Яшчэ аднаго праціўніка будаўніцтва завода АКБ засудзілі ў Берасці Дапоўнена
У Берасці 26 кастрычніка – працяг суду над сябрам ініцыятыўнай групы супраць завода АКБ Дзем’янам Лепясевічам. Яго абвінавачваюць у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт 23.34 КаАП).
19 кастрычніка Лепясевіча забралі з хаты супрацоўнікі міліцыі і позна ўвечары адвезлі ў Ленінскі РАУС, а затым у ізалятар часовага ўтрымання.
У судзе Ленінскага раёна Берасця 22 кастрычніка, Лепясевіч заявіў аб тым, што яго пазбавілі права на адваката і заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі адміністрацыйнай справы. Суддзя Аляксандр Семянчук задаволіў хадайніцтва і абвясціў перапынак да 26 кастрычніка.
Справу разглядае суддзя Святаслаў Каліна. У якасці сведкі выступае прапаршчык ППС Ленінскага РАУСа Павал Ружанскі.
Суддзя забараніў пад час працэсу весці фота і відэа здымкі. Лепясевіч заяўляе суду, што капітан Архіпаў падчас затрымання пазбавіў яго права на абарону.
“Мы заяўлялі шмат заявак на мітынгі супраць будаўніцтва завода, але нам адмовілі, - распавядае Лепясевіч. - Я, як грамадзянін, мусіў выйсці на плошчу каб адстойваць законнасць у Рэспубліцы Беларусь”.
Дапытваюць сведку з боку міліцыі. Той не памятае Лепясевіча, не можа сказаць як ён быў апрануты. Лепясевіч сцвярджае, што ніколі не бачыў прапаршчыка, хаця рэгулярна ўдзельнічае ў кармленні галубоў.
Лепясевіч просіць суд праверыць, ці бы сведка Ружанскі на плошчы 14 кастрычніка, паколькі рапарт быў складзены толькі 19 кастрычніка.
У судзе праглядаюць відэазапіс мітынгу. Знайшлі выяву сведкі, які стаіць вельмі далёка за спінай Лепясевіча.
Аднак усё адно суддзя выносіць пастанову аб прыцягненні Дзям'яна Лепясевіча да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь, альбо 245 рублёў.
Усяго за ўдзел у мірным сходзе 14 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі склалі 17 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. Траіх з іх – Міколу Статкевіча, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава пакаралі арыштам на 5 сутак. Астатнім прысудзілі арышты. Пратакол, складзены на праваабаронцу Рамана Кісляка, адпраўлены на дапрацоўку.