viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: МУЗЕЙ. Багдановіч быў не такі, як усе, для нас ён быў лепшы

2021 2021-12-21T14:07:30+0300 2021-12-21T14:08:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/yalta-maxim_bogdanovich-memo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі, які з 14 ліпеня знаходзіцца ў зняволенні па палітычна матываванай крымінальнай справе супраць "Вясны", піша ўспаміны пра музей Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам з 1989 года па ліпень 1998 года.

Максім Багдановіч добра разумеў адметнасць сваёй паэзіі, яе каштоўнасць для беларусаў

У канцы 1989 года, літаральна праз месяц, як мяне выбралі дырэктарам музея, мы паехалі ў Крым. Перад гэтым была вырабленая і адпраўленая ў Ялту мемарыяльная дошка, прысвечаная Максіму Багдановічу. Замаўляў выраб дошкі яшчэ ранейшы дырэктар Леанід Хадкевіч. Адчыняць яе выбраліся пісьменнік Сяргей Панізнік, архітэктар Мурамцаў і я. Дошку ўсталявалі на будынак санаторыя Чарнаморскага флоту. На ёй разам з выявай Максіма было напісана, што на гэты месцы ў траўні 1917 года стаяў яго дом.

yalta-maxim_bogdanovich-memo.jpg
Мемарыяльная дошка Максіму Багдановічу ў Ялце

Засяліў нас проста ў гэты ж санаторый яго працаўнік у форме палкоўніка. Камандаванне чарнаморскага флоту дало згоду на мемарыяльную дошку. Нічога ўжо не нагадвала, што тут некалі праходзіла ялцінская вуліца, што тут стаяў дом, абмазаны глінай і пабелены вапнай. У ім Максім Багдановіч напісаў свае апошнія радкі:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
3 друкарні пана Марціна Кухты.

У гэтым лаканічным чатырохрадкоўі - падвядзенне вынікаў гэткага ж кароткага жыцця. У 25 год творчы чалавек толькі становіцца на ногі, а яму даводзілася ўжо развітвацца з гэтым светам. Сціплая кніга вершаў "Вянок", надрукаваная на жоўтай жорсткай паперы. На беларускай мове ў той час выйшла можа з дзесятак вершаваных зборнікаў: Францішак Багушэвіч, Цётка, Янка Купала ды Якуб Колас. Максім Багдановіч добра разумеў адметнасць сваёй паэзіі, яе каштоўнасць для беларусаў, пераважна сялянскага народа. Нездарма ж ён нязлобна жартаваў са сваіх суайчыннікаў, беларускіх паэтаў за іх няспешны "прагрэсу ход".

Паўловіч сентыменталізмам
там нас уздумаў частаваць,
а пан Купала рамантызмам
сімвалістычным дзіваваць...      

Максім Багдановіч усведамляў, што ягоная паэзія за руку ўводзіць беларусаў у еўрапейскі культурны дом.      

"Вянок" быў адзіным любімым, сціплым і някідкім дзіцём.

Пра ўсё гэта думаў я, хадзіўшы па дагледжаных сцежках санаторыя, абсаджаных цёмна-зялёнымі туямі. Снегу ў Ялце яшчэ не было.

Мы сустрэліся таксама з рэдактарам крымскай газеты, усмешлівым беларусам з Магілёўшчыны. Ён распавёў, што ў Крыме жыве некалькі тысяч беларусаў. На адкрыццё дошкі прыйшоў таксама Мікола Аўрамчык з жонкай. Сівы, высокі, худы і энергічны з сталёвымі зубамі спадар Мікола меў ужо гадоў 70. Ён распавёў, што пасля палону, падчас якога ён працаваў на вугальных шахтах у Францыі, у яго слабыя лёгкія, не хапае паветра. Таму з кастрычніка па сакавік жыве ў Крыме. Дыхаў Аўрамчык сапраўды цяжка, ягоныя лёгкія ганялі паветра, як кузнечныя мяхі. Спадар Мікола быў знаёмы з Сяргеем Панізнікам. Яны ажыўлённа па-сяброўску размаўлялі адзін з другім. Мікола Аўрамчык між іншым згадаў вядомую гісторыю з пісьменнікам Аляксеем Карпюком.

"І я таксама працаваў на шахтах, як і ён, - немцы плацілі нам нейкія капейкі, хоць мы і былі палонныя. Мы распісваліся за іх у ведамасці. Але ж мы рабілі ў шахце не па сваёй волі", – пераконваў ён нас.

Было відаць, што гэтая гісторыя даўно і балюча турбавала яго.  

Сяргей Панізнік, падкрэслена інтэлігентны, яшчэ малады, з вусамі і бакенбардамі, выглядаў на моднага паэта. Я ведаў, што ў 70-ыя гады ён меў праблемы за беларускія погляды, што да гэтых праблемаў быццам бы прыклала руку яго былая жонка, паэтка Яўгенія Янішчыц. З ім мне было проста і лёгка, бо думалі мы практычна аднолькава.

Архітэктар Мурамцаў, які дапамагаў яшчэ паставіць помнік Максіму Багдановічу каля Тэатра оперы і балету ў Мінску, быў рускім, але ўпісаўся ў беларускую культуру і рабіў, што мог.

Неўзабаве развалілася савецкае войска. Мяркую, што будынак санаторыя перайшоў да ўкраінскага флоту. Затым санаторый, хутчэй за ўсё, пераняў расейскі флот. Не ведаю, які лёс гэтай дошкі. Ці пазначае яна яшчэ дзеі даўно мінулых дзён і памяць пра белы дом у старой Ялце, апошні прытулак "нямоглага паэта".

27 верасня 2021 года 

P.S.: Хадзілі мы і на Старыя гарадскія могілкі ў Ялце. Невялікая, шэрая, пацямнелая ад часу стэла на магіле паэта была "мадэрнізаваная". Надпіс на помніку быў размаляваны алейнай фарбай у валошкі. Выглядала не надта. У Менску я распавёў пра гэта дзяўчынам. Вера Мікута і Таццяна Шубіна гучна абураліся такой самадзейнасцю. Ад іх я даведаўся, што гэта работа Вольгі (Алены) Лапіцкай, пра якую я распавяду пазней. Яна спецыяльна ездзіла ў Крым даглядаць магілу Максіма Багдановіча.     

Да канца жыцця яна [Вольга (Алена) Лапіцкая] заставалася сама сабой

Вольга (Алена) Лапіцкая, якая размалявала помнічак Максіму Багдановічу ў Ялце, была частай госцяй музея і перад адкрыццём экспазіцыі для наведвальнікаў і пасля. Ёй было за 70, пажылая кабета, апранутая з прэтэнзіяй, сівая, твар у глыбокіх зморшчынах, яна выглядала вельмі старой. Да ўсяго яна мела дыфект маўленя. Калі яна штосьці гаварыла, зразумець яе было цяжка. Тады яна пісала на паперках, якія заўсёды насіла з сабой. Пані Лапіцкая імкнулася камунікаваць з Верай Мікутай, Таццянай Шубінай, наколькі ў іх хапала цярпення, ці проста праходзіла ў фае музея, адпачывала там, штосьці думала сваё. Да Максіма Багдановіча ў яе былі асобныя адносіны. Яна жыла самотнай. Калі ў дзяўчаты стамляліся камунікаваць з ёй, пані Вольгу (Алену) адсылалі да мяне. Яна пісала мне цыдулкі заўсёды па-беларуску, а я цярпліва адказваў ёй. Пані Вольга (Алена) пісала даволі празрыстыя аматарскія вершы. "Нявестай Багдановіча" называлі яе мае каляжанкі. Яна абагаўляла Максіма Багдановіча, штогод ездзіла ў Ялту на яго магілу, прыбіралася там, падмалёўвала на помніку валошкі. У музей яна прыходзіла як у дом Максіма.

mogila_bogdanovicha.jpg
Помнік на магіле Максіма Багдановіча ў Ялце

Мы, маладыя, жыццярадасныя, вясёлыя не разумелі яе. Гэта я зразумеў ужо пазней. Мы не ведалі тады, што пані Вольга (Алена) хавала страшную і сумную таямніцу свайго лёсу і лёсу сваёй сям'і. Вера Мікута распавядала, што Лапіцкая была рэпрасаваная ў сталінскія часы. Пасля таго, як у 2000-ыя гады выйшла з друку брашура Міхася Чарняўскага пра Расціслава Лапіцкага, пачытаўшы яе мы з Палінай Качатковай зразумелі, што Вольга (Алена) была ягонай роднай сястрой. Шкадую, што я нічога не распытаўся, не папрасіў, каб яна запісала свае ўспаміны. Дачка святара і сястра Расціслава Лапіцкага, шчырая беларуска, яна не чакала асаблівай увагі і пашаны да сябе. Ніякія фізічныя вады, зламанае жыццё не прымусілі яе адмовіцца ад беларушчыны, ад любові да паэзіі Максіма Багдановіча. Да канца жыцця яна заставалася сама сабой.  

Мы з юнацтва любілі Багдановіча за яго палітычную незаангажаванасць

Савецкая крытыка і літаратуразнаўства мелі здольнасць вылушчваць і адбіваць любую цікавасць да беларускай літаратуры. Пэўныя падыходы рабілі творы пісьменнікаў малацікавымі. Гэта адчувалася і ў музеях нашых вялікіх Янкі Купалы і Якуба Коласа. Я, вядома ж, бываў у гэтых музеях і іхніх філіях у Вязынцы і ў Мікалаеўшчыне. З Коласаўскай Мікалаеўшчыны пачынаўся ў 1981 годзе, пасля сустрэчы з мастаком Міколам Купавам, мой усвядомлены шлях. Нам у музеі Максіма Багдановіча пашанцавала пазбягацца фармальнага падыходу. Таму, мабыць, паспрыяла бяда – ранняя смерць Максіма Багдановіча, якога лёс не прымусіў пісаць супраць свайго сумлення.

У свой прыезд у 1916 годзе ў Менск Максім Багдановіч далучыўся да партыйнага жыцця і нават стаў сябрам БСГ. Але пра гэта мала хто ведае, ды і ягоная партыйнасць ніяк не адбівалася на ягонай творчасці, апроч агульных пажаданняў дабівацца нацыянальнага ды сацыяльнага вызвалення. Ён спецыяльна вывучаў гісторыю славянскіх народаў, чэхаў, славакаў, украінцаў, палякаў, пісаў адмысловыя нарысы і канструяваў палітычнае абуджэнне і вызваленне беларусаў.

Ты не згаснеш, ясная зараначка,
Ты яшчэ асвеціш родны край.
Беларусь мая! Краіна-браначка!
Ўстань, свабодны шлях сабе шукай.

Але і ён не мог прадбачыць, які гэта будзе цяжкі і пакручасты шлях.

Мы з юнацтва любілі Багдановіча за яго палітычную незаангажаванасць, за падкрэсленую ўвагу да формы верша. Ён быў не такі, як усе, для нас ён быў лепшы.

30 верасня 2021 года

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства