viasna on patreon

Умовы для правядзення пікетаў па зборы подпісаў у рэгіёнах істотна адрозніваюцца

2016 2016-06-27T19:45:39+0300 2016-06-27T19:46:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zbor-podpisau-shyld.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебшчына: у розных раёнах умовы для зборшчыкаў подпісаў няроўныя

Да 27 чэрвеня райвыканкамы мусяць вызначыць месцы, дзе забаронена праводзіць пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Да 18.00 гэтага дня толькі 2\3 афіцыйных старонак органаў улады Віцебшчыны размясцілі адпаведную інфармацыю.

Аналіз рашэнняў выканкамаў наўпрост падводзіць да высновы: у розных раёнах умовы для зборшчыкаў подпісаў няроўныя. Прыкладам, на сайтах Докшыцкага, Бешанковіцкага, Чашніцкага, Полацкага райвыканкамаў паведамляецца, што адзіным абмежаваннем для ўдзельнікаў пікетаў будзе адлегласць 20 метраў ад будынкаў райвыканкаму, суду, пракуратуры, міліцыі.  На Пастаўшчыне, Гарадоччыне  і Лепельшчыне зборшчыкам подпісаў нельга набліжацца бліжэй як на 20 метраў яшчэ і да ваенкаматаў, райаддзелаў МНС, дэпартаментаў аховы, установаў адукацыі і дзіцячых дашкольных установаў, прадпрыемстваў вода- цепла- і энергазабеспячэння, “арганізацый аховы здароўя” (у Лепельскім раёне), “бальніц і тэрыторыі вайсковай часткі 94017” (у Гарадоцкім раёне).

У Шаркоўшчынскім раёне зборшчыкам подпісаў таксама нельга ладзіць пікеты бліжэй чым у 20-ці метрах ад пералічаных вышэй адміністрацыйных будынкаў. Апрача гэтага, збор попісаў забаронены  “на тэрыторыі цэнтральнага сквера, які прылягае да плошчы Леніна” .

У Талачынскім і Аршанскім райвыканкамах палічылі, што 20 метраў – гэта занадта мала. І вызначылі, што да будынкаў выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, пракуратур, ваенкаматаў, аддзелаў МНС   мусіць быць адлегласць, большая за 50 метраў. У Талачынскім раёне ў пералік аб’ектаў, да якіх можна набліжацца толькі на гэтую адлегласць, дадаліся яшчэ «аб’екты чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту”, “чыгуначныя і аўтобусныя станцыі”, “тэрыторыі арганізацый і прадпрыемстваў”.

На інтэрнт старонках Віцебскага гар- і аблвыканкама, Полацкага, Дубровенскага, Глыбоцкага, Верхнядзвінскага, Шумілінскага, Расонскага райвыканкамаў да вечара 27 чэрвеня аніякай інфармацыі пра месцы для збору подпісаў пакуль не з’явілася ўвогуле.

У Кобрыне рашэнне пра вызначэнне месцаў, забароненых для правядзення збору подпісаў, падпісаў дзеючы дэпутат    

Размова ідзе пра Аляксандра Зазулю, які на мінулых парламенцкіх выбарах быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Кобрынскай выбарчай акругі №12.

У кастрычніку 2013 года Зазуля быў прызначаны старшынёй Кобрынскага райвыканкама, але ад дэпутацкіх паўнамоцтваў не адмовіўся, нягледзячы на забарону сумяшчаць падобныя пасады. Такім чынам, амаль два з паловай гады ў гэтай выбарчай акрузе фактычна адсутнічаў паўнавартасны дэпутат, а датэрміновыя выбары абвешчаны не былі.

Што тычыцца самога рашэння “Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь”, дык такая забарона уведзена на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, сельскіх выканкамаў і сельсаветаў, суда, пракуратуры, аддзела ўнутраных спраў, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва, устаноў аховы здароўя і культуры, а таксама ў грамадскім транспарце.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства