Толькі абвесціла пра жаданне пайсці на выбары, як папярэдзілі пра звальненне
Актывістка Руху «За Свабоду» Вольга Дамаскіна, загадчыца Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер´я ў Полацку, атрымала паведамленне пра тое, што працоўны кантракт з ёй сканчваецца, і трэба рыхтавацца да звальнення.
Спадарыня Вольга распавяла, што пра сканчэнне кантракту ёй не аднойчы нагадвалі і раней, але афіцыйнае паведамленне яна атрымала пасля публічнага абвяшсэння пра намер балатавацца ў Палату прастаўнікоў:
“3 чэрвеня я пайшла да дырэктаркі, каб даведацца, ці працягнуць са мной кантракт, бо ён сканчваецца 31 ліпеня. Заадно распавяла, што буду ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах, бо лічу, што ў парламенце павінны быць людзі, якія ведаюць музейную справу, неабыякавыя да беларускай культуры. Тады дырэктар мне сказала, што пакуль не вырашыла і будзе яшчэ пра гэта думаць. 16 чэрвеня я напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што вырашыла пайсці на выбары, што ў парламенце павінна быць больш людзей са сферы культуры, якія непасрэдна займаюцца ўзбагачэннем нацыянальнай культуры, даносяць да грамадства ідэі незалежнасці, беларускасці, еўрапейскасці. І запрасіла ахвотных да сябе ў каманду. Праз колькі дзён пасля гэтага атрымала папярэджанне пра звальненне”.
Па словах Вольгі Дамаскінай, цяперашні кантракт з ёй быў заключаны аўтаматычна – ніякіх паведамленняў па сканчэнні ранейшага яна не атрымлівала. Проста скончыўся адзін, і ёй прапаавалі падпісаць наступны. Цяпер, атрымаўшы паведамленне наконт звальнення, яна напісала заяву на імя дырэктаркі дырэктаркі музею Тамары Джумантаевай, што яна хоча працаваць далей, і што хацела б працягнуць працоўную дзейнасць на ранейшых умовах.
Рашэння кіраўніцтва спадарыня Дамаскіна чакае не раней як у пятніцу, бо дырэктарка зараз у камандзіроўцы - паехала ў Мінск на Ўсебеларускі народны сход. Да ўсяго, згоду на звальненне работніка мусіць даць яшчэ і мясцовы прафсаюз.
У філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музею-запаведніку — Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазерʼя — Вольга Дамаскіна працуе 16 гадоў, з іх апошнія 4 гады — загадчыцай. У 2016 годзе атрымала другую адукацыю - пасля гістарычнага факультэту - вышэйшую адукацыю па кваліфікацыі „Музеязнаўца”, прычым менавіта полацкі музей-запаведнік аплочваў навучанне.
Здавалася б, музейная сістэма займела высокакваліфікаванага спецыяліста, якога варта цаніць. Замест гэтага загадчыцу музейнага філіяла збіраюцца звольніць.
“Пра мае палітычныя погляды, пры сяброўства ў Партыі БНФ у музейнай полацкай сістэме ведаюць усе. Я спакойна працавала і я вельмі люблю сваю працу. Так што раней праблем з-за маіх перакананняў і поглядаў не паўставала. Але яны з’явіліся, як толькі я абвясціла, што збіраюся балатавацца на наступных выбарах”, -- гаворыць Вольга Дамаскіна.