Мітрапаліт Філарэт: “Царква прыкладае намаганні, каб смяротныя прысуды не выконваліся”
Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы адказаў на зварот Тамары Сялюн – яе сына прыгаварылі да найвышэйшай меры пакарання. Мітрапаліт Філарэт падкрэсліў, што БПЦ выступае супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.
“Беларуская праваслаўная царква прыкладае намаганні, каб смяротныя прысуды ў нашай краіне не выконваліся, што цалкам адпавядае палажэнням, выкладзеным у “Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай праваслаўнай царквы, - адзначаецца ў адказе за подпісам Мітрапаліта Філарэта. – Хрысціянскае маральнае выхаванне выхавала ў свядомасці людзей адмоўнае стаўленне да смяротнага пакарання. Адмена смяротнага пакарання дае больш магчымасцяў для пастырскай працы з тым, хто аступіўся, і для яго ўласнага пакаяння”.
Таксама паведамляецца, што ліст Тамары Сялюн і адказ Мітрапаліта Філарэта накіраваны ў камісію па памілаванні пры Адміністрацыі прэзідэнта. Начальнік галоўнага ўпраўлення Адміністрацыі Дзяніс Колас паведаміў, што дакументы далучаныя да матэрыялаў справы і будуць улічаныя пры разглядзе хадатайніцтва аб памілаванні.
Нагадаем, 12 чэрвеня 2013 г. Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: арт.139 ч.2 пункты 1 і 6 (забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю ); арт.205 ч.1 (крадзёж); арт. 347 ч.1 (здзек над трупамі) , ст.378 (крадзёж асабістых дакументаў ), і па сукупнасці злачынстваў вынес прысуд аб прымяненні выключнай меры пакарання - смяротнай кары. Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд. Маці асуджанага, як і ён сам, звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні. Таксама Павел Сялюн праз свайго прадстаўніка Андрэя Палуду звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН.