viasna on patreon

“Вячэрні Магілёў” аспрэчвае ў судзе праявы экстрэмізму ў сваіх публікацыях

2019 2019-08-06T16:31:56+0300 2019-08-09T13:24:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minsk-economic-court.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота "БелаПАН"

Фота "БелаПАН"

У Эканамічным судзе Мінска 6 жніўня распачаўся разгляд справы па скарзе газеты “Вячэрні Магілёў”. Рэдакцыя аспрэчвала рашэнне Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праяваў экстрэмізму.

Раней камісія ўгледзела прыкметы экстрэмізму ў двух матэрыялах выдання, у якіх ішла гаворка пра гвалт над ЛГБТ-людзьмі: «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны» і «У ва што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў».

Інтарэсы рэдакцыі газеты “Вячэрні Магілёў” прадстаўляў юрыст Станіслаў Леўчанка. У якасці зацікаўленага боку выступалі дзве прадстаўніцы экспертнай камісіі. Рабілі яны гэта па даверанасці, выдадзенай Міністэрствам інфармацыі.

Напачатку суда Станіслаў Леўчанка зрабіў 7 хадайніцтваў. Сярод іх былі рэзалюцыя ветэранаў, дзе пазначалася, што прапаганда гомасэксуалізма прыводзіць да “знікнення нацыі”, таксама заключэнні “вядомых у Беларусі” клінічнага псіхолага і рэлігіязнаўцы, якія правялі свае даследаванне і прыйшлі да высновы, што тэксты “Вячэрняга Магілёва” “не нясуць пабуджальнага закліку да гвалту”, ды інш. Падчас пералічэння хадайніцтваў суддзя Алеся Касьянчык заклікала да парадку, падкрэсліўшы, што хадайніцтва не павінна з’яўляцца пераказам уласнай пазіцыі.

Падчас судовых спрэчак Станіслаў Леўчанка намагаўся падкрэсліць, што экспертная камісія была некампетэнтнай. Адзін з аргументаў – у заключэнні экспертнай камісіі было напісана “экспертноноя”, што відавочна з’яўляецца апячаткай. На гэтай падставе Станіслаў Леўчанка лічыць, што і сама экспертная камісія, калі дапускае такія памылкі, не можа даць кампетэнтнае заключэнне (пазней прадстаўнікі зацікаўленага боку на гэта адказалі, што такога кшталту памылкі не могуць датычыцца сэнсу напісанага і яго якасці).

Прадстаўнік рэдакцыі таксама скардзіўся на тое, што рэдакцыя “Вячэрняга Магілёва” не запрашалася на паседжанні экспертнай камісіі. На гэта зацікаўлены бок адказаў, што рэдакцыя не з’яўлялася заяўніком і таму спецыяльнае запрашэнне не павінна было да яе прымяняцца.

Станіслаў Леўчанка з падстаўніком групы падтрымкі ў Эканамічным судзе г. Мінска
Станіслаў Леўчанка з падстаўніком групы падтрымкі ў Эканамічным судзе г. Мінска. Фота: ПЦ "Вясна".

На працягу ўсіх спрэчак наконт паўнамоцтваў дзеянняў экспертнай камісіі Станіслаў Леўчанка намагаўся даказаць некампетэнтнасць яе заключэння. Суддзя удакладніла: “Якія нормы былі парушаны дадзенай камісіяй?”

– Камісія, калі прызнае гомасэксуалаў у якасці асобнай групы, парушае Канстытуцыю, – адказаў на гэта юрыст.

– Якую норму Канстытуцыі парушыла камісія? – удакладніла суддзя.

– У Канстытуцыі замацавана паняцце традыцыйных каштоўнасцяў.

– Пакажыце пункт з экспертнага заключэння камісіі, дзе паказваецца адваротнае.

Адказ Станіслава Леўчанка не мае удакладнення па пунктах камісіі.

Самы непрывабны момант адбыўся, калі прадстаўнік рэдакцыі пачаў задаваць удакладняючыя пытанні зацікаўленаму боку. Сярод іншага, ён запытаўся, ці звяртаўся Цішко (грамадзянін, які напісаў скаргу ў Міністэрства інфармацыі аб правядзенні праверкі тэкстаў газеты на прадмет экстрэмізму, з чаго і пачаўся для “Вячэрняга Магілёва” шэраг судовых паседжанняў) раней да Міністэрства інфармацыі з падобнымі патрабаваннямі “адносна процідзеяння ідэалогіі садаміі ў нашай краіне?” Але падчас гэтага Леўчанка назваў Цішко “вядомым педерастам”, на што суддзя папярэджаннем пры дапамозе некалькіх удараў малатка падкрэсліла, што выказванні і ацэнкі асобы, якая не прысутнічае ў судзе, забараняюцца.

– Але прадстаўнік зацікаўленага боку саслаўся на яго, – адзначыў Леўчанка.

– Прадстаўнік зацікаўленага боку саслаўся на зварот грамадзяніна Беларусі, – падкрэсліла суддзя.

Шэраг пытанняў, якія намагаўся задаць Леўчанка, суддзя зняла, паколькі яны не тычыліся, на яе думку, дадзенай справы.

Леўчанка запытаў, ці магчыма правесці паўторную экспертызу, на што зацікаўлены бок адказаў, што гэта не прадугледжана заканадаўствам. Таму прадстаўнік рэдакцыі прапанаваў наступнае:

“Паколькі заключэнне экспертнай камісіі выклікае сумневы ў бесстароннасці яго аўтараў з Міністэрства інфармацыі, якое ў процівагу афіцыйнаму курсу кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі па ўмацаванню традыцыйных каштоўнасцяў чамусьці стала адстойваць каштоўнасці палавых вычварэнцаў, то адпаведна мы просім у рамках сапраўднай справы прызначыць лінгвістычную экспертызу публікацый, размешчаных раней на сайце «Вячэрні Магілёў».

Суд вызначыў у задавальненні хадайніцтва адмовіць без магчымасці абскарджання.

Пасля чарговага перапынку суддзя пастанавіла: завяршыць падрыхтоўку справы да судовага разбору. Сам судовы разбор прызначыць на 16 жніўня 2019 года на 10.00 ў Эканамічным судзе г. Мінска.

Акрамя таго, суддзя пастанавіла выклікаць на судовае пасяджэнне ў якасці спецыяліста ў галіне псіхалогіі і філалогіі прадстаўніка Нацыянальнай Акадэміі навук для дачы кансультацыі па аднясенні словы «педэраст» да вульгарузмаў, а таксама ў правамернасці яго выкарыстання.

Пасля завяршэння судовага паседжання юрыст Станіслаў Леўчанка і "група падтрымкі” рэдакцыі газеты ад каментароў прадстаўнікам СМІ адмовіліся.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства