Віцебск: першы пікет па зборы подпісаў – за вылучэнне Таццяны Севярынец (фота)
Пікет прыхільнікі вылучэння ў кандыдаты каардынатаркі аргкамітэта па стварэнні партыі БХД зладзілі каля гіпермаркета “Green”, што знаходзіцца на тэрыторыі Віцебскай-Чкалаўскай №18 выбарчай акругі, дзе хоча балатавацца спадарыня Таццяна. Гэта даволі люднае месца ў Віцебску. Аднак пікетоўцы сабралі толькі пару дзясяткаў подпісаў.
“Я зрабіла выснову, што пікет па зборы подпісаў – гэта тэст на ўзровень грамадзянскай актыўнасці і нават смеласці, -- гаворыць Таццяна Севярынец. – Але ў нас гэты ўзровень, на жаль, невысокі. Першыя паўгадзіны мы стаялі ў пікеце, і да нас не тое каб ніхто не падыходзіў – усе стараліся абмінуць, адварочваліся, абыходзілі… Пакуль не падыйшла маладая маці з дзіцём, не загаварыла з намі. Вось тады пачалі падыходзіць і іншыя. Калі пераканаліся, што “гэта бяспечна”. Калі з людзьмі размаўляеш, здаецца, большасць з іх умее крытычна мысліць. Але чаго ж мае землякі такія палахлівыя? Ці запалоханыя?”
Паводле Таццяны Севярынец, многія пазнавалі яе ў твар. Найперш па прозвішчы – бо яна маці вядомага ў беларусі палітыка Паўла Севярынца. А таксама таму, што ў Віцебску аргкамітэт БХД праводзіць кампанію “За якасную медыцыну”, у межах якой шмат сустракаецца з мясцовымі жыхарамі. І ўвогуле, для Таццяны Севярынец гэта ўжо не першая выбарчая кампанія, у якой яна ўдзельнічае.
“Пікеты будзем праводзіць і далей. Гэта быў першы, скажам так, выпрабавальны. Сабралі каля 20-ці подпісаў. Але людзі пыталіся, ці будзем мы тут стаяць з пікетам яшчэ – бо тады прыйдуць ужо пашпартамі. Мая выснова такая: трэба рабіць не проста пікеты, дзе стаяць людзі з асадкамі ды падпіснымі аркушамі, а ладзіць іх з крэатыўным падыходам. Над гэтым мы зараз і працуем”.
Адзін з выпадкаў на першым пікеце Таццяна Севярынец апісала на сваёй старонцы ў Facebook. Увогуле ж, паводле яе высноваў, куды прасцей збіраць подпісы, ходзячы “ад дзвярэй да дзвярэй”. Бо сам-насам з сябрам ініцыятыўнай групы людзі не баяцца ні падпісвацца, ні выказваць свае крытычныя меркаванні наконт цяперашняга становішча ў Беларусі, гаварыць пра неабходнасць пераменаў, у тым ліку шляхам выбараў.
Аднак, як толькі справа адбываецца на вуліцы, людзі часта не наважваюцца адкрыта падтрымліваць “апазіцыйнага” кандыдата.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”