Моладзь БНФ запрашае на размову пра правы чалавека
Моладзь БНФ запрашае ахвочых на дыскусію “Што такое правы чалавека?“, якая адбудзецца 29 верасня ў Менску на сядзібе БНФ
Гэтай імпрэзай Моладзь БНФ распачынае цыкл маладзёвых дыскусій на актуальныя тэмы, датычныя правоў чалавека. Дыскусіі будуць адбывацца з удзелам дасведчаных экспертаў і закрануць найбольш злабадзённыя пытанні і самыя вострыя выклікі правам чалавека: смяротнае пакаранне і права на жыццё, таямніца прыватнага жыцця, свабода ад катаванняў, гендэрная роўнасць, правы меньшасцяў, суадносіны правоў чалавека з традыцыйнымі культурнымі каштоўнасцямі ды палітычнымі ідэалогіямі.
Першая дыскусія будзе прысвечаная ўводзінам у канцэпцыю правоў чалавека. Падчас яе будзе разгледжаны шырокі спектр пытанняў:
- Што такое правы чалавека?
- Адкуль і калі яны з'явіліся?
- Ці ёсць правы больш важныя і менш важныя?
- Што можа пагражаць правам чалавека?
- Калі правы чалавека можна абмяжоўваць, а калі не?
- Хто можа парушаць правы чалавека і хто можа іх абараняць?
У якасці эксперта падчас дыскусіі выступіць юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Юрый Чавусаў, які з'яўляецца выпускніком Вышэйшага міжнароднага курса па правах чалавека і ў межах Беларускай правабарончай школы правёў больш за сто семінараў па праваабарончай тэматыцы для моладзі.
Першая сустрэча цыклу правабарончых дыскусій Моладзі БНФ адбудзецца 29 верасня ў сядзібе БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3), пачатак а 15:00.
Тэлефон для сувязі: +375 25 7641465 (Прэс-служба Моладзі БНФ).