На час выбараў актывістаў ізалююць: затрымліваюць для адбыцця папярэдне прызначаных арыштаў Дапоўнена

2020 2020-07-31T16:11:08+0300 2020-07-31T21:41:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kajdanki-kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", 31 ліпеня для адбыцця раней вынесеных адміністрацыйных арыштаў затрымліваюць актывістаў у Мінску, Оршы, Наваполацку і іншых гарадах краіны.

З пачатку бягучай выбарчай кампаніі 204 чалавекі атрымалі агулам 2937 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 367 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам амаль у 285000 рублёў (больш за 116.000$).

Праваабаронцам вядома як мінімум пра 1277 выпадкаў адвольных затрыманняў, якія адбыліся ў перыяд з 6 траўня па 31 ліпеня.

Орша

Так, вядома, што для адбыцця 15-суткавага арышту ў Оршы быў затрыманы адміністратар тэлеграм-каналу "Орша для жыцця" Аляксандр Андрэеў. 

Таксама сёння асудзілі на 25 базавых велічынь штрафу Кацярыну Гарэлікаву, а прама з суда ў ІЧУ забралі Генадзя Ларыёнава. Ён быў асуджаны на 15 сутак арышту яшчэ 26 чэрвеня. 

Таксама сёння суд адбыўся і над Вадзімам Капорыкавым. Яго судзіў Мікалай Драгуноў, які прызначыў мужчыне пакаранне ў 12 сутак арышту

Вядома, што за кратамі знаходзіцца і Міхаіл Чамурака. Ён адбывае 10 сутак арышту, прызначаных судом 27 ліпеня. 

А 28 ліпеня быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак арышту Ілля Ціханаў. У той дзень ён на сваёй машыне мусіў везці давераных асобаў Святланы Ціханоўскай на пікет у Талачын. 

Наваполацк

У Наваполацку забралі з дома Андрэя Зуева для адбыцця адміністрацыйнага арышту ў 14 сутак. Мужчыне пагражалi, што сацыяльная служба прыйдзе для праверкі ўмоў пражывання яго малых дзяцей.

На 14 сутак таксама забралі і Артура Сiнегу прама з працы - завода Нафтан.

Мінск

Тэлеграм-канал "Еўрапейскай Беларусі" паведамляе аб арышце іх актывіста Яўгена Афнагеля. У дадзены момант актывіст знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна. Меркавана ён адбывае 15-сутачны арышт за пікет па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў, які праходзіў на Камароўскім рынку. Пры якіх абставінах і дзе Яўген Афнагель быў затрыманы, невядома.

Таксама адбываць раней прысуджаныя 15 сутак арышту забралі актывіста Максіма Вінярскага.

Брэст

У Брэсце яшчэ 28 ліпеня быў затрыманы Андрэй Шарэнда, сёння яго даставілі ў суд. Яго вінавацяць па арт. 23.34 КаАП за тое, што ён нібыта размясціў заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах ў тэлеграм-канале. 24 ліпеня ў доме Андрэя Шарэнды адбыўся ператрус, міліцыя канфіскавала лічбавыя носьбіты і прылады. У выніку суд пакараў Шарэнду 15 суткамі арышту за заклік у інтэрнэце да ўдзелу ў акцыі 14 ліпеня. 

Слуцк

У Слуцку ў другой палове дня 31 ліпеня былі затрыманыя валанцёры "Краіны для жыцця" Шыловіч Арцём, Анісейка Сяргей і Якубовіч Уладзімір за раздачу памятак "Сумленных людзей".

Маладзечна

У 17.30 у Маладзечна былі затрыманыя журналісты Белсату Зміцер Міцкевіч і Дзяніс Дзюба, якія вялі прамы эфір з агітацыйнага мітынгу Святланы Ціханоўскай. Міліцыянты не патлумачылі прычыну затрымання і адразу загадалі выключыць камеру, паведамляецца на сайце каналу. Таксама затрымалі журналістаў Марыю Арцыбашаву і Алеся Сіліча.

Ліда

У Лідзе затрыманыя журналісты «Белсату» Галіна Абакунчык і Уладзімір Лунёў. Яны вялі стрым з мітынгу Святланы Ціханоўскай у Лідзе.

Салідарнасць – наша сіла! Падпішы паштоўкі арыштантам

Праваабаронцы "Вясны" заклікаюць падпісаць паштоўку або напісаць ліст тым, хто зараз знаходзіцца за кратамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства