viasna on patreon

Алесь Бяляцкі зноў звярнуўся ў Генпракуратуру з нагоды масавага затрымання ромаў

2020 2020-02-03T15:10:30+0300 2020-02-03T15:42:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-tok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі зноў звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з нагоды масавага затрымання ромаў у траўні ў Магілёве. Ён настойвае на тым, каб пракуратура правяла дадтковую праверку законнасці па факце затрыманняў грамадзянаў цыганскай нацянальнасці.

Алесь Бяляцкі. Фота Волі Афіцэравай, “НН».
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі. Фота: "Наша Ніва"

Што здарылася?

Нагадаем, у ноч з 16 на 17 траўня у горадзе Магілёве і іншых гарадах Беларусі было затрымана больш за 100 ромаў, уключаючы жанчын і дзяцей, у межах расследавання меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ, лейтэнанта Я. Патаповіча. Пазней следства заявіла, што ў дадзеным выпадку меў месца суіцыд.

Падчас затрыманняў і допытаў супрацоўнікі праваахоўных органаў прымянялі да прадстаўнікоў рома непрапарцыйна фізічную сілу, абразы і пагрозы. Частку з іх  пазней вызвалілі, а каля 50-ці мужчын затрымалі да палутара сутак. Як стала пазней вядома ў адносінах да затрыманых былі распачатыя адміністрацыйныя справы па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Праз тры дні, 19 траўня, 67-гадовая ромка Лідзія Юрчанка, у дом якой урываўся АМАП, памерла з-за адрыву тромба. Яе сям'я ўпэўненая, што смерць адбылася з прычыны стрэсу з-за абразаў і пагрозаў яе ўнукам супрацоўнікамі АМАПа.

Ці былі прадпрыняты нейкія меры дзяржавай?

Алесь Бяляцкі звяртаўся адразу пасля інцыдэнту ў Генеральную пракуратуру з просьбай правесці праверку законнасці затрыманняў грамадзянаў цыганскай нацянальнасці ў Магілёве. Таксама Праваабарончы цэнтр “Вясна” з Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH) выпусцілі сумесную заяву, у якой заклікалі беларускія ўлады неадкладна спыніць усе акты гвалту і пераследу ў дачыненні да суполак ромаў і распачаць незалежнае і бесстаронняе расследаванне парушэнняў правоў чалавека, якія адбыліся ў Магілёве.

Генеральная пракуратура праінфармавала страшыню “Вясны”, што была створаная рабочая група, якая дасць ацэнку дзеянням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пры затрыманні асоб цыганскай нацыянальнасці ў Магілёве. У выніку такой праверкі ніякіх парушэнняў, у тым ліку перавышэння службовых паўнамоцтваў пры правядзенні затрыманняў, выяўлена не было. Паведамлялася толькі аб выяўленых нязначных працэсуальных парушэннях, якія былі неадкладна выпраўленыя. Таксама паведамлялася, што супрацоўнікі МУС мелі поўнае права такім чынам “масава атрабатываць прадстаўнікоў цыганскай дыяспары”.

Па сутнасці, дзяржаўнымі органамі не было прадпрынята мер па паўнавартасным расследванні дзеянняў міліцыі і не прадпрынята захадаў па аднаўленні парушаных правоў грамадзян.

Вядома толькі, што тады яшчэ кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава і магілёўскія ўлады папрасілі прабачэння ў ромаў. Аднак дакладнага зместу прамовы Качанавай няма, так як на сустрэчу з прадстаўнікамі рома не пусцілі СМІ.

Як адрэагавала міжнародная супольнасць?

“Вясна” сумесна з расійскай праваабарончай арганізацыяй АДЦ “Мемориал” праінфармавалі аб дадзенай сітуацыі шэраг спецдакладчыкаў і камітэтаў ААН у межах спецыяльных працэдур. У выніку Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі і Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях звярнуліся да Ураду Рэспублікі Беларусь з шэрагам пытанняў аб меўшых месца масавых затрыманнях прадстаўнікоў рома і негуманным абыходжанні з імі ў траўні 2019 года.

У сваім звароце прадстаўнікі ААН асобна падкрэслілі, што пагрозы і запалохванні з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў былі накіраваныя на тое, каб затрыманыя не спрабавалі абараніць свае парушаныя правы. Яны папрасілі ўрад Беларусі прадставіць дэталёвую інфармацыю аб тым, што адбылося, а таксама пра тое, як былі расследаваныя названыя парушэнні правоў чалавека і якая дапамога была прадастаўленая ахвярам.

З дадзенага афіцыйнага адказа Урада у органы ААН вынікае, што было здзейсненае затрыманне не меней за 132 асобы народнасці рома, а ў дачынні да 52 быў распачаты адмністрацыйны працэс. Пры гэтым у адказе Урада нічога не гаворыцца ад выніках гэтых распачатых адміністратыўных працэсаў — колькі асобаў былі прыцягнутыя да вызначанай законам адміністрацыйнай адказнасці і за здзяйсненне якіх правапарушэнняў.

Таксама гэтая сітуацыя абмяркоўвалася на Нарадзе АБСЕ па разглядзе выканання абавязацельстваў, прысвечанай чалавечым вымярэнні.

«Паліцэйскія рэйды, высяленні, пагромы». Што казалі пра ромаў на сайд-івэнце АБСЕ

У Варшаве з 16 па 27 верасня БДІПЧ АБСЕ праводзіць Нараду па выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння, якая з'яўляецца найбуйнейшай агульнаеўрапейскай штогадовай канферэнцыяй па правах чалавека.

Чаму праваабаронца зноў звяртаецца ў Генеральную пракуратуру?

На думку старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага, інфармацыя, якая змешчана ў афіцыйным адказе дзяржавы ААН, сведчыць аб меўшых месца масавых адвольных затрыманнях грамадзян выключна па прыкмеце іх нацыянальнага паходжання. Праваабаронца лічыць, што ў дзеяннях службовых асобаў, якія аддавалі загад на правядзенне такога кшталту рэйдаў і затрыманняў, углядаецца склад службовага злачынства, таксама як і ў дзеяннях прадстаўнікоў МУС, якія незаконна ўжывалі фізічную сілу ў дачыненні да грамадзян.

“Трэба адзначыць, што факты этнічнага  прафіліравання прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнай меньшасці сілавымі органамі маюць у Беларусі сістэматычны характар. Масавыя затрыманні прадстаўнікоў рома толькі на падставе іх нацыянальнай прыналежнасці сведчаць аб працягу дадзеных негатыўных практык у нашай краіне”, — сцвярджае Алесь Бяляцкі.

У сувязі з гэтым, кіруючыся палажэннямі Закона аб пракуратуры, ён просіць:

  1. Правесці дадатковую праверку ўказаных фактаў.
  2. Прыняць захады па пошуку і прыцягненню да вызначанай законам адказнасці вінаватых у парушэнні правоў грамадзян службовых асобаў МУС.
  3. У мэтах далейшай камунікацыі з дакладчыкамі і камітэтамі ААН прадставіць інфармацыю аб колькасці прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці з тых 52 асобаў народнасці рома, якія былі затрыманыя 16 траўня 2019 года ў Магілёве.

Жыццё беларускіх ромаў: праўда без прыўкрас

“Вясне” стала цікава, як жывуць ромы пасля трывожных падзей у Магілёве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства