viasna on patreon

Блог Насты Лойкі: Я ня ведаю, як з гэтым жыць

2015 2015-08-03T18:50:45+0300 2015-08-03T18:50:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/martin-talks-with-ghafur-khalil-from-afghanistan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: mirror.co.uk

Фота: mirror.co.uk

Табе не асабліва пашанцавала: ты нарадзіўся ў Аўганістане. На тваёй Радзіме мясцовая “самаабарона” называецца Талібы. Яны беспакарана гвалцяць тваю сястру, забіваюць тваіх бацькоў, перарэзваюць горла твайму сябру з мясцовай НКА, вярбуюць пагрозамі цябе, пераўтвараюць цябе ў камок страху і недаверу…

Аднойчы ты знаходзіш у сабе мужнасьць штосьці зьмяніць. Ты зьбіраеш рэчы і едзеш шукаць лепшай долі. Зрубаеш карані, але жывеш надзеяй, што недзе ты будзеш жыць ня ў страху, але ў шчасьці.

Едзеш ты на паўночны захад, туды, дзе па чутках, людзі жывуць. Жывуць як людзі. І без Талібаў.

Ты даяжджаеш толькі да Беларусі, таму што мяжа з ЭЗ абнесеная мурам, але ты рады і гэтаму.

Спачатку цябе пратрымаюць некалькі месяцаў на ЦІПе. Надзея прытупіцца, але ня будзеш жа вяртацца ў краіну жахаў? Нехта на трэці месяц табе, нарэшце, кажа, што можна падаць на статус бежанца. Ты пішаш заяву - і о цуд! Твайго сукамэрніка-земляка пакідаюць, а цябе выпускаюць на волю, для чаканьня разгляду. Табе даюць 180 000 (ты ж бежанец і ў цябе нічога няма). За гэтыя грошы ты павінен знайсьці месца жыхарства і зарэгістравацца ў АгіМе, заплаціўшы пошліну ўдвая большую. АгіМ табе выпіша часовы дазвол на жыхарства, на 3 ці 6 месяцаў. Але з такім пашпартам, бяз мовы, цябе ніхто ня возьме на працу. Ты будзеш перабівацца часовымі прыстанішчамі, падпрацоўкамі, харчавацца пераважна гарбатай і радавацца, што ты хоць безь дзяцей, а тое ў Д. сям’я і трое дзяцей, галодных і халодных.

Потым табе прыйдзе адказ з Дэпартамэнту пра тое, што забітыя бацькі – ня доказ пагрозы табе. Валі назад. І квіток сам набудзь. Што???

Цябе зноў пасадзяць на ЦІП, калі ты ня будзеш афіцыйна жыць па месцы часовай рэгістрацыі. Вас жыве там 10, але грошай на жытло ўсё роўна няма, бо ўсе такія ж, як ты… А на ЦІПе цяжка выжыць ад кепcкай ежы, антысанітарыі, і зьдзекі дзяжурных…

У Чырвонага крыжа нічога няма для цябе. Пару добрых дзяўчын, чый тэлефон падкінулі землякі, могуць толькі дапамагчы з юрыдычнымі працэдурамі й абскарджаньнем. А УВКБ да гэтага абяцаў, што з тваімі дакумэнтамі статус бежанца ўжо ў кішэні, але… але і свой статус УВКБ не дае: “Жэнева адмовіла”…

Нас такіх сотні.

Можа, варта было памерці на Радзіме? Ці не нараджацца?

Калі б я апынуўся на 300 км заходней, я б прынамсі не галадаў. І статус атрымаў бы. Можа, проста там усё ж нешта чулі пра чалавечую годнасьць? І больш давяраюць людзям? Але мне пра гэта ўжо не даведацца…

Наста Лойка

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” з 2010 года, удзельніца Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху. Магістр Еўрапейскага і міжнароднага права. Профільныя тэмы: палітвязьні, адвольныя затрыманьні, мірныя сходы, грамадзкі кантроль, асьвета й адукацыя ў галіне правоў чалавека. Шмат што з праваабарончай дзейнасьці застаецца “за кадрам”: не пра ўсё пішуць у навінах, не пра ўсё могуць спытаць журналісты. Мой блёг ськіраваны на асьвятленьне асобных тэмаў у галіне правоў чалавека, у чым я зыходжу з уласнага досьведу й меркаваньня.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства