viasna on patreon

Судзяць удзельнікаў акцыі пратэсту каля рэстарана «Поедем поедим»: штрафы і суткі Дапоўнена

2018 2018-09-03T12:57:00+0300 2018-09-03T16:45:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shaurou-dzianis.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст «Маладога фронту» Філіп Шаўроў. Фота з сацыяльных сетак.

Актывіст «Маладога фронту» Філіп Шаўроў. Фота з сацыяльных сетак.

У судзе Мінскага раёна 3 верасня адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі пратэсту каля рэстарана «Поедем поедим» у Курапатах.

Дзяніса Урбановіча, Максіма Вінярскага і Філіпа Шаўрова затрымалі ў суботу ўвечары пасля чарговага інцыдэнту каля рэстаранна-забаўляльнага комплексу. Іх адвезлі ў раённы аддзел міліцыі, а затым да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Менскага раёну.

Па інфармацыі “Белсату», да канфлікту актывістаў і аховы рэстарацыі спрычыніўся вялікі камень, які маладафронтавец Філіп Шаўроў паклаў пасярэдзіне праезду да брамы. Пасля таго, як каля брамы забаўляльнага комплексу распачалася штурханіна, адміністрацыя «Поедем поедим» выклікала міліцыю.

«Мне Дзяніс паспеў крыкнуць з машыны: «Вольга, нас паабяцалі ледзьве не забіць, паабяцалі адбіць усе органы». Потым хлопцаў звезлі і дасюль не выпусцілі. Я вельмі асцерагаюся за іх стан здароўя», – кажа «Белсату» абаронца Курапатаў, актывістка Вольга Мікалайчык.

Грамадскі актывіст Леанід Кулакоў, які ўдзельнічае ў акцыі пратэсту з пачатку лета, кажа, што «ўлады не рэагуюць на збіццё абаронцаў Курапатаў.

«Я асцерагаюся таго, што ўлады нарэшце адрэагуюць толькі тады, калі, не дай Бог, чыёйсьці скончыцца смерцю», – дадае Кулакоў.

Паводле Кулакова, Максіма Вінярскага затрымалі за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў (артыкул 23.4 КаАП). На падставе чаго затрымалі іншых хлопцаў – невядома.

Суды над Урбановічам, Вінярскім і Шаўровым, імаверна, адбудуцца ў панядзелак.

Усіх затрыманых даставілі ў суд Мінскага раёна. Па словах актывіста Леаніда Кулакова, пра час пачатку судовых працэсаў нічога не кажуць.

Усе тры адміністрацыйныя справы будзе разглядаць у другой палове дня суддзя  Віктар Шаўцоў. У Максіма Вінярскага працэс пачнецца ў 14-10, у Урбановіча - 14-20, у Шаўрова - у 14-30. На кожнага па 10 хвілін.

Суддзя Аляксей Крапачоў вынес пастанову аб пакаранні Філіпа Шаўрова штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (490 руб.) (за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі (арт 23.4 КаАП). 

Дзяніса Урбановіча суд Мінскага раёна асудзіў на 7 сутак адміністрацыйнага арышта, Максіма Вінярскага - 10 сутак. На абаронцаў Курапатаў складзены па некалькі пратаколаў па арт. 23.4 і 18.23 КаАП. 

Ужо тры месяцы ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць рэстарацыі, якая адкрылася на пачатку лета побач з урочышчам Курапаты, месцы масавых расстрэлаў у сталінскія часы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства