viasna on patreon

Берасцейца абвінавачваюць у паклёпе на кіраўніка Беларусі

2015 2015-03-03T09:41:17+0300 2015-03-03T09:41:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lukashevich-1.jpg
Міхаіл Лукашэвіч. Фота БелСАТ.

Міхаіл Лукашэвіч. Фота БелСАТ.

Мужчына з Берасця больш за 10 гадоў вёў адмысловы палітычны блог на сваім плоце. Увесь гэты час гарадскія ўлады шукалі магчымасць спыніць непакорнага.

Следчы камітэт завёў крымінальную справу за паклёп на прэзідэнта (частка 1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь) на берасцейца Міхаіла Лукашэвіча.

На плоце і сценах гаража каля свайго дому на вуліцы Ясеніна ў Берасці мужчына размясціў палітычныя лозунгі, свае разважанні пра ўладу, народ, карупцыю і нават зварот да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Блог на плоце мужчына вёў больш за дзесяць гадоў – увесь гэты час прадстаўнікі ўлады шукалі шляхі, каб прымусіць Лукашэвіча зняць крамольныя надпісы. І, здаецца, знайшлі – у канцы мінулага года Следчы камітэт распачаў па факце надпісаў на плоце праверку, а пасля пастанавіў, што ў дзеяннях Лукашэвіча ёсць склад злачынства «Выказванні крытычнага характару, выражаныя ў форме паклёпу ў дачыненні да ўладаў, сілавых структур і Прэзідэнта РБ». 29 снежня 2014 года была распачатая крымінальная справа, па якой мужчыне пагражае да пяці гадоў турмы.

Сам Лукашэвіч ад удзелу ў следчых дзеяннях адмаўляецца, за што аднойчы ўжо затрымліваўся і правёў пэўны час пад вартай. У доме берасцейца правялі ператрус ды канфіскавалі фарбу і сем пэндзлікаў. Цяпер Лукашэвіч хаваецца ад журналістаў, на тэлефонныя званкі не адказвае, дзверы не адчыняе. Але мужчына паспеў звярнуцца да праваабаронцаў.

Адзін з іх, Уладзімір Малей, распавёў «Белсату»: «Лукашэвіч звярнуўся да нас па дапамогу, але ў следчых дзеяннях ён не ўдзельнічае, таму шмат чаго мы не ведаем. Улады даўно шукалі сродак, як прыбраць гэтыя надпісы з плоту, але доўгі час не знаходзілі. Цяпер жа набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. І гэта для ўладаў добрая нагода. Думаю, наўрад ці Лукашэвіча будуць судзіць па артыкуле 367 Крымінальнага кодэксу, хутчэй за ўсе правядуць псіхіятрычную экспертызу, прызнаюць Лукашэвіча псіхічна хворым і адправяць на прымусовае лячэнне тэрмінам на два гады».

Пакуль блог на плоце нягледзячы на крымінальную справу застаецца на месцы. Адзін з допісаў, у прыватнасці, тычацца суддзяў берасцейскіх судоў. Большасць узгаданых асобаў датычная да рэпрэсіяў супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства