Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступае супраць крымінальнага пераследу за дыфамацыйныя формы выказвання меркавання
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
12.04.2016 г.
Заява
12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Лапіцкі Аляксандр Нікіфаравіч здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 ("Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь"), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні здзейснены ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Гэта азначае, што пасля ўступлення пастановы ў сілу ён будзе пазбаўлены волі на перыяд прымусовага псіхіятрычнага лячэння.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.
Артыкул 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе права на свабоду перакананняў і іх выказванне і ўстанаўлівае дапушчальныя абмежаванні гэтага права. Гэтыя абмежаванні не звязаныя з службовым становішчам тых асобаў, пра якія распаўсюджаныя звесткі або інфармацыя.
Такім чынам, узровень абароны супраць дыфамацыйных формаў выказвання меркавання (замахаў на гонар, годнасць і рэпутацыю асобы шляхам распаўсюду зневажальных звестак альбо сцвярджэнняў абразлівага характару) у службовых асобаў дзяржавы, у тым ліку прэзідэнта, пракурора ці суддзі, не можа быць вышэй, чым у любых іншых грамадзянаў.
Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый. Міжнародныя органы, ААН і АБСЕ, рэкамендавалі скасаваць законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю, або, як мінімум, не пазбаўляць волі за здзяйсненне дыфамацыйных правапарушэнняў, прыняўшы за норму грамадзянска-прававы пераслед. Парламенцкая Асамблея АБСЕ заклікала да адмены ўсіх законаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю публічных асобаў, дзяржавы або яе органаў. Паўнамоцныя прадстаўнікі ААН, АБСЕ і ААД па пытаннях свабоды слова заяўлялі, што «крымінальны пераслед за дыфамацыю не з'яўляецца апраўданым абмежаваннем свабоды выказвання перакананняў; усе законы пра крымінальны пераслед за дыфамацыю падлягаюць адмене і замене, дзе гэта неабходна, грамадзянска-прававымі мерамі адказнасці».
Уплывовая міжнародная арганізацыя Article 19 сцвярджае, што «дзяржаўныя органы, уключаючы паліцыю і пракуратуру, не павінны прымаць ніякага ўдзелу ў ініцыяванні або ажыццяўленні крымінальнага пераследу, незалежна ад статусу боку, які лічыць сябе пацярпелым ад дыфамацыі, нават калі гэтым бокам з'яўляецца высокая службовая асоба»; «ні пры якіх абставінах законы аб дыфамацыі не павінны прадастаўляць ніякай асаблівай абароны службовым асобам, незалежна ад іх рангу або статусу».
Праваабарончы цэнтр "Вясна" настойвае на дэкрыміналізацыі дзеянняў, падобных здзейсненым Аляксандрам Лапіцкім, і настойвае на спыненні крымінальнага пераследу за дыфамацыйныя правапарушэнні, разглядаючы ў якасці першага кроку адмену артыкулаў 367, 368, 369, 369-1, 391 Крымінальнага кодэкса. Рашэнне аб прымусовай шпіталізацыі Аляксандра Лапіцкага варта прымаць, зыходзячы выключна з меркаванняў бяспекі грамадзянаў і самога Аляксандра Лапіцкага, а пры адсутнасці такіх пагрозаў - не замахвацца на яго асабістую свабоду.