viasna on patreon

Віцебск: Валерыя Міснікава спачатку ўключылі ва ўчастковую камісію, а потым з яе выключылі

2015 2015-08-31T23:48:53+0300 2015-08-31T23:48:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/misnikau-valery-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхар Віцебска спадар Міснікаў звярнуўся ў пракуратуру, апісаўшы выключэнне з ужо створанай камісіі "паводле патрабавання сілавых структур". У яго ёсць сведкі, якія гатовыя пацьвердзіць гэты факт – што ён насамрэч быў уключаны ва ўчастковую камісію № 17.

Паводле заявы Валерыя Міснікава, пададзенай у Віцебскую гарадскую пракуратуру, рашэннем адміністрацыі Першамайскага раёна г.Віцебска ад 26 жніўня 2015 г. яго ўключылі ў склад участковай камісіі №17 ад Першамайскай раённай арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. На пасяджэнні прысутнічаў у якасці назіральніка ад ГА "БХК" праваабаронца Павел Левінаў, які даведаўся пра гэты факт непасрэдна на месцы, тамсама былі і аднапартыйцы Валерыя Міснікава, якія нават паспелі павіншаваць яго.

Аднак на пасяджэнне камісіі спадара Міснікава ніхто не запрасіў, і на сайце Віцебскага гарвыканкама ў спісе чальцоў камісій ён таксама не знайшоў свайго прозвішча.

"28 жніўня 2015 г. намеснік старшыні абласной партарганізацыі А.Драздоў паведаміў мне, што па патрабаванні сілавой структуры я выведзены адміністрацыяй Першамайскага раёна Віцебска са складу выбарчай камісіі. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы раённай адміністрацыі Л.Кліменчанка заявіла мне, што я не быў уключаны ў склад участковай камісіі, але не змагла патлумачыць, як так здарылася, калі падчас галасавання маю кандыдатуру падтрымалі адзінгалосна", - піша ў заяве Валеры Місьнікаў.

Ён выказвае меркаванне, што пасля публічнага працэсу фарміравання ўчастковай камісіі нешта здарылася, і ў выніку ў першавапачатковае рашэнне былі ўнесены змены. Лічыць, што гэтая сітуацыя сведчыць пра парушэнне ягоных правоў і законных інтарэсаў. А таму просіць пракуратуру правесці праверку, якім чынам выносілася рашэнне пра фармаванне ўчастковых камісій, у тым ліку праверыць паказанні чальцоў Першамайскай раённай адміністрацыі з дапамогай паліграфа. На думку Валера Міснікава, пракуратура мусіць выявіць асобу ці некалькі асоб, па загадзе якіх склад камісіі быў зменены, і праінфармаваць заяўніка аб выніках праверкі.

Сітуацыю каментуе праваабаронца Павел Левінаў, які прысутнічаў на пасяджэнні, дзе фармаваліся ўчастковыя камісіі:

"Я асабіста чуў і бачыў, як агалошвалася кандыдатура Валерыя Міснікава і спосаб яго вылучэння ў склад камісіі 17-га ўчастка. А пазней Людміла Кліменчанка, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравайпрацы, член Першамайскай раённай адміністрацыі і дакладчык праекта рашэння адміністрацыі наконт складу камісій, так і не змагла мне патлумачыць, навошта ставіла кандыдатуру Міснікава на галасаванне, калі, паводле ейных жа слоў, яго ў склад камісіі ўчастка №17 ніхто не вылучаў. Калі пракуратура распачне праверку па заяве Валерыя Міснікава, я гатовы пацвердзіць пачутае і ўбачанае. Але, мяркую, што члены адміністрацыі ад праверкі на паліграфе адмовяцца".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства