viasna on patreon

Ці сыйдзе з рук суддзю Царуку пакаранне светлагорскай праваабаронцы за арганізацыю флэш-моба?

2018 2018-10-26T09:09:29+0300 2018-10-26T09:24:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/masliukova-sud-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Маслюкова ў судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Алена Маслюкова ў судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Праваабаронца са Светлагорску Алена Маслюкова, пакараная судом за арганізацыю 15 верасня флэшмобу супраць завода беленай цэлюлозы, накіравала дадатковую скаргу ў Гомельскі абласны суд. Яна патрабуе адмяніць пастанову суду Светлагорскага раёна ад 9 кастрычніка і спыніць адміністратыўны працэс супраць яе.

Сваю пазіцыю праваабаронца падмацоўвае некалькімі аргументамі.

“Я суду патлумачыла, што ў дадзеных месцах я прысутнічала ў якасці назіральніка-праваабаронцы. Мае дзеянні былі накіраваныя выключна на маніторынг выканання органамі правапарадку правоў чалавека падчас правядзення мірнага сходу. Назіраючы за тым, што адбываецца на Цэнтральнай плошчы горада, я рэалізоўвала сваё права на збор і распаўсюд інфармацыі, якое гарантаванае арт. 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, п.2 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама арт. 6 і 12 Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды" - паведамляе Маслюкова ў скарзе.

Аднак суд Светлагорскага раёна не пажадаў узяць у разлік аргумент праваабаронцы. Больш таго, на другім судовым паседжанні ў матэрыялах справы раптам з’явіліся пісьмовыя паказанні 6 сведкаў, якія былі напісаныя нібыта пад капірку. Хадайніцтва Маслюковай аб выкліку ў суд гэтых сведак, ці хаця б некалькі з іх, суд адпрэчыў, палічыўшы, што такім чынам Маслюкова хоча зацягнуць працэс, хаця яна проста скарысталася сваім працэсуальным правам.

"З паказанняў сведкі Я. Сліжа, кіроўцы таксі, вынікае, што ён знаходзіўся на працоўным аўтамабілі на стаянцы насупраць Светлагорскага райвыканкама 15 верасня і нібына назіраў за флэш-мобам. Аднак з відэаматэрыялаў, прадастаўленых у якасці доказаў па справе ні на адной стаянцы, размешчаных па перыметры Цэнтральнай плошчы г. Светлагорска ў той час аўтамабіля з адметнымі знакамі таксі камерамі відэаназірання не зафіксавана. Пры акцэнтаванні увагі на вышэйзгаданы факт падчас судовага паседжання быў праігнараваны судом і не адлюстраваны ў пратаколе судовага паседжання. Не адпавядаюць рэчаіснасці і супярэчлівыя звесткі, прадастаўленыя Сліжом, які заявіў аб наяўнасці відэаролікаў ў сацыяльных сетках, якія размяшчаюцца мной і ў якіх змяшчаецца інфармацыя з заклікам да пратэсту" - піша ў скарзе праваабаронца.

Аднак суд першай інстанцыі не прыняў гэтыя супярэчнасці да ўвагі.

"Абвінавачванне мяне ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства будавалася на тым, што шэсць сведак, названых у рапарце супрацоўніка міліцыі Шпака Д. В., а менавіта: Дайнэка, Гарбар, Лось, Акімцава, Сліж і Манькевіч паказалі, што менавіта я мела дачыненне да арганізацыі і правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Аднак ніводнага доказу ў судзе прыведзена не было" - заяўляе Маслюкова.

Пазней стала вядома, што чацвёра сведак-жанчын з’яўляюцца супрацоўніцамі Светлагорскага РАУС. Ці не таму суддзя Руслан Царук засаромеўся выклікаць іх у суд для допыту?

Праваабаронцы нагадваюць, што Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў заклікала ўлады Беларусі адмяніць судовыя рашэнні, вынесеныя ў дачыненні да сп-ні Алены Маслюковай і сп. Анатоля Змітровіча, і пакласці канец любым формам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць іх і ўсіх праваабаронцаў у Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства