Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXX. ПЛАН КЭДЭБІСТАЎ
Між тым мая крымінальная справа даволі хутка, як па турэмных мерках, кацілася далей. 23 верасьня Касынкіна прад’явіла мне абвінавачваньне па артыкуле 243 частцы 2 Крымінальнага кодэксу, і я пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы. Артыкул гэты гучаў так: “Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў шляхам утойваньня, наўмыснага заніжэньня падатковай базы, у тым ліку праз ўхіленьне ад прадстаўленьня падатковай дэкларацыі (разьліку) або ўнясеньня ў яе заведама ілжывых звестак, што пацягнула прычыненьне страты ў асабліва буйным памеры”. Адным словам – падаткі.
Пакараньне па гэтым артыкуле – гумовае: да пяці гадоў “хіміі” бяз ніжняй мяжы; ці ад трох да сямі гадоў калоніі з канфіскацыяй. Валодзя, пакапаўшыся ў сваёй памяці, сказаў, што ня памятае, каб хоць хтосьці з такім артыкулам ехаў на зону.
– Паедзеш, Алесь, на “хімію” шараёбіцца, – аўтарытэтна заявіў ён.
Ды і сама Касынкіна, відаць, па ўказаньні “куратараў” прамацвала мяне, спрабавала намякнуць, што могуць быць розныя шляхі разгляду крымінальнай справы ў судзе. У апошнім пратаколе допыту я запісаў:
“Па патрабаваньні сьледчага ўказваю наступнае: у выпадку прызначэньня пакараньня ніжэй ніжэйшай мяжы – у выглядзе папраўчых працаў, з адбыцьцём пакараньня не па месцы жыхарства – ня згодны”.
30 верасьня, праз два месяцы пасьля ўзбуджэньня крымінальнай справы, Касынкіна, фактычна з маёй згоды, скончыла сьледзтва і перадала справу пракурору. Выклікала мяне перад гэтым на допыт і патлумачыла, што ня хоча працягваць сьледзтва яшчэ на месяц. І мяне атмасфера Валадаркі, чатырох сьценаў нашай бетоннай нары, пачала ўжо прыгнятаць, таму я не супраціўляўся. А дарма! Мог жа пацягнуць час, працягваць нясьпешна знаёміцца са справай. Але было лёгкадумнае спадзяваньне на “хімію”. Спадзяваўся, што тамака ўсё ж і кантактаў было б болей, і сьвежага паветра дасхочу.
Пазьней ужо я зразумеў, што перабыць яшчэ зь месяц-два, а то і тры месяцы, калі пастарацца, на Валадарцы – было б слушным рашэньнем. На зоне, у бабруйскай калоніі, я яшчэ ня раз з цеплынёй буду ўзгадваць валадарскае жыцьцё: гэта вольнае валяньне на шконках, адсутнасьць строгага рэжыму і пастаяннага ціску. Здавалася, такая простая зэкаўская навука – ня гнаць коней, даецца толькі з асабіста нажытым турэмным вопытам.
5 кастрычніка справа з пракуратуры паступіла ў суд Першамайскага раёну. Суддзя Тамара Высоцкая, старшыня суда, працягнула мне тэрмін утрыманьня пад вартай да 5 лістапада. 19 кастрычніка суддзём Сяргеем Бандарэнкам быў прызначаны тэрмін судовага разьбіральніцтва на 2 лістапада. Ён жа 28 кастрычніка працягнуў тэрмін утрыманьня пад вартаю да 5 сьнежня. Стала зразумела, што маю справу плануюць скончыць да канца году. У апошнія тыдні перад судом я закінуў ангельскую мову, перастаў чытаць кніжкі, а пачаў днямі рыхтавацца да суду.
Некалькі дзён я знаёміўся з справай. Усяго Касынкіна з сьледчай групай назьбіралі шэсьць тамоў розных папераў. Апошнія два тамы былі запоўненыя сотнямі паручальніцтваў розных людзей, усе яны былі адхіленыя. Затым – пратаколы допытаў: мяне, маіх калегаў зь “Вясны”, сьведкаў абвінавачваньня з падаткавай інспекцыі, з нацыянальнага банку і дэпартаменту па гуманітарнай дзейнасьці.
Мяне найбольш уразілі дакументы, зь якіх пачыналася справа. Я пачаў перапісваць некаторыя зь іх. Перапісваньне ішло павольна, і я папрасіў адваката, каб ён скапіяваў патрэбныя старонкі і перадаў іх мне, што ён і зрабіў. Я паведаміў Касынкінай, што са справай азнаёмлены. Зараз я мог спакойна вывучаць гэтыя дакументы ў камеры, лежачы на шконцы і робячы сабе неабходныя выпіскі для суду.
Я з цікавасьцю і са зьдзіўленьнем чытаў, як 3 лістапада 2010 года, яшчэ за паўтары месяцы да выбараў, першы намесьнік старшыні КДБ генерал Віктар Вегера зьвярнуўся да намесьніка генеральнага пракурора Андрэя Шведа з афіцыйным лістом, у якім паведаміў:
Шаноўны Андрэй Іванавіч,
28.10.2010 у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі паступіла ананімная заява (АН-1776 ад 28.10.2010) пра тое, што прадстаўнікамі незарэгістраванай арганізацыі “Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў мэтах фінансаваньня радыкальнай апазіцыі выкарыстоўваюцца грашовыя сродкі, якія ідуць з-за мяжы. Так, на імя кіраўніка ПЦ “Вясна” Бяляцкага Алеся зарэгістраваны рахунак у банку …
Заяўляльнікам прадстаўленыя ксеракопіі дакументаў пра зарэгістраваныя на Бяляцкага і Стэфановіча рахункі ва ўказаных банках, а таксама рух гашовых сродкаў па рахунках (прыкладаюцца).
Указаныя грашовыя сродкі ўвозяцца зь Літвы прадстаўнікамі ПЦ “Вясна” ў аб’ёмах, дапушчальных заканадаўствам, і выкарыстоўваюцца ў супрацьпраўных мэтах, а таксама для асабістых патрэбаў Бяляцкага і Стэфановіча.
Апроч гэтага, заяўляльнікам прадастаўленыя асобныя копіі распісак грамадзян РБ аб прадастаўленьні Бяляцкім і Стэфановічам грашовых сродкаў прадстаўнікам ПЦ “Вясна” (прыкладаюцца)…
З улікам выкладзенага, просім у максімальна сьціснуты тэрмін аформіць міжнароднае сьледчае даручэньне для яго накіраваньня ў кампетэнтныя органы Літвы.
Для атрыманьня дадатковай інфармацыі просім зьвязацца па тэлефоне 2199551 (Дзьмітры Аляксандравіч Сінегуб), 2199525 (Аляксандр Мікалаевіч Міцкевіч).
03.11.2010 №4/3/1-1153КС
Кожны сказ з гэтага ліста ўтрымліваў так багата інфармацыі, што я ня мог паверыць таму, што ён апынуўся ў маёй справе.
Звычайна КДБ робіць усё, каб не падстаўляцца і схаваць сваю прысутнасьць. А тут чэкісты дакументальна засьведчылі, што яны былі ініцыятарамі распачынаньня крымінальнай справы.
Першы сказ пра “ананімную заяву” быў ня больш чым ветлівым абаротам мовы. Відавочна, што ў офісе “Вясны” працаваў стукач: ці то сьпецыяльна засланы КДБ да нас, ці то завербаваны пазьней, які і прадставіў ім фатаздымкі ксеракопіяў банкаўскіх рахункаў, маіх і Валянціна Стэфановіча, а таксама двух распісак ад Аляксея Колчына і Ірыны Тоўсьцік пра атрыманьне імі па 50 еўра.
Гэтая інфармацыя сплюсавалася ў мяне ў галаве з тым, што адбылося напярэдадні выбараў у нас у офісе. Наста Лойка заўважыла, што замочак верхяй шуфлядкі ў яе тумбачцы быў пашкоджаны, як быццам бы хтосьці выламаў яго. Мы праверылі ўсе тумбачкі і ўбачылі такую самую карціну. Верхнія шуфлядкі ў тумбачках паўсюль былі ўзламаныя. Адтуль, мабыць, і дасталі ксеракопіі нашых банкаўскіх рахункаў і дзьве расьпіскі.
Таксама я прыгадаў фотаздымак з “выкрывальніцкага” матэрыяла ў “Савецкай Беларусі” пад назваю “За кулісамі адной змовы”, надрукаванага ў студзені 2011 года. Матэрыял быў накіраваны ў асноўным супраць кандыдатаў у прэзідэнты: Міколы Статкевіча, Андрэя Саньнікава, Уладзіміра Някляева, Алеся Міхалевіча, якія на той час сядзелі ў турме ці знаходзіліся пад сьледзьвам. Была ў гэтым брудным матэрыяле і частка, прысьвечаная “Вясьне” з падзагалоўкам: “З аператыўнай зводкі органаў дзяржбясьпекі”. Там, апроч усяго, фігуравала ксеракопія гранта паміж шведзкай праваабарончай арганізацыі “Civil rights defenders” і “Вясной”, заключанага ў канцы жніўня 2010 года. Стала зразумела, адкуль гэты дакумент зьявіўся ў журналістаў Саўбелкі. КДБ зьліў ім усе матэрыялы, здабытыя “аператыўным шляхам”. Гэтая ксеракопія, дарэчы, таксама ляжала ў маёй крымінальнай справе.
На адным з дакументаў, здабытых для КДБ стукачом у “Вясьне”, быў выразна бачны цень ад настольнай лямпы. Значыць, хутчэй за ўсё, фатаграфавалі ці то ўвечары, ці ўначы. Я доўга ламаў галаву, хто б гэта мог быць, але ні да якой высновы не прыйшоў.
Да ўсяго, у пасквілі “За кулісамі адной змовы” фігуравала частка маёй скайпавай размовы з нашымі польскімі калегамі. Значыць, хтосьці за некалькі месяцаў да сьнежаньскай Плошчы залазіў і ў мой скайп, хутчэй за ўсё з працоўнага кампутара.
Гэтыя ўсе факты, а таксама дата адпраўкі ліста генерала Вегеры паказвалі, што актыўная распрацоўка “Вясны” вялася КДБ напрацягу ўсяго 2010 года. Тады, калі ўлады дабрадушна перамаўляліся з Захадам, калі, здавалася, што настае трывалы перыяд палітычнага пацяпленьня, калі яшчэ ніхто сабе ўявіць ня мог, што адбудзецца ў дзень выбараў 19 сьнежня.
Пасаж ў лісьце пра тое, што “Вясна” “фінансавала радыкальную апазіцыю”, быў нічым не абгрунтаванай страшылкай, якія так любіць выкарыстоўваць КДБ, каб даказаць сваю значнасьць і абазнанасьць. Сьцвярджэньне, што сродкі “выкарыстоўваюцца для асабістых патрэбаў Бяляцкага і Стэфановіча” было ня меньш ілжывым, даданым мабыць для таго, каб справаю занялася пракуратура і ДФР.
Самі паперкі, якія накапаў для КДБ “ананім”, не маглі выкарыстоўвацца ў судзе як доказы, здабытыя законна. Таму генерал Вегера прасіў намесьніка генеральнага пракурора здабыць патрэбныя для ўзбуджэньня крымінальнай справы дакументы легальным шляхам.
Такі ў кэдэбістаў быў план.
Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXIX. ВАСЯ
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў