viasna on patreon

"Графіцісты” паскардзіліся на абразлівы артыкул Следчага камітэта

2015 2015-09-28T17:17:38+0300 2015-09-28T17:57:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/graffititagsjailedbelarus-3dt3o.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яраслаў Ульяненкаў, Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў. Фота nn.by

Яраслаў Ульяненкаў, Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў. Фота nn.by

Абвінавачаныя і падазраваныя па “справе графіцістаў” накіравалі скаргу кіраўніку Следчага камітэта (СК) і ў Генпракуратуру на публікацыю, размешчаную на сайце Следчага камітэта пад назвай “Следчым камітэтам працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб хуліганскіх дзеяннях і пашкоджанні маёмасці ў сталіцы”.

Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў і Яраслаў Ульяненкаў расцэньваюць навіну на сайце Следчага камітэта як прамое парушэнне іх прэзумпцыі невінаватасці і права на абарону, а таксама як абразу іх гонару і годнасці.

Па-першае, у апублікаваным артыкуле хлопцаў прама называюць “хуліганамі, затрыманымі за серыю наўмысных дзёрзкіх выхадак”, “зламыснікамі”, “ўдзельнікамі групы” яшчэ да разгляду справы судом і прыпісваюць толькі негатыўныя якасці. Фактычна, з дапамогай распаўсюджвання падобнай навіны грамадству унушаецца думка аб вінаватасці хлопцаў у інкрымінаваных дзеяннях.

Па-другое, у навіне напісана, што “згодна з высноваў заключэння рэспубліканскай экспертнай камісіі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь распаўсюджаныя ў сетцы Інтэрнэт матэрыялы ўтрымліваюць прыкметы праявы экстрэмізму і рашэннем суда Цэнтральнага раёна горада Мінска прызнаныя экстрэмісцкімі”. Аднак хлопцам невядома, пра якія матэрыялы ідзе гаворка, з заключэннем рэспубліканскай экспертнай камісіі і рашэннем суда Цэнтральнага раёна г.Мінска яны не былі азнаёмленыя. Між іншым фігуранты па справе далі падпіскі пра неразгалошваньне дадзеных папярэдняга следства, і нават не могуць аспрэчыць у СМІ падобныя сцвярджэнні Следчага камітэта.

Па-трэцяе, у навіне зазначана, што ў “зламыснікаў” быў выяўлены і адабраны траўматычны пісталет. Пры гэтым на фатаграфіі, размешчанай на старонцы навіны, змяшчаецца фотаздымак пнеўматычнага пісталета, які адносіцца да катэгорыі грамадзянскай зброі.

“Такім чынам, на сайце дзяржаўнага органа падаецца загадзя ілжывая інфармацыя, што з'яўляецца недапушчальным, парушаючым правы і дыскрэдытуе Следчы камітэт”, - зазначаюць падпісанты скаргі.

Па-чацвёртае, у артыкуле напісана пра адабранне ў «зламыснікаў» бутэлек з лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі, «элементаў запалохваючага характару», нейкіх налепак, а таксама літаратуры, якая асвятляе дзейнасць анархісцкіх і нацыяналістычных рухаў. Аднак, захоўванне вадкасцяў, налепак, літаратуры не з'яўляецца проціпраўным. Хлопцы лічаць, што ў негатыўным кантэксце падачы навіны дадзеныя звесткі з'яўляюцца спробай прадставіць іх асобамі, схільнымі да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў.

Акрамя таго, у негатыўным ключы падаецца і тое, што двое з хлапцоў з'яўляюцца прыезджымі і пражываюць у здымнай кватэры, і тое, што трое з іх змянілі прозвішчы. Ні першае, ні другое не з'яўляецца проціпраўным, аднак з-за негатыўнай падачы ўсёй навіны гэтыя факты выклікаюць сумневы ў тым, што фігуранты па справе з'яўляюцца законапаслухмянымі грамадзянамі.

У артыкуле адлюстравана, што былі вывучаныя асобы «фігурантаў крымінальнай справы», але ні аднаго факту, які ствараў бы станоўчы вобраз абвінавачаных і падазраваных, у артыкуле не прыведзена.

“Лічым размяшчэнне падобных навінаў у сетцы Інтэрнэт спробай следства ачарніць нас, абвінавачаных і падазраваных, у вачах ўсяго грамадства, прадвызначыць пазіцыю суду і паўплываць на зыход справы. Артыкул, у якім у сцвярджальнай форме ўтрымліваецца выснова аб вінаватасці абвінавачаных і падазраваных, уяўляе сабой прамое і грубае парушэнне прэзумпцыі невінаватасці і правы на абарону, выдае таямніцу следства і дыскрэдытуе ўвесь Следчы камітэт”, - адзначаюць хлопцы.

У сувязі з размяшчэннем дадзенага артыкула, фігуранты па “справе графіцістаў” просяць правесці праверку вышэйназваных фактаў, даць ім прававую ацэнку і прыняць прадугледжаныя законам меры па ліквідацыі парушаных правоў.

Важна адзначыць, што зараз з абвінавачымі і падазраванымі не адбываецца ніякіх следчых дзеянняў. Дагэтуль ім не павернулі канфіскаваную пры вобшуках тэхніку, што не знаходзіцца на экспертызе.

Аднак, па-ранейшаму ўсе фігуранты адчуваюць на сабе ціск. Так, у дом Максіма Пякарскага ў Смаргоні прыходзілі невядомыя, калі там нікога не было: невядомыя пакінулі выяўныя адзнакі сваёй прысутнасці – сляды абутку на падлозе, перакладзеныя рэчы на іншыя месцы.

Падазронаму Яраславу Ўльяненкаву пагражаюць іншай крымінальнай справай і праводзяць праверку па ёй. Пры гэтым больш за месяц таму ён падаў заяву па факце збіцця пры затрыманні і вобшуку. Аднак, дагэтуль адказу са следчага камітэта Фрунзенскага раёну няма.

Акрамя гэтага, Следчы камітэт адмовіў у перакваліфікацыі справы на больш мяккія артыкулы, хаця хлопцы адмаўляюць хуліганскі матыў сваіх учынкаў.

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства