viasna on patreon

Праваабаронцы прадставілі вынікі маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў (відэа, аўдыё)

2015 2015-10-12T13:35:43+0300 2015-10-12T17:54:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravaabaroci_pres-konf.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па выніках маніторынгу выбараў Прэзідэнта

Прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па выніках маніторынгу выбараў Прэзідэнта

12 кастрычніка ў офісе ПЦ “Вясна” адбылася прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па выніках маніторынгу выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі 11 кастрычніка.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Алег Гулак і намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”  Валянцін Стэфановіч пракаментавалі выбарчы працэс з пункту гледжання яго адпаведнасці беларускаму заканадаўству і міжнародным стандартам свабодных і дэмакратычных выбараў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў, што выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення выбараў. Гэта было абумоўлена адсутнасцю роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурса на карысць дзеючага Прэзідэнта, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.  

“На жаль перад пачаткам выбарчай кампаніі, тыя рэкамендацыі АБСЕ, якія былі зроблены па выніках мінулых назіранняў не былі ўлічаныя беларускімі ўладамі і не былі імплементаваны ў нацыянальнае выбарчае заканадаўства. Гэта, па нашаму меркаванню, аказала негатыўны ўплыў на ход выбараў. Суцэльна можна сказаць, што мы не ўбачылі нічога новага ў выбарым працэсе гэтага года. Што тычыцца датэрміновага галасавання, то былі зафіксаваныя факты прымусу, актыўнай мабілізацыі выбаршчыкаў на дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўстановах адукацыі.

Працэдура датэрміновага галасавання заўсёды найбольш крытыкавалася міжнароднымі і нацыянальнымі назіральнікамі. У гэтым годзе рэкордны паказчык тых, хто прагаласаваў датэрмінова – 36 %. Нашыя назіральнікі зафіксавалі перавышэнне колькасці яўкі выбаршчыкаў, якая не супадала з дадзенымі УВК за ўсе 5 дзён галасавання. Перавышэнне склала 6,2%.

Падчас датэрміновага галасавання заўсёды застаюцца сумневы на конт захавальнасці выбарчых бюлетэняў і урн для галасавання, паколькі назіральнікі пасля 19.00 не могуць ажыцяўляць назіранне за тым, што адбываецца. Сама працэдура, якая ў заканадаўстве закладзена як выключэнне, у нас становіцца правілам”.

Як адзначыў старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак, ЦВК не прыслухалася за прапаноў праваабаронцаў і таму можна сказаць, што ў чарговы раз няма даверу да вынікаў выбараў:

“Самай праблемнай часткай, якая выклікае крытычныя ацэнкі выбарчага працэсу – гэта падлік галасоў. Я напомню, што яшчэ на пачатку, як толькі выбары былі аб’яўленыя, мы звярталіся ў цэнтрвыбаркам з прапановай прыняць меры, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі цэнтрвыбаркама для падвышэння даверу да выбараў і іх празрыстасці. У першую чаргу гэта тычылася ўстанаўлення працэдуры падліку бюлетэняў, якая была б зразумелай і выклікала б давер у назіральнікаў.  Цэнтрвыбаркам адказала, што гэта не ў іх кампетэнцыі. Аднак, я нагадаю, што ЦВК мае права прыняць рашэнне за любую камісію”.

Праваабаронца заўважыў, што назіральнікі ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” не зафіксавалі ніводнага выпадку, калі падлік праводзіўся празрыстым і даступным спосабам.

“Гэта віна выключна органаў выбарчай адміністрацыі, Цэнтральнай выбарчай камісіі ў першую чаргу, віна ў тым, што ў чарговы раз на беларускіх выбарах няма да вынікаў, агучаных камісіяй”, - сказаў Алег Гулак.

Акрамя таго, А. Гулак заўважыў, што ў некаторых сферах выбарчага працэсу быў прадэманстраваны прагрэс, але ў тых прынцыповых рэчах, на якіх праваабаронцы засяроджваюцца і якія не змяняюцца з цягам гадоў, яны надта прынцыповыя для склаўшайся сістэмы выбараў, і відавочна ні ўлады, ні органы выбарчай адміністрацыі не ўмеюць праводзіць па-іншаму.

“Я напэўна не памылюся, калі скажу, што за апошнія 15 гадоў практычна нікога і ніколі з сябраў выбарчых камісій, выканкамаў, адміністрацый, якія датычныя да арганізацыі выбараў прама ці ўскосна, па скаргах назіральнікаў, удзельнікаў працэса, не прыцягнулі да адказнасці. Нават прынцыповай ацэнкі ніколі не было дано. Гэтая сістэма, якая склалася за 15 год, проста адвучыла людзей працаваць. Камісія нават не зрабілі так, каб арыфметыка ў выніковых пратаколах супадала (па колькасці выданых бюлетэняў і прагаласаваўшых выбаршчыкаў). А гэта самае простае. Але нават гэтага камісіі часам не маглі зрабіць, а што ўжо казаць пра больш сур’езныя праблемы, якія могуць узнікнуць, калі падлік зрабіць празрыстым”.

Нагадаем, Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўлялася актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства