viasna on patreon

Алесь Бяляцкі звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з нагоды масавага затрымання ромаў

2019 2019-05-21T12:33:26+0300 2019-05-21T13:12:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajyz-sud-13-08-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі каля будынку Дома правасуддзя. Фота: ПЦ "Вясна".

Алесь Бяляцкі каля будынку Дома правасуддзя. Фота: ПЦ "Вясна".

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку законнасці затрыманняў грамадзянаў цыганскай нацянальнасці 16 траўня ў Магілёве.

Са шматлікіх паведамленняў у шэрагу СМІ стала вядома, што 16 траўня 2019 года ў Магілёве ў выніку рэйда праваахоўных органаў, які праводзіўся ў межах расследвання крымінальнай справы па факце меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ Я. Патаповіча, адбываліся масавыя затрыманні грамадзянаў цыганскай нацыянальнасці.

Агулам у ходзе гэтага рэйду прадстаўнікамі органаў МУС у месцах кампактнага пражывання прадстаўнікоў дадзенай нацыянальнасці было затрымана каля 100 чалавек: жанчын, непаўнагадовых дзяцей і мужчын. Частку з іх  пазней вызвалілі, а мужчыны, у колькасці каля 50-ці чалавек, былі затрыманыя на трое сутак. Як стала вядома пазней, у адносінах да затрыманых былі распачатыя адміністратыўныя працэсы за нібыта здзейсненае імі дробнае хуліганства.

Улічваючы абставіны і месца іх затрыманняў (па месцы іх непасрэднага пражывання), гэта сведчаць аб іх незаконным, адвольным характары.

“Відавочна, паколькі законныя падставы, пералічаныя ў арт. 108 КПК,  для затрыманняў грамадзян у якасці  падазраваных у органаў следства адсутнічалі, кімсьці было прынятае рашэнне аб іх затрыманні ў сувязі з нібыта здзяйсненнем адміністратыўных правапарушэнняў, а менавіта дробнага хуліганства. Гэта дало магчымасць органам следства ўтрымліваць затрыманых у якасці асобаў, у дачыненні да якіх распачаты адміністратыўны працэс, да трох сутак і дапытваць у межах узбуджанай крымінальнай справы з парушэннем прававых гарантый і працэдур, прадугледжаных дзеючым КПК Рэспублікі Беларусь”, -  піша старшыня “Вясны”.

Алесь Бяляцкі адзначае, што ўсе затрыманні адбываліся выключна па нацыянальнай прыкмеце. Акрамя таго, па шматлікіх сведчаннях відавочцаў і ахвяраў, затрыманні суправаджаліся выкарыстаннем фізычнай сілы, абразамі і запалохваннямі.

Па яго меркаванні, агучаная СМІ інфармацыя аб магчымай датычнасці да меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасці ў сукупнасці з падобнага кшталту дэманстратыўнымі дзеяннямі МУС маглі прывесці да сур’ёзных небяспечных наступстваў у дачыненні да дадзенай нацыянальнай групы.

“Лічу, што дадзеная сітуацыя вымагала адпаведнай рэакцыі прадстаўнікоў як мясцовых, так і рэспубліканскіх органаў улады, скіраванай на недапушчэнне магчымай эскалацыі міжнацыянальнага канфлікта”, - адзначае ў сваёй заяве праваабаронца.

Факты этнічнага  прафіліравання прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнай меньшасці сілавымі органамі маюць у Беларусі сістэматычны характар.

Праваабаронца нагадвае, што на дадзеныя факты неаднаразова звярталі ўвагу і міжнародныя арганізацыі. Так, у сваіх заключных заўвагах па пятым перыядычным дакладзе Беларусі, прынятым Камітэтам па правах чалавека ААН па выніках разгляду адпаведнага перыядычнага дакладу Рэспублікі Беларусь 8 і 9 кастрычніка 2018 года, Камітэт у прыватнасі адзначыў, што дзяржаве-удзельніку варта прыняць дзейсныя захады для вырашэння праблемы дыскрымінацыі рома, а таксама для барацьбы з распальваннем нянавісці да іх і для выкаранення расавага прафіліравання з боку праваахоўных органаў.

Па меркаванні Бяляцкага, масавыя затрыманні прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнай меньшасці толькі на падставе іх нацыянальнай прыналежнасці сведчаць аб працягу дадзеных негатыўных практык у нашай краіне.

У сувязі з гэтым, кіруючыся палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, ён просіць:

  • Правесці пракурорскую праверку законнасці затрыманнях грамадзянаў цыганскай нацянальнасці супрацоўнікамі МУС 16 мая 2019 г. у г. Магілёве і прыняць адпаведныя меры пракурорская рэагавання.
  • Уважліва разглядзець неабгрунтаваныя выпадкі ўжывання сілы, фізічнага гвалту, неаказання неабходнай дапамогі ў дачыненні да затрыманых, умовы іх утрымання.
  • Пісьмова праінфармаваць аб выніках разгляду дадзенай заявы ў парадку і тэрміны, устаноўленыя дзеючым заканадаўствам аб зваротах грамадзян.

  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства