viasna on patreon

Савецкім анахранізмам назваў Стэфановіч прымусовую падпіску на газеты

2019 2019-01-05T09:29:27+0300 2019-01-06T10:17:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sb_gaz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Калаж з фота sputnik.by, domdruku.by

Калаж з фота sputnik.by, domdruku.by

Штогод у падпісны перыяд жыхары Беларусі сутыкаюцца з адвечнай праблемай — прымусовай падпіскай на дзяржаўныя газеты. Прычым, падобныя факты фіксуюцца па ўсёй краіне. Калі набраць у пошуку “прымушаюць падпісвацца на газеты ў Беларусі”, то гугл выдае каля 211 тысячаў запытаў.

Напрыклад, 20 снежня “Наша Ніва” апублікавала пратакол снежаньскай нарады ў старшыні Бярозаўскага райвыканкама Леаніда Мартынюка. Сярод іншых пытанняў там разглядалася забеспячэнне падпіскі на дзяржаўныя выданні: «СБ. Беларусь сегодня», «Рэспубліка», «Народная газета», «Сельская газета», «Знамя юности», «7 дней», «Зара», «Маяк», «Звязда». Па інфармацыі «НН» лісты дасылаюць па электроннай пошце нават у прыватныя арганізацыі, патрабуючы даць справаздачу пра працэс падпіскі. І людзям даводзіцца выпісваць газеты, бо «чыноўнікі маюць уплыў на ўсе віды бізнэсу».

Таксама ў снежні “Радыё Свабода” паведаміла, што па садках і школах аднаго з раёнаў Гомельскай вобласці разаслалі з аддзелу адукацыі «Квоты на падпіску на першы квартал 2019 года». Выхавацелі і настаўнікі са сваіх заробкаў павінны забяспечыць падпіску на 905 асобнікаў дзяржаўных «СБ. Беларусь сегодня», «Гомельскай праўды», мясцовай раёнкі і «Спортивной панорамы».

Напрыканцы лістапада "Вечерний Бобруйск" запусціў апытанку, ці прымушаюць выпісваць газеты або часопісы на працы. Згодна яе вынікам з 1513 чалавек 69% прымушаюць падпісвацца на газеты, хоць яны гэтага і не хочуць.

apytanka_1.jpg
Скрыншот з сайта "Вечерний Бобруйск"

Прымусовая падпіска як з'ява нарадзілася ў часы СССР, калі ўсе сродкі масавай інфармацыі з'яўляліся дзяржаўнымі. Але ў адрозненні ад сённяшніх часоў такія захады нельга было лічыць парушэннем свабоднай канкурэнцыі.

Цяпер жа, калі Беларусь па Канстытуцыі з’яўляецца дэмакратычнай дзяржавай, прымусовая падпіска на дзяржаўныя выданні парушае роўнасць эканамічных інтарэсаў і эканамічных правоў дзяржаўных і недзяржаўных выданняў.

Валянцін Стэфановіч.

На думку праваабаронцы “Вясны” Валянціна Стэфановіча прымусовая падпіска на газеты — савецкі анахранізм, як тыя ж ЛТП, сельскагаспадарчыя працы. У Беларусі гэта выступае дадтковым інструментам кантролю над грамадствам. Таксама прымусовую падпіску трэба расцэньваць як недабрасумленную канкурэнцыю. Напрыканцы 2018 года ўрад зацвердзіў пералік друкаваных СМІ, якія у 2019 годзе будуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту. Сярод іх і “СБ. Беларусь сегодня”, “Знамя юности”, “Рэспубліка”. Дарэчы, на 4 студзеня наклад “СБ. Беларусь сегодня» склаў больш за 40 тысячаў накладаў, “Знамя юности” — пад 45 тысячаў, “Рэспубліка” —  каля 25 тысячаў. І гэта пры тым, што людзей прымушаюць падпісвацца на дзяржСМІ. Для прыкладу “Народная Воля” без усялякага прымусу мае 23 тысячы чытачоў.

“Многія настаўнікі разумеюць, што, пашкадаваўшы грошы на падпіску, можаш застацца без прэмій і ўвогуле прасядзець на адной стаўцы ўвесь наступны год. Не самая лепшая перспектыва. Аднак смельчакі ёсць, і ў іх ёсць свае сакрэты барацьбы з прымусовай падпіскай. Настаўніца адной з гомельскіх школ Сцепанян Марына Міхайлаўна адмовілася ад перспектывы чытаць толькі афіцыйную прэсу: “Кожны год здавала грошы на падпіску. Аднойчы вырашыла не здаваць. Што было далей? Засталася без некалькіх прэмій, мяне ўзгадвалі на ўсіх педсаветах. Прычым часта напаміналі, што тыя грошы, якія не здала я, цяжарам ляглі на плечы маіх калег. Пры тым, што мае калегі былі ў захапленні ад маіх дзеянняў і расчараваныя ўласным бяздзеяннем”, — пісаў nastaunik.info яшчэ 5 год таму.  

Як бачна, за гэты час сітуацыя з прымусовай падпіскай не змянілася.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства