Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXVIII. ПЕРШЫЯ ТЭКСТЫ
Стаіць сухая восень. І верасень, і кастрычнік – сонечныя і цёплыя. У камеры сьветла ад лямпчкі, дзённае сьвятло ледзь прабіваецца праз “расьнічкі”, якімі густа зашыта вакно. Мала, што нас хаваюць за кратамі, дык яшчэ гэтыя нездымальныя жалезныя жалюзі. На прагулцы пачынаеш сквапна ўглядацца ў неба, якое здаецца вымытым і выцертым насуха. Лёгкія аблокі здаюцца разарванай на пасмы цукровай ватай. Любыя натуральныя колеры выклікаюць замілаваньне. Вось па сьцежцы над прагулачнымі дворыкамі, дзе звычайна ходзіць кантралёр, прайшлася кошка. І нам – радасьць. Вось хтосьці ўваткнуў у “шубу” на сьцяне дворыка выразаную з паперы і па-штукарску складзеную чурвоную ружу. Чырвонае на шэрым, мы ходзім – любуемся.
На волі засталася адная недаробленая мной справа, якая турбавала мяне ў СІЗА. У траўні 2011 года мы з Едрусем Акуліным, паэтам, маім сябрам з студэнцкіх часоў, зьезьдзілі ў Гарошкаў, пад Рэчыцу, на радзіму нашага сябры маладосьці, паэта Анатоля Сыса, нажаль рана памерлага, і прывезьлі адтуль частку вершаванага архіву: дзясяткі ненадрукаваных і невядомых вершаў, напісаных ім у асноўным у студэнцкія гады. Улетку, матаючыся па праваабарончых сустрэчах і канферэнцыях, па вечарах я набраў іх на ноутбуку. Калі праглядзеў усе набраныя вершы, стала зразумела, што трэба рыхтаваць да выданьня зборнік, а напачатку – падборку ў часопіс “Дзеяслоў”. Я выбраў некалькі вершаў і даслаў па імэйлу Едрусю, каб той паглядзеў. Едрусь падборку ўхваліў.
Гэта былі сьвежыя, юнацкія вершы, якія мы колісь чулі з вуснаў Анатоля. Ён чытаў іх і нам у студэнцкім інтэрнаце, і на паэтычных вечарынах ва ўніверсітэце, а затым яны былі прыхаваныя ім да часу. Дваццацігадовым юнаком ён глядзеў навокал здзіўленымі вачыма, і сьвет яму здаваўся новым і некранутым, і чыстым, і жыцьцё толькі пачыналася, і самае лепшае, здавалася, было яшчэ наперадзе. Усе гэтыя пачуцьці прачытваліся ў ягоных вершах.
Радасьць ад гэтых ускрэслых зь небыцьця, здавалася б, назаўсёды ўжо згубленых і забытых радкоў была яшчэ вастрэйшай, бо, жывучы ўжо ў Менску, Анатоль ня раз жорстка абвяшчаў:
“Я свае юнацкія вершы спаліў!”
“Ну спаліў, дык спаіў”, – думаў я тады.
Бо ў канцы васьмідзесятых ён пісаў новыя вершы, такія, што аж дух захоплівала. Ён быў вешчуном новага беларускага адраджэньня. Але, дзякуй Богу, раньнія вершы Анатоля Сыса захаваліся.
З Валадаркі я напісаў Едрусю ліст з прозьбай прыслаць мне адабраную раней падборку вершаў Анатоля Сыса. Вершы хутка прыйшлі да мяне ў канверце. І я напісаў першы ў турме літаратурны тэкст, ня ведаючы яшчэ, што пісаньне стане для мяне прадухай на ўсе турэмныя дні і месяцы. Увесь час, пакуль я сядзеў у турме, я адпісваўся як шалёны, за папярэднія гады, знаходзячы ў гэтым і свой грамадзянскі абавязак, і магчымасьць заняць сябе нечым карысным. Я атрымліваў асалоду ад самога працэсу пісаньня і пасылаў такім чынам пастаянны сігнал на волю: са мной усё нармальна, мяне не зламалі!
Часта, кажучы пра іншых, я пісаў пра самога сябе. У амаль штодзённых запісах я бачыў магчымасьць асабістага супрацьстаяньня турэмнай сістэме. У пісаньні было маё найвялікшае шчасьце ў турме і найсур’ёзьнейшае адрозьненьне ад палітычных зьняволеных савецкіх часоў, якія такой магчымасьці былі пазбаўленыя. Што яшчэ мяне падхлёствала кожны раз, дык гэта разуменьне, што магчымасьць пісаць, ліставацца, магла зьнікнуць у адно імгненьне. Штрафны ізалятар, карцар, турэмная цэнзура, пастаянныя шмоны маглі прыпыніць маё пісаньне, ці зрабіць яго безсэнсоўным.
У наступныя пасьля турмы сем гадоў выйдзе некалькі кніжак з маімі турэмнымі тэкстамі: “Асьвечаныя Беларушчынай”, “Іртутнае срэбра жыцьця”, “Халоднае крыло Радзімы”, “Бой з сабой”, “Лісты салідарнасьці”, “Турэмныя сшыткі”. Седзячы на Валадарцы, я пра гэта яшчэ ня ведаў. У невялікай, цеснай камеры мне проста хацелася, каб вершы Анатоля Сыса апроч нас з Едрусем, прачыталі яшчэ і іншыя. Таму асадкаю, якой амаль не карыстаўся ўжо некалькі гадоў, напісаліся наступныя радкі:
“Ёсьць горкая іронія ў тым, што пісаць пра невядомыя вершы Анатоля Сыса – майго сабра і геніяльнага беларускага паэта канца ХХ-га стагоддзя, які ў сваім жыцьці найбольш цаніў свабоду, прыходзіцца седзячы ў камеры. Жалезныя дзьверы і ваконныя краты густа захіснутыя жалезнымі гарызантальнымі палосамі, якія тут ласкава называюць “расьнічкамі”, за імі ў шчыліны праглядаецца распілаванае бяздоннае верасьнёўскае неба і белыя ватныя аблокі. Колькі разоў ужо, стоячы ля вакна і ўглядаючыся ў заманлівую сінечу неба, я паўтараў сам сабе: “Вось воблака! Сяду і ў сьвет палячу!” Калі ня целам, дык думкамі і душою”.
8 верасьня 2011 г.
А вось радкі з гэтых вершаў Анатоля Сыса, напісаных ім у дваццаць зь невялікім гадоў:
Я ішоў вакол мора,
Як пастух вакол свайго статку.
Як алень вакол свайго лесу,
Я ішоў вакол мора.
Наўрад ці помніць яно адзінокага
пілігрыма.
Ці вось гэтыя, прысьвечаныя паэтам сваёй маці:
О, якія вочы
два блакітныя сэрцы
дзьве блакітныя птушкі
калі ручнікі чырвоным
на покуце вышываеш –
жывая Божая Маці.
Вершы Анатоля з маёй прадмовай выйдуць у кастрычніцкім нумары часопіса “Дзеяслоў” за 2011 год, зборнік ягоных юнацкіх вершаў “Берагі майго юнацтва” – праз пяць гадоў. Выйшаўшы з турмы, я зноў наноў буду набіраць вершы Анатоля на кампутары, бо датурэмны ноўтбук з ягонымі набранымі радкамі будзе канфіскаваны па рашэньні суда.
У гэтым жа нумары “Дзеяслова” будуць надрукаваныя турэмныя вершы яшчэ аднаго нашага вялікага паэта і сучасьніка – Уладзіміра Някляева, які ў канцы 2010 года, пасьля прэзідэнцкіх “выбараў”, прайшоў праз СІЗА КДБ:
Праз краты, праз калючыя драты,
Апоўначы ўсьміхнулася мне ты…
Вось так у ХХІ-м стагодзьдзі падавала свой голас з турмы беларуская літаратура.
Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXVII. ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ. ЛАЗЬНЯ
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў