуджаны на шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў 2015 годзе. Там ён пакутуе ў непрымальных умовах і пастаянна падвяргаецца гвалту і ціску. Я заклікаю беларускі рэжым неадкладна вызваліць яго”.

Герхард Цыкенхайнер, сябра Камітэта па справах Еўрапейскага Саюза ў Бундэстагу, узяў на сябе абавязак “хроснага” Уладзіслава Карэцкага. Палітвязень з'яўляўся валанцёрам у перадвыбарным штабе кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Яму прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("арганізацыя масавых беспарадкаў") і ён утрымліваецца ў турме КДБ.

gerhard-zickenheiner.jpg
Герхард Цыкенхайнер, сябра Камітэта па справах Еўрапейскага Саюза ў Бундэстагу

Герхард Цыкенхайнер сказаў:

“Маю вялікую павагу да ўсіх тых мужных людзей у Беларусі, якіх не палохаюць расправы, гвалт і дзяржаўны тэрор рэжыму Лукашэнкі і якія ўжо шмат тыдняў выходзяць на вуліцы за дэмакратыю, свабоду і свабодныя выбары. Я заклікаю неадкладна спыніць гвалт і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі. Адзін з іх — Уладзіслаў Карэцкі, якога я “ўсынавіў” дзякуючы арганізацыі Libereco. Як і многія дэманстранты, ён быў арыштаваны неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў — хаця артыкул 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прама гарантуе свабоду сходаў. Я хацеў бы выказаць сваю салідарнасць з грамадзянскай супольнасцю і палітычнымі зняволенымі ў Беларусі: мы з вамі, вы не самотныя!”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства