Фігуранты справы “графіцістаў” абскардзяць прысуд у Менгарсудзе
У Менскім гарадскім судзе прызначаная дата разгляду касацыйных скаргаў фігурантаў крымінальнай справы “графіцістаў”. Грамадскія актывісты Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў не пагадзіліся з прысудам суду Фрунзенскага раёна, які пакараў іх штрафамі у памеры ад 30 да 50 базавых велічынь за псаванне маёмасці па арт 341 Крымінальнага кодэкса.
Як паведаміў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” Максім Пякарскі, актывісты атрымалі SMS-паведамленні, у якіх пазначана, што разгляд скаргаў адбудзецца 18 сакавіка ў 11 гадзін.
У жніўні 2015 года юнакі намалявалі на будынках горада і на плоце графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама замалявалі сацыяльную рэкламу з выявай супрацоўніка міліцыі. А ўжо 20 жніўня “графіцістам” прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду. Юнакам па гэтым артыкуле пагражала абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.
29 студзеня суддзя суду Фрунзенскага раёна Ала Скуратовіч перакваліфікавала абвінавачванне па эпізодзе з псаваннем банера з артыкула 339 Крымінальнага кодэкса на арт. 341 (псаванне маёмасці) і вынесла прысуд: усім прызначаныя штрафы – Пякарскаму — 40, Касінераву — 30, Жаромскаму — 50 базавых велічынь.