Назіральніка Арцёма Скарабагатага арыштавалі на 7 сутак
Як стала вядома ПЦ "Вясна", 19 лютага адбыўся суд над назіральнікам Арцёмам Скарабагатым. Мінскі раённы суд арыштаваў яго на 7 сутак нібыта за лаянку на выбарчым участку №3 у Бараўлянах і №2 пасёлку Лясны, якія месцяцца ў адным будынку ў мясцовым Доме культуры аграгарадка Лясны.
Адбываць адміністрацыйны арышт Арцём Скарабагаты будзе ў ІВС Мінскага раёна па вул. Ф. Скарыны, 20 у Мінску.
Раней "Наша ніва" пісала, што пра затрыманне хлопца паведаміў яго брат:
«Арцёма пасадзілі ў машыну і ён паспеў мне патэлефанаваць. Сказаў, што невядомыя ў цывільным вывелі яго з будынка. Не прадстаўляліся, дакументы не паказвалі, запхнулі ў аўтамабіль. Больш распавесці не паспеў. Цяпер у Арцёма выключаны тэлефон».
Крысціна Шаблоўская, намесніца старшыні камісіі на Бараўлянскім участку, сказала, што яна сама выклікала міліцыю — Скарабагаты нібыта перашкаджаў камісіі працаваць.
«Парушаў правапарадак, гучна размаўляў, уступаў у нецэнзурную лаянку з наведнікамі. Мы вымушаныя былі выклікаць органы ўнутраных спраў», — сказала Шаблоўская.
Яна запэўніла: прыехалі людзі ў форме, складалі на назіральніка пратакол. Далей за лёсам Скарабагатага яна не сачыла, ці выводзілі яго кудысьці людзі ў цывільным не бачыла, бо «сёння ж выбары, на ўчастку шмат народу».
Пазней, стала вядома, што Арцёма адвезлі ў аддзяленне міліцыі ў аграгарадок Сеніцу. Па словах сваякоў Скарабагатага, там хлопца «праверылі на псіхатропныя рэчывы, нічога не знайшлі і сказалі, што ў панядзелак 19 лютага будуць судзіць за лаянку матам».
Скарабагатыя — гэта вядомая шматдзетная сям'я. Яны беларускамоўныя, а па веравызнанні — пратэстанты.