RIP. У Кіеве забіты журналіст Павел Шарамет
Раніцай 20 ліпеня ў Кіеве ў выніку выбуху аўтамабіля загінуў вядомы беларускі і расійскі журналіст, заснавальнік «Беларускага партызана», былы вязень сумлення Павел Шарамет. Крыніцы з праваахоўных органаў Украіны паведамляюць, што ў машыне адназначна спрацавала выбуховае прыстасаванне. Трагедыя адбылася ў 7-45 раніцы, калі Павал Шарамет выехаў з дому і праехаў некалькі дзесяткаў метраў на аўтамабілі, які належаў кіраўніку газеты "Украінская праўда" Алёне Прытула.
Павел Шарамет быў адным з заснавальнікаў інтэрнэт–выдання "Беларускі партызан”, стварыў сотні вострых публіцыстычных матэрыялаў, правёў дзесяткі журналісцкіх расследаванняў. Адзін з ягоных матэрыялаў скончыўся затрыманнем журналіста і яго зняволеннем.
26 ліпеня 1997 г. разам з калегам, аператарам ОРТ Зміцерам Завадзкім, Павел Шарамет быў затрыманы каля беларуска-літоўскай мяжы пасля здымкаў у Гарадзенскай вобласці рэпартажу аб становішчы на мяжы і абвінавачаны ў незаконным яе пераходзе. Паўла Шарамета пакаралі на два гады пазбаўлення волі ўмоўна “за наўмыснае групавое парушэнне дзяржаўнай мяжы” і “перавышэнне журналісцкіх паўнамоцтваў, якое нанесла ўрон інтарэсам дзяржавы”. Правёў за кратамі два з паловай месяцы. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Паўла Шарамета вязнем сумлення.
Заўжды цікавіла Шарамета і праваабарончая тэматыка, стан з правамі чалавека ў Беларусі. Ён неаднаразова звяртаўся да гэтай тэмы. Напачатку гэтага года на “Беларускім партызане” было змешчана інтэрвію журналіста з кіраўніком Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім “Беляцкий: Вопрос прав человека в Беларуси отходит на третий план”, у якім закранутыя асноўныя выклікі і праблемы, з якімі сутыкаецца праваабарончы рух Беларусі ў апошнія гады.
Праваабаронцы “Вясны” рашуча асуджаюць варварскае забойства журналіста Паўла Шарамета і выказваюць спадзяванне, што злачынцы і арганізатары злачынства будуць знойдзены і пакараныя. Выказваем глыбокія спачуванні родным і блізкім Паўла Шарамета.
***
Павел Шарамет — вядомы беларускі і расейскі журналіст. Нарадзіўся 28 лістапада 1971 г. у Менску. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыўшы тры курсы, сыйшоў з гэтай ВНУ і паступіў на факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага эканамічнага ўніверсітэта. Прыйшоў на тэлебачанне з банкаўскай справы - да 1992 года працаваў у аддзеле валютных аперацый аднаго з банкаў, пазней - кансультантам эканамічных праграм Беларускага тэлебачання.
Неўзабаве стаў вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект» Беларускага ТБ.
У 1996 годзе стаў галоўным рэдактарам «Беларускай дзелавой газеты». У тым жа годзе быў прызначаны загадчыкам беларускім бюро Грамадскага расійскага тэлебачання (скар. ОРТ, цяпер - «Первый канал») і ўласным карэспандэнтам ОРТ у Беларусі.
У ліпені 1997 года, падчас здымкі рэпартажу аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі па абвінавачанні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго году выпрабавальнага тэрміну, правёўшы ў турме ў агульнай складанасці тры месяцы.
Павел Шарамет быў адным з заснавальнікаў "Беларускага партызана. Апошнія некалькі год Шарамет жыў у Кіеве, працаваў у "Украінскай праўдзе", вёў праграму на радыё "Весці".