viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Піянеры, акцябраты…

2020 2020-03-03T10:05:18+0300 2020-03-03T10:26:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pianery-belarus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота: Bymedianet

Ілюстрацыйнае фота: Bymedianet

З пачаткам  вучобы дзяцей у школе, мы з жонкай неяк нечакана для сабе сутыкнуліся з праявамі нашай дзяржаўнай ідэалагічнай машыны. Пакуль старэйшы сын навучаўся ў пачатковых класах у вядомай мінскай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання, з такой праблемай нам сутыкацца не прыходзілася. Але вось калі нашая малодшая дачка пайшла ў пачатковую школу, якая знаходзіцца проста насупраць нашага дома, сітуацыя змянілася. І я, як аказалася, быў не зусім да гэтага гатовы і падрыхтаваны.

Не, праблема не ў тым, што ўсіх дзяцей гвалтам, без дазволу бацькоў, заганяюць у піянерскія і акцябрацкія арганізацыі. Такога ідэалагічнага прэсінгу і прамыўкі мазгоў камуністычнай ідэялогіяй з самага юнага ўзросту, як у нашым савецкім дзяцінстве, зараз  няма.  Усё робіцца мякчэй і ў бацькоў заўсёды ёсць магчымасць адмовіцца ад сяброўства свайго дзіцяці ў такога кшталту арганізацыях. Закон тут на баку бацькоў, паколькі сяброўства дзяцей у  грамадскіх аб’яднаннях магчыма толькі з пісьмовай згоды бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў.  Але праблема ідэалагізацыі і палітызацыі навучальнага працэсу ў Беларусі ад гэтага менш актуальнай не робіцца.

Ва ўсіх школах краіны дзейнічаюць акцябрацкія і піянерскія арганізацыі. Яны праводзяць актыўную працу сярод школьнікаў, рыхтуючы іх да сяброўства ў іншай, больш “дарослай”, масавай моладзевай арганізацыі – БРСМ. Той самай арганізацыі, якая называе сабе спадкаеміцай “слаўных традыцый” ВЛКСМ, таго самага ленінскага камуністычнага саюза моладзі, памятнага ўсім нам з часоў СССР. І вось хто скажа мне, што гэта не палітыка? БРСМ адна з асноваў існуючага палітычнага рэжыму А. Лукашэнкі. Адкрыйце сайт гэтых “нова-камсамольцаў”, вы ўбачыце, што піянеры і акцябраты з’яўляюцца спецыяльнымі праграмамі БРСМ. Прычым у працэсе рэкруцінгу новых акцябрат, піянераў і БРСМаўцаў задзейнічаны настаўнікі, дырэктары школ, выкладчыкі і рэкатары ВНУ, ідэалагічныя супрацоўнікі мясцовых ораганаў улады. Гэта сапраўдная дзяржаўная ідэалагічная машына.

Маленькім дзеткам распавядаюць што сяброўства ў акцябратах патрэбная для таго, каб “рабіць добрыя справы”, каб “клас быў больш дружны і згуртаваны”, а самых лепшых вучняў прымуць у Акцябраты самымі першымі. Пытаць дазволу бацькоў пры гэтым неяк ніхто і не думае, бо ўсё само сабой разумеецца. Якія тут могуць быць фармальнасці і пытанні? Маўляў гэта ж усё не палітыка: “акцябрата - вясёлыя рабята!” Усім дадуць акцябрацкі значык, які вельмі нагадвае піянерскія значыкі савецкіх часоў. Наогул ўся эстэтыка, назвы, колеры – усё адтуль, з нашага камуністычнага мінулага.

Аляксандр Рыгоравіч, які прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе,  нездарма абапіраўся менавіта на гэтыя мілыя ягонаму  сэрцу рудыменты мінулага. Піянеры, акцябраты, аднаўленне святкавання Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада, перанос святкавання Дня незалежнасці на 3 ліпеня, замена нацыянальнай дзяржаўнай сімволікі на сімволіку БССР, стварэнне ідэалагічнай вертыкалі.  Вяртанне ў гэты савецкі сімвалізм было надзвычай важна для Лукашэнкі, паколькі дапамагала атрымаць падтрымку кансерватыўнай савецкай большасці.

За апошнія гады сітуацыя ў грамадстве, у краіне і вакол нас змянілася. Усё далей і далей мы зыходзім ад часоў СССР. Вырасла цэлае пакаленне моладзі, якое ўжо не ведае і не памятае што гэта такое, а  дзеці не ведаюць, хто такі дзядуля Ленін. Беларусь перажывае свой, няхай і павольны, шлях дэкамунізацыі. Савецкі сімвалізм губляе сакральную сілу. Праз нейкі час шматлікія помнікі Леніну будуць нагадваць каменных істуканаў на выспе Пасхі ў Ціхім акіяне. Мала хто будзе памятаць, што гэта за помнікі, каму і чаму яны былі ў свой час усталяваныя.

Аднак непаваротлівая, няўклюдная дзяржаўная ідэалагічная машына, якая не паспявае перабудавацца пад сучасныя рэаліі жыцця, па інэрцыі працягвае каціцца з горкі 1994 года.  У  сучасным сусветным кантэксце 21-га стагоддзя ўсе гэтыя піянеры з акцябратамі выглядаюць як поўны атавізм. Я ўжо не кажу, што ідэя выхавання беларускага патрыятызму на такім вось савецка-камуністычным экстракце выглядае проста ўтапічнай. На такіх замшэлых, фармалісцкіх формах нельга выхаваць адказнага грамадзяніна, здольнага  да салідарнасці, да адказнасці за сваё жыццё, да крытычнага стаўлення і самастойнага мыслення. Я, як чалавек ліберальных поглядаў, наогул з’яўляюся  прыхільнікам як мага найменшай прысутнасці дзяржавы ў прыватным жыцці. Я лічу, што ў школе і ВНУ найперш павінны дбаць пра добрую адукацыю, а выхаванне дзяцей павінна заставацца клопатам сям’і.

Але самае сумнае, што ў класе маё дачкі толькі нашая сям’я адмовілася ад навязлівых прапановаў. Прычым большасць бацькоў аднакласнікаў людзі значна больш маладзейшыя за мяне, у асноўным  каля 30-ці гадоў. Яны пайшлі ў першы клас ужо пасля распаду СССР і не павінны мець настальгіі па шчаслівым савецкім піянерскім дзяцінстве. Хіба іхныя бацькі ім распавялі, што быць акцябронкам і піянерам было вельмі весела і прыкольна. Ну там “зарніцы”, паходы, піянерскія лагеры…весела ж было.

 А можа гэта проста звыклы беларускі канфармізм? Ну што такога, ну папрасіла класная кіраўнічка ўступіць, не псаваць жа з ёй з-за гэтага адносіны. Мала ці што?  І так паўсюль: схадзіць на “выбары”, сабраць подпісы  за любімага начальніка, прыйсці на “добраахвотны” рэспубліканскі ці мясцовы суботнік. Адвечная беларуская дуля ў кішэні, якая  ў выніку часта апынаецца ля ўласнага носу.

І вось як растлумачыць усе гэтыя складаныя рэчы 9-ці гадоваму дзіцяці? Якія словы знайсці, якія аргументы? Распавесці трагічную сямейную гісторыю пра рэпрэсаванага і растралянага камуністамі ў 1937 годзе ейнага пра-пра-дзеда, доктара  беларускай чыгункі Адама Валахановіча? Пра растралянага ў 1942 годзе савецкімі партызанамі яшчэ аднаго пра-пра-дзеда, настаўніка Уладзіміра Заброцкага?

А дзецям хочацца быць разам з класам, разам з сябрамі, атрымаць прыгожы значык, як ва ўсіх, прымаць разам з усімі ўдзел у розных школьных святах. Вось і мая дачка сказала мне, што вельмі хоча быць акцябронкам, каб “рабіць добрыя справы”.

Я паспрабую растлумачыць ёй, што добрыя справы можна рабіць і без сяброўства ў  такіх  арганізацыях. Па ўласным і шчырым пакліканні.

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства