Магілёўскі гарвыканкам забараніў пікет у падтрымку Лукашэнкі
Магілёўскі гарвыканкам забараніў пікет у падтрымку дзеючага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведаміў актывіст незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Паўлоўскі, які разам з 44 грамадзянамі выступіў ініцыятарам правядзення масавага мерапрыемства ў цэнтры горада.
- Пад заяўкай на правядзенне пікета на плошчы Леніна падпісаліся як простыя грамадзяне, так і актывісты Белай Русі і БРСМ. Былі і гэтак званыя “дармаеды” – беспрацоўныя грамадзяне, аднак чыноўнікі нас не падтрымалі і забаранілі пікет, спаслаўшыся на тое, што месца для яго правядзення не дазволена гарвыканкамам, - кажа Паўлоўскі.
Чыноўнік з гарвыканкаму адзначыў, што масавыя мерапрыемствы павінны праводзіцца на ўскрайку Магілёва – стадыёне “Хімік”.
Мэтай пікета была падтрымка ў прыняцці закона аб дармаедах, у вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі на пяты прэзідэнцкі тэрмін, а таксама вылучэнне дзеючага прэзідэнта на Нобелеўскую прэмію міра за пасярэдніцтва ў пытаннях усталявання міру ва Украіне.
Усе выдаткі на арганізацыю мерапрыемства, калі б яно было дазволена, планаваў узяць на сябе незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці. Сам пікет мусіў адбыцца 1 красавіка з 12-00 да 13-00 на плошчы Леніна ў Магілёве.