Апазіцыянера аштрафавалі за сумны смайлік у «Аднакласніках»
Апазіцыянер Андрэй Юркоў выказаў нэгатыўнае стаўленьне да нацысцкага рэжыму, паставіўшы пад допісам у «Аднакласніках» смайлік «сумую», а яго рэакцыю міліцыя расцаніла як распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі, паведамляе "Радыё Свабода".
Дрыбінскі суд (Магілёўская вобласць) прызнаў вінаватым мясцовага актывіста руху «За Свабоду», былога кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Андрэя Юркова ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і пакараў штрафам у 255 рублёў (10 базавых велічынь). Справу разглядаў суддзя Барыс Пігаль.
Нагодай для адміністрацыйнага пераследу Андрэя Юркова стаў смайлік «Сумую», пастаўлены пад допісам у «Аднакласніках» пра колькасць ахвяраў савецкага і нацысцкага рэжымаў, пазначаных сімволікай Савецкага Саюзу і фашысцкай Нямеччыны. Алгарытм сацыяльнай сеткі аўтаматычна размясьціў допіс і на старонцы Юркова. З'яўленне на ёй «палатна чырвонага колеру з нацысцкай сімволікай» было кваліфікавана як распаўсюд інфармацыі з «рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Віны Андрэй Юркоў не прызнаў. Суду даводзіў, што ў ягоных дзеяннях няма складу правапарушэння.
«Паставіўшы „сумны“ смайлік, я не меў намеру распаўсюджваць пост, — тлумачыў ён. — Сваёй рэакцыяй на яго я выказваў нэгатыўнае стаўленне да нацысцкага і савецкага рэжымаў, якія для мяне аднолькава злачынныя».
Андрэй Юркоў звязвае адміністрацыйны пераслед са сваёй палітычнай дзейнасцю і ўдзелам у выбарчых кампаніях, у тым ліку той, якая скончылася сёлета 17 лістапада. Паводле актывіста, рапарт аб ягоным «правапарушэнні» адправілі з Магілёва праз два дні пасля сканчэння выбараў у Палату прадстаўнікоў, хаця на допіс ён адрэагаваў яшчэ 26 верасня.
Як вынікае з матэрыялаў справы, на актыўнасць Андрэя Юркова ў «Аднакласніках» звярнуў увагу супрацоўнік абласнога ўпраўлення міліцыі Уладзімер Пугачоў. Яго рапарт намеснік начальніка ўпраўлення Уладзімер Рыжанкоў даслаў на рэагаванне ў Дрыбінскі аддзел міліцыі.
Суддзя Барыс Пігаль пакараў Андрэя Юркова мінімальным штрафам, які прадугледжвае другая частка артыкулу 17.11 КаАП. У сваім тлумачэнні судзьдзя прызнаў, што абвінавачаны не меў мэты распаўсюджваць сімвалы, але факт распаўсюду, на ягоную думку, быў.
«Вы самі прызнаяце, што вашы сябры маглі бачыць сімвал на вашай старонцы», — адзначыў суддзя ў тлумачэнні рашэння.
Андрэй Юркоў па сканчэнні суду заявіў, што будзе абскарджваць прысуд.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96