“Вясноўцы” віншуюць БАЖ!
Сёння адзначае свой дваццацігадовы юбілей адна з аўтарытэтных і масавых недзяржаўных грамадскіх арганізацый нашай краіны – Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Свой шлях БАЖ распачаў 16 верасня 1995 года, калі група аднадумцаў сабралася ў сталічным Доме літаратара і заснавала арганізацыю, закліканую абараняць правы і законныя інтарэсы незалежных журналістаў і свабоду слова. Зараз бажаўцамі называюць сябе болей за 1000 сябраў з самых розных куткоў Беларусі, якія працуюць у перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні, у выдавецкіх кампаніях і інфармацыйных цэнтрах.
За гэты час Беларуская асацыяцыя журналістаў праявіла пра сябе ў якасці паслядоўнага абаронцы правоў тых, хто прафесійна працуе ў інфармацыйнай сферы. У надзвычай складаных умовах БАЖ цвёрда адстойвае свабоду слова ў Беларусі і з’яўляецца крыніцай дакладнай інфармацыі пра сітуацыю са свабодай СМІ ў нашай краіне.
БАЖ – надзейны і важны партнёр Правабарончага цэнтру “Вясна” ў шматлікіх супольных праваабарончых ініцыятывах і кампаніях. Неаднаразова БАЖ і “Вясна” выступалі адзіным фронтам у адстойванні дэмакратычных каштоўнасцяў, прымалі сумесныя заявы і звароты, разам ладзілі праваабарончыя акцыі.
У гэты вераснёўскі дзень “вясноўцы” жадаюць калегам і партнёрам бажаўцам цвёрдасці і прынцыповасці ў абароне свабоды слова, аптымізму і веры ў неабходнасць той важнай справы, якой прысвечана 20 год актыўнай дзейнасці арганізацыі.
Жадаем новых творчых удач і прафесійнага росту ўсім сябрам арганізацыі, светлага і свабоднага заўтрашняга дня!
Калектыў ПЦ “Вясна”