viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Валянцін Стэфановіч. «Павел Ізотавіч і ягоны «Сливной Бачок»». Фельетон

2013 2013-08-23T16:20:20+0300 2016-09-07T16:28:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_svaboda.org.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч (фота svaboda.org)

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч (фота svaboda.org)

У чарговы раз парадавала на гэтым тыдні газета «Советская Белоруссия» публікацыяй пра «лісты ў ЦРУ» Андрэя Гайдукова, разгляд крымінальнай справы якога па абвінавачванні, ні многа ні мала, у здрадзе дзяржаве не так даўно адбываўся ў закрытым рэжыме ў Віцебскім абласным судзе.

Цудоўна, Павел Ізотавіч, дальбог, бліскуча! Ваш «Сливной Бачок» як заўсёды аказаўся на патрэбнай вышыні і галоўнае – у патрэбны час. Столькі сакрэтнасці было вакол гэтага «здрадніка Радзімы» Гайдукова: і справа ў закрытым рэжыме слухалася, і падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы ва ўдзельнікаў працэсу, у тым ліку ў адваката, браліся. І нічога, што прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу, а касацыйная скарга яшчэ не была разгледжаная ў Вярхоўным судзе. Павел Ізотавіч са сваім «Сливным Бачком» ужо на месцы - інфармуе чытача! Прычым з «дакладных» і пры гэтым «невядомых» крыніц, што характэрна.

Дык не першы раз так, скажаце вы, паважаныя чытачы, не першы раз!
Памятаецца мне, пасля 19 снежня 2010 года Сам Галоўны загадаў апублікаваць матэрыялы расследавання па падзеях каля Дома ўрада. Што само па сабе таксама, вядома, характэрна ў частцы незалежнасці органаў следства, судоў, усялякіх там прынцыпаў прэзумпцыі невінаватасці і ўсялякай іншай буржуінскай гадасці. Павел Ізотавіч са «Сливным Бачком» тут як тут, на зыходнай пазіцыі, так бы мовіць. Больш захапляльнага чытва даўно не пачытваў.

Павел Ізотавіч, самі пастараліся? Не, ну шчыра, вельмі нават ...
Вам пасля гэтага прамая дарога ў Саюз пісьменнікаў таварыша Чаргінца. Асабліва цікава аб затрыманай на ўкраінска-беларускай мяжы партыі баявых рагатак спадабалася, ну і пра арсенал зброі ў адным з гаражоў Малінаўкі. Я пра гэта яшчэ потым па тэліку глядзеў. Толькі штосці потым у крымінальных справах па «масавых беспарадках» ні зброі, ні рагатак ... Ды і наогул у газеце пра змову з мэтай звяржэння дзяржаўнай улады гаварылася, а тут нейкія беспарадкі, хай і масавыя. Яны там што, ці газет не чытаюць? Там жа яшчэ да суда спісы з прозвішчамі і адрасамі «пагромшчыкаў» і «змоўшчыкаў» былі ўказаны - прыходзь, бяры цёпленькімі!

Там жа і фота распісак аб кампенсацыях штрафаў і аплатах адвакатаў, адзнятыя кімсьці (я нават ведаю кім) на офісе "Вясны" былі размешчаны. Праўда, вось у матэрыялах крымінальнай справы Алеся Бяляцкага іх таксама чамусьці не аказалася. А навошта яны там? Бо задачай суда і следства было паказаць, што Алесь нібыта прысвоіў грошы фондаў, а тут распіскі канкрэтных людзей аб атрыманні дапамогі. Не, такога ў справе быць не павінна, усю карціну ламаюць. А вось у «Сливном Бачке» нармальна. Так, Ізотыч?

Так, добра ў вас атрымліваецца, суперфасфатны вы наш! Прафесійна! Як казаў мой глускі прыяцель, а цяпер жыхар Хайфы - поўны «халеймас» (з ідыш азначае... ды вы і самі ведаеце, што азначае). Так трымаць!

Валянцін Стэфановіч

Спецыяльна для сайта www.spring96.org

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства