Калі не працуюць прававыя мэханізмы

2016 2016-06-14T18:48:55+0300 2016-06-14T18:48:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malunak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напісаньне гэтага паста супала зь першымі затрыманьнямі па справе зь лямпачкамі з фарбай у будынак Белтэлерадыёкампаніі 9 чэрвеня. Адразу хачу патлумачыць, што ні ў ніякім разе не апраўдваю чужыя агрэсіўныя дзеяньні, не заахвочваю да “фарбавай” альбо гвалтоўнай формы пратэсту. Але вось мой сацыяльна-прававы аналіз, чаму адносна прычынаў менавіта такіх пратэстных формаў.

Прыгадваецца інцыдэнт у 2011 годзе, калі хтосьці кінуў Кактэйль Молатава (зараз крыміналізаваны) у будынак Дома правасудзьдзя ў Менску. За яго так нікога і не асудзілі, як мне вядома.

Што матывавала людзей тады кінуць кактэль? Чаму менавіта яго і менавіта туды?.. Канешне, ёсьць асобныя сацыяльныя групы, для якіх такая мадэль паводзінаў і адстойваньня свайго ёсьць “норма”. Але вось яшчэ адна сьвежая гісторыя: малады чалавек П. толькі пачаў займацца грамадзкай дзейнасьцю, схадзіў на мірную акцыю, атрымаў пратакол, суд і штраф (сучасны стандартны набор актывіста), але для яго гэта было нечаканасьцю і новым пластом сацыяльнай рэчаіснасьці. Ён быў да глыбіні душы ўражаны гэтай несправядлівасьцю ў дачыненьні да сябе, спрабаваў спасылацца на канстытуцыю і самастойна пісаць скаргі, але па выніку прыйшоў да нас, і мы пачалі дапамагаць яму ў юрыдычным суправаджэньні абскарджаньня.

Я заўжды шчыра папярэджваю людзей: верагоднасьць адстаяць справядлівасьць праз суд у такіх выпадках вельмі маленькая, каля 2-3%. Вось і П. зноў зьдзівіўся і пад канец майго аповеду спытаў “а што ж рабіць?”. Мне на гэта застаецца толькі разводзіць рукамі і распавядаць пра нашыя намаганьні па зьмене закона аб масавых мерапрыемствах, але гэта ўсё складана і мае доўгатэрміновую пэрспэктыву.

Ёсць частка людзей, якія вельмі глыбока ўспрымаюць тую прававую несправядлівасьць, якая зь імі адбываецца. Малады чалавек П. хоча, але ня мае магчымасьці легальна адстаяць сваю праўду, бо суды слухаюць міліцыю, вышэйшы суд верыць ніжэйшаму, а меркаваньня Камітэта па правах чалавека чакаць 3 гады, каб потым Беларусь яго праігнаравала…

Пры гэтым сама ж Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе п.3 арт.2 кажа:

“Кожная Дзяржава-ўдзельніца гэтага Пакта абавязуецца:

  1. a) забясьпечыць любой асобе, правы і свабоды якой, прызнаныя ў гэтым Пакце, парушаны, эфэктыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэньне было зьдзейсьнена асобамі, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці…”

Права, і правы чалавека ў прыватнасьці, былі распрацаваныя як мэханізм легальнага, мірнага і канструктыўнага змаганьня за справядлівасьць, як альтэрнатыва сілавому мэтаду і “праўды сілы”. У пацверджанне звернемся да цытаты з Прэамбулы да Усеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека:

“…прымаючы пад увагу, што неабходна, каб правы чалавека ахоўвалiся ўладай закону з мэтай забесьпячэньня таго, каб чалавек не быў вымушаны ўжываць, у якасьці апошняга сродку, паўстаньня супроць тыранii i прыгнечаньня…”.

Таму я б прапанавала замест увядзеньня крымінальнай адказнасьці за Кактэйль Молатава наладзіць эфэктыўныя прававыя мэханізмы (незалежны суд, які кіруецца міжнароднымі нормамі, самастойная пракуратура і г.д.), каб не ўзьнікала нагодаў для такіх формаў пратэстаў.

Наста Лойка

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” з 2010 года, удзельніца Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху. Магістр Еўрапейскага і міжнароднага права. Профільныя тэмы: палітвязьні, адвольныя затрыманьні, мірныя сходы, грамадзкі кантроль, асьвета й адукацыя ў галіне правоў чалавека. Шмат што з праваабарончай дзейнасьці застаецца “за кадрам”: не пра ўсё пішуць у навінах, не пра ўсё могуць спытаць журналісты. Мой блёг ськіраваны на асьвятленьне асобных тэмаў у галіне правоў чалавека, у чым я зыходжу з уласнага досьведу й меркаваньня.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства