На Віцебшчыне зарэгістравана 48 ініцыятыўных груп. Але пікеты ладзяць толькі дэмакратычныя актывісты
Паспяхова прайшлі рэгістрацыю ўсе 48 ініцыятыўных груп, якія падалі заявы ў выбаркамы і маюць намер збіраць подпісы грамадзян у падтрымку вылучэння сваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты.
З 48 прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах 7 ініцыятыўных груп стварылі прадстаўнікі Партыі БНФ, 5 - Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", 4 - Аб'яднанай грамадзянскай партый, 3 - Ліберальна-дэмакратычнай партыі, па адным прэтэндэнце ў кандыдаты прадстаўляюць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) і партыю "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада ".
Найбольшая колькасць ініцыятыўных груп (па 7) зарэгістраваны ў Віцебскай-Чкалаўскай №18 і Віцебскай-Чыгуначнай №19 выбарчых акругах. Першымі “ў народ” пайшлі прыхільнікі Таццяны Севярынец: яшчэ тыдзень таму каля гандлёвага цэнтру “Green” быў арганізаваны першы пікет па зборы подпісаў у Віцебску. У мінулыя выходныя спадарыня Таццяна зноў брала ўдзел у вулічным зборы подпісаў – каля кармы “Еўраопт” у мікрараёне Білева.
“Як высвятляецца, не ўсе ў нас ведаюць, што ў краіне распачалася выбарчая кампанія, і што зараз ідзе збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Мы паспрабавалі выкарыстаць вазок для прадуктаў, каб замацаваць сцяг БХД. На наша здзіўленне, ахоўнікаў і прадстаўніка адміністрацыі абурыла не наша памкненне “прысабечыць” маёмасць крамы, а менавіта сцяг! Яго і называлі “забароненым”, і патрабавалі зняць, і ўвогуле ў нас склалася такое ўражанне, што гэтыя людзі не чулі ні пра выбары, ні пра пікеты, якія дазваляе арганізоўваць выбарчае заканадаўства”, - кажа Таццяна Севярынец.
Сапраўды, каб пікеты па зборы подпісаў стаялі на Віцебшчыне на кожным кроку, то і непаразуменняў падобнага кшталту было б меней. Але ж, апрача спадарыні Севярынец, пікеты ў мінулыя выходныя арганізавалі хіба пара чалавек. У Віцебску гэта прыхільніца стварэння партыі БХД Алена Шабуня, якая збірала подпісы за сваё вылучэнне на тэрыторыі Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19. А ў Полацку прайшоў збор подпісаў за Вольгу Дамаскіну, удзельніцу Руху “За Свабоду”, якая мае намер балатавацца па Полацкай гарадской акрузе №27.
“У мінулыя выходныя мая ініцыятыўная група зладзіла пікет у Полацку, каля Дома гандлю. Неўзабаве дзяўчаты патэлефанавалі і паведамілі, што іх адтуль праганяюць. Давялося ўмяшацца: патэлефанаваць у акруговую камісію і нагадаць, што гэтае месца не ўваходзіць у пералік забароненых для збору подпісаў. Дарэчы, меў месца і яшчэ адзін выпадак. У суботу 9 ліпеня я хвілін 20 правяла на пікеце падчас абедзеннага перапынку. Калі вярнулася, то дырэктар сказала мне напісаць тлумачальную, колькі часу я адсутнічала. Давялося тлумачыць, што ў адпаведнасці з калектыўнай дамовай я маю 20-хвілінны абедзенны перапынак і яшчэ два перапынкі па 15 хвілін на працягу дня, так што працоўнай дысцыпліны я не парушыла», -- распавяла Вольга Дамаскіна.
Спадарыня Вольга працуе загадчыцай Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер´я ў Полацку. Але ўжо мае папярэджанне, што яе звольняць па сканчэнні працоўнага кантракта. Папярэджанне спадарыня атрымала якраз неўзабаве пасля таго, як абвясціла пра свой намер балатавацца на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Пікеты па зборы подпісаў пакуль не сталі масавай з’явай на Віцебшчыне. Праваабаронцы не выключаюць, што, як і раней, для збору подпісаў за вылучэнне “патрэбных” кандыдатаў будзе задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс. А вулічныя пікеты найперш імкнуцца праводзіць кандыдаты ад дэмакратычных сілаў – бо гэта не толькі сродак збору подпісаў, але і магчымасць заявіць пра існаванне пэўнай арганізацыйнай структуры ва ўмовах, калі афіцыйныя СМІ і тэлебачанне прынцыпова адмаўляюцца асвятляць падзеі “з жыцця апазіцыі”.