У Слуцку затрыманы Віталь Амяльковіч і Юлія Балакір Дапоўнена
Увечары 24 сакавіка ў Слуцку людзі ў цывільным затрымалі каардынатара Руху “За свабоду” па Мінскай вобласці Віталя Амяльковіча.
Пра гэта інтэрнэт-газеце “Салідарнасць” паведаміла відавочца затрымання:
- Мы выпадкова сустрэліся ў краме «Белмаркет». Віталь мне сказаў, што за ім сочаць. Я адказала: у цябе параноя! А праз некалькі хвілін яго ўзялі на выхадзе з крамы. Да яго падышлі двое мужчын у цывільным, паказалі пасведчанні, сказалі, што затрымліваюць па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. Узялі пад рукі і павезлі на нейкім чорным аўтамабілі.
Паводле яе словаў, Віталь Амяльковіч 25 сакавіка збіраўся ехаць у Мінск на Дзень Волі.
Пасля затрымання дома ў Амяльковіча правялі ператрус: забралі ноўтбук, тэлефон, сістэмны блок, плакат “Слуцкі збройны чын”, выявы з Мілінкевічам и “Белсат не БТ”.
Па наяўнай інфармацыі, актывіста абвінавачваюць у закліку да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, распаўсюджанага ў сацсетках. Віталь знаходзіцца ў Слуцкім РАУС.
“З прычыны Амяльковіча”, як патлумачыла міліцыя сваякам у тэлефанаванні на 102, затрымана Юлія Балакір. Жанчыну спыніла ДАІ, калі яна вярталася дадому з працы (працуе таксісткай). Інспектары, не назваўшы прычыны затрымання, загадалі праехаць за імі.
Дзяніс Балакір, муж Юліі, паехаў у Слуцкі РАУС даведацца, што з жонкай. Апоўначы з ім там правялі прафілактычную гутарку "аб недапушчальнасці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах". Таксама супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што машыну таксі, на якой ездзіць Юлія, правяраюць - ці не знаходзіцца яна ў угоне.