Андрэй Стрыжак дапоўніў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека новымі фактамі
Каардынатар моладзевай сеткі незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Андрэй Стрыжак паскардзіўся ў Камітэт ААН па правах чалавека на забарону чыноўнікамі Рэчыцы ў правядзенні мірнага сходу – 8 верасня 2013 году вулічнага шэсця з мэтаю пратэсту супраць пастановы Ураду аб адмене аплаты бальнічных лістоў бацькам, якія выхоўваюць дзяцей.
Андрэй Стрыжак: у Камітэце ААН па правах чалавека ўжо зарэгістравана і разглядваецца мая скарга аб забароне рэчыцкімі чыноўнікамі ў 2012 годзе ў правядзенні падчас афіцыйнага святкавання дня незалежнасці мірнага сходу ў падтрымку сваіх калег з Мікашэвічскага Граніту. Зараз я дапоўніў гэтую скаргу новымі фактамі, каб паказаць, што забарона мірных сходаў у Беларусі носіць сістэматычны характар.
Цікава, што намеснік старшыні Вярхоўнага суда, суддзя Андрэй Забара, адказваючы на наглядную скаргу Андрэя Стрыжака, напісаў, што міжнароднаму праву аб свабодзе сходаў нацыянальнае заканадаўства не супярэчыць, паколькі Міжнародны пакт аб грамадзянскіх ды палітычных правах дапускае абмежаванні права на мірныя сходы. У той жа час чыноўнік прамаўчаў аб практыцы Камітэта па правах чалавека, якая зыходзіць з таго, што менавіта на дзяржаве ляжыць абавязак кожны раз даказаць, для якіх мэт яна забараняе тое ці іншае масавае мерапрыемства.
Андрэй Стрыжак просіць Камітэт ААН прызнаць факт парушэння Рэспублікай Беларусь яго правоў у адпаведнасці з артыкулам 19 (свабоднае выказванне свайго меркавання) і артыкулам 21 (свабода мірных сходаў) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Прафсаюзны актывіст таксама просіць ад ААН рэкамендацыі для Рэспублікі Беларусь аб прывядзенні нацыянальга заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і практыкі яго прымянення ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязкамі краіны.