viasna on patreon

Кіраўнік БДІПЧ АБСЕ: Алесь Бяляцкі павінен быць вызвалены

2013 2013-11-26T14:56:38+0300 2013-11-26T14:57:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lenarcic-janes.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Янэз Ленарчыч, кіраўнік БДІПЧ АБСЕ

Янэз Ленарчыч, кіраўнік БДІПЧ АБСЕ

Амбасадар Янэз Ленарчыч, дырэктар Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), 25 лістапада нагадаў беларускім уладам пра ранейшыя заклікі старшыняў АБСЕ аб вызваленні праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у 2011 годзе, і далучыўся да іх, назваўшы справу Бяляцкага парушэннем абавязальніцтваў у рамках АБСЕ.

Адзначыўшы, што ў нядзелю, 24 лістапада, была другая гадавіна з моманту вынясення прысуду, Ленарчыч звярнуў асаблівую ўвагу на справу Бяляцкага, выказваючы заклапочанасць у сувязі з агульным становішчам праваабаронцаў у Беларусі.

“Злачынства, у якім Бяляцкі быў прызнаны вінаватым, з’явілася прамым вынікам забароны з боку ўладаў на працу яго арганізацыі па прасоўванні і абароне правоў чалавека ў Беларусі", — сказаў сп. Ленарчыч. “Беларусь узяла на сябе абавязальніцтвы паляпшаць, а не замінаць магчымасцям НДА па садзейнічанні захаванню правоў чалавека і асноўных свабодаў. Але прысуд Бяляцкаму з'яўляецца вынікам менавіта такіх перашкодаў”.

Алесь Бяляцкі, кіраўнік беларускага Праваабарончага цэнтра “Вясна”, быў асуджаны 24 лістапада 2011 года судом Першамайскага раёна Мінска па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, і прысуджаны да чатырох з паловай гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму і канфіскацыі маёмасці.

Абвінавачванні былі прад'яўленыя пасля таго, як беларускія ўлады некалькі разоў адмовілі “Вясне” ў перарэгістрацыі ў адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага суда ад 2003 года аб ліквідацыі арганізацыі. У 2007 годзе Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў гэтае рашэнне парушэннем права на свабоду асацыяцый.

Пазбаўленая рэгістрацыі, “Вясна” не магла заводзіць банкаўскія рахункі дзеля фінансавання сваёй дзейнасці ў Беларусі, і таму Бяляцкі адкрыў асабісты рахунак па-за межамі краіны. Абвінавачванне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў было заснаванае на існаванні гэтых рахункаў.

Тагачасны міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс і міністр замежных спраў і гандлю Ірландыі Імон Гілмар распаўсюдзілі заклікі да неадкладнага вызвалення Алеся Бяляцкага падчас старшынстваў сваіх краінаў у АБСЕ ў 2011 і 2012 гг. адпаведна.

“Ні абвінавачванні, ні прысуд не адбыліся б, калі б “Вясне” неаднаразова не адмаўлялі ў рэгістрацыі, а Бяляцкаму не адмаўлялі ў карыстанні яго фундаментальным правам на свабоду асацыяцый", — сказаў Ленарчыч. “Як і ўсе іншыя дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ, Беларусь узяла на сябе абавязальніцтва гарантаваць гэтае права”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства