У Мінску затрымана і асуджана дзяўчына арыштаванага Вячаслава Касінерава
Марына Насенка была затрыманая 14 сакавіка пад ЦІПам на Акрэсціна, куды несла перадачу для Вячаслава Касінерава, які адбывае 15-сутачны арышт за ўдзел у “Маршы абураных беларусаў” у Мінску 17 лютага.
Пасля затрымання Марыну Насенка даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска, дзе на яе склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП таксама за ўдзел у акцыі 17 лютага.
Як паведаміла “Вясне” маці Вячаслава Касінерава, пасля затрымання доўгі час Марыну нідзе не рэгістравалі, яна шукала дзяўчыну з 10:00 да 15:00. І толькі пасля таго, як жанчына патэлефанавала ў ГАМ Маскоўскага раёна і сказала, што будзе пісаць заяву пра знікненне чалавека, яны далі інфармацыю.
Адміністратыўную справу Марыны Насенка ў судзе Маскоўска раёна разглядала суддзя Вольга Лістраценка, якая пакарала дзяўчыну арыштам на 12 сутак.