viasna on patreon

Паездка ў Гарошкаў за архівам сябра і паэта Анатоля Сыса

2013 2013-11-11T14:55:13+0300 2013-11-11T15:01:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

30 кастрычніка 2012 г., Бабруйск

Я ўжо пісаў пра нашую паездку 9 траўня 2011 года ў Гарошкаў, але ў іншым кантэксьце. Таму вяртаюся да яе яшчэ раз. Такім чынам, 9 траўня 2011 года мы з маім сябрам беларускім паэтам Едрусем Акуліным выбраліся ў вёску Гарошкаў, якая стаіць на Дняпры ў Рэчыцкім раёне, на бацькаўшчыну нашага сябры Анатоля Сыса на сустрэчу зь ягонай сястрою Тамарай.

Яшчэ ўвосень 2010 года, у канцы кастрычніка, у першую нядзелю пасьля дня народзінаў Анатоля Сыса ў двары ягонай сядзібы ладзілася традыцыйнае сьвята паэзіі, прысьвечанае яму. Традыцыйнае, бо яно праводзілася штогод з 2005 года — года сьмерці Анатоля.

Прыдумаў гэтае сьвята і адпачатку быў ягоным рухавіком Едрусь. Агульнымі намаганьнямі сьведамых беларусаў, прыхільнікаў творчасьці А. Сыса, былі сабраныя грошы і пастаўлены адметны помнік на ягонай магіле, а на хаце зьявілася мемарыяльная шыльда. Штогод на паэтычнае сьвята зьязджаюцца сябры Анатоля, аматары ягонага паэтычнага таленту з Менска, Гомеля, Рэчыцы ды іншых мясьцінаў.

Сьвята ладзіцца чыста на грамадзянскай аснове. Аніразу на ім не было прадстаўнікоў улады. Адпаведна не было ад уладаў і ніякай падтрымкі. Толькі міліцэйскія машынкі ды маўклівыя людзі ў скуранках зьяўляюцца ў Гарошкаве па перыметры вёскі ў гэты дзень.

У 2010 годзе Едрусь прыхварэў, кепска пачуваўся, таму ў Гарошкаў паехаць не змог. Зь Менска былі прыехалі паэт і журналіст Сяргей Сыс, аднафамілец і зямляк Анатоля Сыса, таксама наш сябра зь юнацкіх гадоў. Яшчэ напачатку 80-х гадоў усе мы: і Анатоль Сыс, і Едрусь Акулін, і Сяржук Сыс, і я — разам вучыліся ў Гомельскім універсітэце на філалагічным факультэце. Сяржук, Едрусь і я на адным курсе, а Анатоль на два курсы старэй за нас.

Мы сябравалі і трымаліся адзін аднаго. Нашае сяброўства грунтавалася на любові да Беларусі, да прыгожага пісьменства, да беларускага слова. Усе трое маіх сяброў — паэты. Але на памятнай шыльдзе Анатолю Сысу напісана — геніяльны паэт. І гэта сапраўды, без усялякіх авансаў, так.Анатоль Сыс — геніяльны беларускі паэт канца ХХ стагодзьдзя. Ён здолеў годна працягнуць традыцыі класікаў беларускай паэзіі, творча ўзбагаціць і разьвіць іх. Ён здолеў узьняцца на недасягальную вышыню паэта-прарока, які прамаўляе ад імя беларускага народа пра найбольш важныя і балючыя праблемы народнага жыцьця. Ягоныя вершы і паэмы — глыбокамастацкія і грамадзянскія. Творчасьць Анатоля Сыса зьяўляецца сімвалам і адлюстраваньнем новай хвалі беларускага адраджэньня 80–90-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Тады, калі, здавалася б, за папярэднія дзесяцігодзьдзі камуністычны лад канчаткова абяскровіў і спустошыў беларусаў, прымусіў іх забыцца на ўласную нацыянальную годнасьць, на сваю гісторыю і мінуўшчыну, калі, здавалася б, канчаткова ператварыў іх у савецкіх манкуртаў, новае пакаленьне маладых беларусаў актыўна, імпэтна і таленавіта заявіла пра сябе ў беларускім жыцьці: і ў прыгожым пісьменстве, і ў мастацтве, і ў навуцы, і ў палітыцы. Анатоль быў найталенавіцейшым паэтычным голасам нашага пакаленьня. Таму з такой пашанаю і піетэтам мы, і не толькі мы, ставімся да ягонай творчай спадчыны і памяці аб ім. У 47 гадоў ён сышоў з жыцьця. Мы, маладзейшыя за яго, ужо перажылі гэты век.

Дык вось у тым кастрычніку 2010 года пасьля паэтычнага фэсту на падворку хаты Сысоў сястра Анатоля Тамара адважылася паказаць нам некаторыя неразабраныя паперы. Былі там аркушы з выдрукаванымі вершамі, быў і сшытак зь вершаванымі чарнавікамі. Зазірнуўшы ў сшытак, а затым хутка перагартаўшы аркушы з друкапісамі, я ўпаў ва ўтрапеньне. Гэта была наймацнейшая неспадзяванка. Бо ў руках я трымаў стос аркушаў зь невядомымі юнацкімі вершамі Анатоля! Мае пачуцьці і эмоцыі можна параўнаць хіба з пачуцьцямі археолага, які знайшоў залаты скарб, ці з эмоцыямі мастацтвазнаўцы, які адшукаў невядомую дагэтуль карціну знакамітага мастака.

Адкуль яны ўзяліся і як маглі захавацца? Бо неаднойчы, жывучы ўжо ў Менску, Анатоль казаў, што ён спаліў, зьнішчыў свае вершы. Я яму верыў, бо на маіх вачах ён рваў і выкідваў аркушы зь няўдалымі, на ягоны погляд, вершамі. А тут па некаторых памятных мною яшчэ зь юнацтва радках можна было зразумець, што гэта ягоныя вершы яшчэ з гомельскай студэнцкай пары.

Прыгаломшаны ўбачаным, я ў двух словах патлумачыў Сержуку, зь якімі паперамі мы маем справу. Бо першая думка, якая прыйшла да мяне пасьля шоку ад знаходкі, была такой: яны могуць зьнікнуць! Тым болей, што Тамара, добрая і мілая сястрыца Анатоля, падчас нашага прагляду папераў распавяла, што ўжо зьнік ягоны сшытак з чарнавікамі вершаў. І не дзіва, бо ўсе паперы ляжалі ў звычайнай хатняй старэнькай тумбачцы незачыненыя і ніяк не абароненыя ад аматараў паэтычных рарытэтаў.

Я папрасіў Сержука паразмаўляць зь сёстрамі Анатоля Тамараю і Валянцінаю. Яны ведалі яго лепей за мяне. Сяржук скрушна ўздыхнуў і пагадзіўся. Мы распачалі гутарку: “Гэта, хутчэй за ўсё, вершы Анатоля”, — пачаў я. “Іх трэба друкаваць”, — працягнуў Сяржук. “Яны тут, не захаваныя, могуць зьнікнуць”, — сказаў я. Мы пераконвалі сясьцёр перадаць вершы нам з умоваю іхняга вяртаньня пасьля публікацыі. Тамара і Валя завагаліся. Перад тым як паказаць нам паперы, яны не былі ўпэўненыя, што гэта вершы Анатоля. Урэшце, троху паразважаўшы, пахадзіўшы па хаце, Тамара вынесла вырак: аддам, калі будзе Едрусь Акулін. Яна давярала яму. Ну што ж, падумалі мы, так дык так. Тады прыедзем яшчэ раз ужо знарок па вершы разам зь Едрусем.

Калі, прыехаўшы з Гарошкава, я распавёў пра невядомы архіў Анатоля Едрусю, той напачатку не даў веры. Ён, як і я, быў перакананы, што студэнцкія вершы Анатоля, апроч тых, якія ён выдрукаваў у тагачаснай перыёдыцы, не захаваліся. Анатоль — артыст у жыцьці — пастаянна кагосьці разыгрываў. Ствараў разнастайныя пастановачныя жыцьцёвыя сітуацыі. Да вершаў іншых паэтаў, асабліва аднагодкаў, ставіўся падкрэсьлена жорстка, з апломбам заяўляючы, што ўсе свае раньнія вершы ён спаліў.

“А ці гэта дакладна ягоныя вершы?” — асьцярожна перапытаўся Едрусь. “Так, — адказаў я. — На сто адсоткаў. Іх там багата, ляжаць у тумбачцы разам зь іншымі паперамі”. Я гэтаксама распавёў яму пра ўмову Тамары. Яна гатовая перадаць вершы толькі ў ягонай прысутнасьці.

Едрусь паверыў. Ён патэлефанаваў Тамары, і яны дамовіліся на сустрэчу.

Выбрацца мы змаглі толькі праз паўгода, бо да Калядаў не атрымлівалася, а потым абвалілася мне на галаву мая занятасьць пасьля 19 сьнежня, і ў Едруся былі свае клопаты, ён актыўна езьдзіць па краіне і выступае са сваімі вершамі і песьнямі. Мы дамовіліся, што, пакуль не зьездзім і не паглядзім на вершы больш уважліва і пакуль не падрыхтуем першую публікацыю, нічога асабліва не казаць пра знаходку. Я, па-шчырасьці, апасаўся, што як толькі штосьці стане вядомым пра неапублікаваныя вершы Анатоля Сыса, то яны могуць зьнікнуць.

Вось так паўгода з гэтай прыемнаю таямніцаю і з боязьзю, каб чаго паганага не зрабілася, я і жыў. Гэтая акалічнасьць моцна турбавала мяне. Я адчуваў, што са мной можа што-небудзь здарыцца, а там то ў хлопцаў часу не знойдзецца, ці яшчэ якая халера надарыцца — і вершы могуць выпарыцца, зьнікнуць, як бы іх і не было. Хоць і кажуць, што рукапісы не гараць, але ж яны гараць, ды яшчэ і як. Да прыкладу, згарэлі ж рукапісы беларускіх пісьменьнікаў, рэпрэсаваных у 30-я гады. Іх паліла НКВД. Ці вось жа згарэў архіў Янкі Купалы ў першыя дні вайны, бо ў ягоную хату патрапіла нямецкая бомба. Пэўна, што ён і сам багата чаго напаліў, панішчыў у перадваенныя дзесяцігодзьдзі, баючыся. Бо ж вайна зь ім пачалася ў савецкай улады значна раней. А што сам не спаліў, то фашысты дапалілі. Вось так кадэбісты і фашысты пусьцілі попелам на вецер мастацкія творы, інтэлектуальны набытак сотняў сыноў беларускага народа. А дзе полацкі летапіс? Дзе сотні беларускіх кніжак і рукапісаў сярэднявечча, ад якіх пазаставаліся адныя назвы, а то і назваў не захавалася?

Я ведаю крохкасьць і неабароненасьць рукапісаў, таму вельмі выразна адчуваў, што калі, не дай Божа, зьнікнуць гэтыя бачаныя намі вершы нашага сябра Анатоля Сыса з-за нашай непаваротлівасьці ці нядбайнасьці, то я тады ніколі не дарую сабе гэтага. Занадта вялікае значэньне яны маюць для беларускай культуры.

І вось зоркі склаліся на 9 траўня, акурат на дзень, у які памёр Анатоль. Я нікуды не зьязджаў, у Едруся не было выступаў, Тамара была згодная пад’ехаць з Рэчыцы ў Гарошкаў. Сяржук Сыс не мог выбрацца, але ён раіў нам ехаць безь яго.

Былі ў нас праблемы з транспартам. Едрусева машына была не на хаду, рамантавалася, але тут прыдаўся мой “сітраэн”, які фармальна належаў мне, але меў правы і езьдзіў на ім мой сын Адам. У мяне ж і правоў не было ніколі, апрача як на самаходную гармату ці цягач, якія я атрымаў у войску. Вось на гэтым “сітраэне”, Едрусь за рулём, а я побач, мы і паехалі з самага ранку ў Гарошкаў. Адась, даведаўшыся, што мы сабраліся за дзень праехаць 600 кіламетраў, сумняваўся, ці даедзе машына. Узімку ён, пачынаючы кіроўца, пасьпеў адбіць на ёй бампер, і той быў прывязаны да машыны нейкай аборкаю. “А тае бяды! — сказаў я. — Па лясных калдобінах і выбоінах нам не ехаць, дарулім як-небудзь”. І мы выбраліся ў дарогу.

Не перадаць прыгажосьць беларускіх краявідаў увесну. Травень апрануў зямлю ў сьвежыя зялёныя колеры розных адценьняў, упрыгожыў блакітнае неба статкам кучаравых бялявых аблокаў. Дарога зь Менска на паўднёвы ўсход на Гомельшчыну ідзе па раўніне, сярод бяскрайніх палёў і густых лясоў. Ад Асіповічаў хіба пачынаецца Палесьсе — вялізныя лясныя абшары і не да канца спляжаныя балоты. Усё менш сустракаецца елка і ўсё больш у лесе маладой зеляніны лістоўных дрэваў: бярозы, дубы, таполі — ды іншага чарналесься.

Падарожжа на машыне дае неперадавальныя адчуваньні, зусім не вядомыя нашым дзядам-прадзедам. Так шыбка яны не ездзілі і такіх дарог, як зараз, не мелі. Разнастайныя краявіды плаўна і хутка зьмяняюцца за аўтамабільным шклом. У салоне машыны цёпла, гучыць музыка, ты сядзіш як у тэатры, дзе замест сцэны з дэкарацыямі ў цябе перад вачыма разгортваюцца мілыя твайму сэрцу і душы краявіды роднай зямлі. Адноўленая вясною, вымытая цёплымі і густымі травеньскімі дажджамі беларуская зямля. У дзясяткаў пакаленьняў маіх продкаў, якія тут жылі, біліся, баранілі цябе, глядзелі за табой, выклікала ты гэткія ж пачуцьці, якія перапаўняюць маю душу падчас нашай паездкі. І надзейна прыгарнула ты іхнія целы, зьліліся яны душамі з табой. І ў адвечным шматгалосьсі астральнага звону чую я іхнія слабыя галасы.

9 траўня — Дзень Перамогі, сьвяточны выходны дзень. Машынаў на дарозе было небагата. За Парычамі мы пад’ехалі да Кургана Славы, традыцыйнага для Сьветлагорска памятнага месца. Раней, не ведаю, як зараз, да кургана са Сьветлагорска прыязджалі з кветкамі пакланіцца ўсе вясельлі. У царкву за Саветамі браць шлюб ішла не кожная пара, было боязна, бо маглі пакараць улады, а вось сюды, да насыпанага капца зямлі зь зялёнай самаходкаю на пастаменце, зь ветрыкам, поездам зь некалькіх машынаў, за трыццаць кіламетраў ад горада — абавязкова. І было ў гэтым адведваньні “бога вайны” чагосьці паганскага і забабоннага, не зьвязанага ані з прамінулай вайною, ані з ушанаваньнем безыменных герояў, валам наваленых на гэтай зямлі, на гэтых метрах і кіламетрах асушаных балотаў і лясоў.

Менавіта тут пачыналася ў вайну ў 1944 годзе вялізная франтавая аперацыя “Багратыён”, і жывымі, дыхаючымі, слабымі людскімі целамі была праломленая глыбокаэшаланаваная абарона фашыстаў. Баі былі нябачна крывавыя і жорсткія, і нішто не магло спыніць сотні тысячаў байцоў, якія прадраліся празь нямецкі вал і пакаціліся далей ужо амаль няспынна на захад, аж да Берліна.

А тут, на гэтай пакалечанай вайною зямлі, засталіся вялізныя брацкія магілы-капцы, ці не пры кожнай беларускай вёсцы і ў мястэчках — у Парычах, у Шацілках, якія “будаўнікі камунізму” перайменавалі ў Сьветлагорск. А на плітах — сотні і сотні прозьвішчаў ці проста трохзначныя лічбы перад прозьвішчамі. А колькі тысячаў забітых салдатаў засталося ляжаць у зямлі, прысыпаныя, але не пахаваныя па-людску, безыменныя закладнікі вайны. Ніколі жыцьцё чалавека на гэтай зямлі не было такім малазначным і танным, як у XX стагодзьдзі. У дзяцінстве мяне заўсёды зьдзіўляла і ўражвала, як на такіх маленькіх лапіках зямлі, як брацкія магілы ў тым жа Сьветлагорску ці каля вёскі Стужкі, можна пахаваць столькі багата людзей. Як на адной сотцы можна пахаваць паўтары тысячы чалавек? І якая згушчанасьць адчаю, болю, сьмерці, людскіх душаў існавала і існуе ў тых месцах…

Каля Кургана Славы на ўзбочыне нешырокай тут дарогі сталяла некалькі аўтобусаў, мабыць, сьветлагорскія кіраўнікі і партгаспактыў прыехалі ўскласьці вянкі. Даішнікі рэгулявалі дарожны рух, па чарзе прапускаючы сустрэчныя машыны. Нас прыпынілі. Мы пачакалі, пакуль праедзе некалькі машынаў нам насустрач, затым далі дарогу нам, і мы павольна праехалі паўз курган. Кінуліся ў вочы бабулькі ў хустках у кветку і хвартухах, якія нясьпешна ішлі-калываліся да кургана з суседняе вёскі. Вось для каго гэтае ўшанаваньне сапраўды не для галачкі. Вось для каго вайна, а яны тады былі дзецьмі, была жахлівым выпрабаваньнем. Недалёка адсюль, мо ў якіх дваццаці кіламетрах у бок Калінкавіч, каля Азарычаў знаходзіўся адзін з найбольш жахлівых цывільных лагераў сьмерці, куды на балота, папярэдне заразіўшы тыфам, зганялі мясцовых жыхароў, у асноўным жанчын і дзяцей, дзе тысячамі яны і паміралі ад хваробаў, голаду і холаду. Гэтая зямля, здаецца, уся прапітана крывёю і слязьмі.

Мы едзем далей, заязджаем у Рэчыцу, каб купіць кветак Анатолю на магілу. Я згадваю, як у 1986 годзе быў у войску і Едрусь напісаў мне ліст, што ў Рэчыцы, а ён тады настаўнічаў у вёсцы Дуброва Рэчыцкага раёна, ён сустрэў Толіка Сыса. Той купляў вянок на пахаваньне свайго вясковага сябра Дзедзіля. Рослага, моцнага Дзедзіля, які часта прыходзіў да Толіка ў Гомелі ў студэнцкі інтэрнат у госьці. Яго забілі дзесь у Расіі, дзе ён быў на заробках. А было яму тады 26 гадоў. Зараз на гарошкаўскіх могілках, як ісьці да помніка Толіку, праходзіш помнік Дзедзілю. Празь дзевятнаццаць гадоў яны сустрэліся цяпер назаўсёды пад белымі бярозамі.

Мы купляем кветкі, аглядаем машыну. Бампер усё-ткі адышоў, асеў крыху, аб дарожны асфальт прадзёрлася пластмасавая падкладка. Мы шукаем, чым падвязаць бампер. Просім якую дзяжку ў кіёску, нам даюць, Едрусь прывязвае бампер панадзейней, як быццам падцягвае супонь на хамуце, і мы рулім у Гарошкаў.

9 траўня 2005 года, у Дзень Перамогі, памёр Анатоль Сыс. Я думаю, ці ёсьць у гэтым нейкі сімвалізм, ці ёсьць нейкае супадзеньне, і не магу адказаць. 22 чэрвеня пачалася вайна і памёр Васіль Быкаў, 9 траўня вайна скончылася і памёр Анатоль Сыс.

Мы найперш заязджаем на могілкі, кладзём кветкі да каменя-помніка зь ягоным абліччам, выразаным на граніце прыяцелем Анатоля скульптарам Гэнікам Лойкам. Могілкі ў Гарошкаве прыгожыя, спрэс засаджаныя высокімі беластвольнымі бярозамі. Атрымліваюцца могілкі ў бярозавым гаі. Мы хвіліну маўчым і едзем далей у вёску.

Тамара ўжо чакае нас у хаце. Яна прыехала ў Гарошкаў зь сяброўкаю-суседкаю. Жанчыны хуценька накрываюць на стол. “Пазьней, — гаворым мы, — напачатку паглядзім паперы”. Ідзём у чыстую хату, Тамара адчыняе тумбачку і дастае стос дакументаў, сшыткаў, рукапісаў. Мы ўважліва ўчытваемся ў радкі вершаў. Без сумненьня, гэта Толікавы вершы, некаторыя зь якіх памятныя нам з універсітэцкіх часоў. Усё ж увосень я не памыліўся, і мы не дарэмна прыехалі сёньня ў Гарошкаў.

Я ўкладаў зборнік выбраных вершаў Анатоля Сыса “Алаіза” да 50-х угодкаў з дня яго нараджэньня, выбіраў туды лепшыя вершы, імкнуўся выбудаваць унутраную структуру зборнічка, каб ён гучаў, як гучыць суладна настроенае фартэпіяна. Мне здаецца, што мне гэта ўдалося. Але што я сабе прыкмеціў, чаго, можа, і не заўважыць чытач, дык гэта тое, што ў Анатоля было даволі мала вершаў, выдрукаваных ім у юнацкія гады. Са свайго першага зборніка Анатоль Сыс вырастае як сфармаваны, сьмелы і дасканалы паэт. “Агмень” — яго першы зборнік — складзены з моцных вершаў і яшчэ больш моцнай паэмы “Алаіза”. Таму ўзьнікае пэўная недавыказанасьць. А што ж было, што пісалася перад “Агменем”?

У “Выбраным” жа хацелася паказаць і ягоныя раньнія вершы, каб больш зразумелым стаў шлях разьвіцьця ягонай творчасьці, этапы ягонага паэтычнага росту, які ўрэшце прывёў яго да геніяльнасьці. А раньніх вершаў Анатоля Сыса было вобмаль.

Тут жа, зараз, у Гарошкаве, мы перабіралі ягоныя вершы, складзеныя ў юнацкія гады. Мы дамовіліся з Тамараю, што забяром не толькі вершы, але і іншыя дакументы, паперы, якія маглі быць важнымі і цікавымі для разуменьня творчага і жыцьцёвага шляху Анатоля.

Мы забралі і курсавую працу, напісаную Анатолем падчас вучобы ва ўніверсітэце, прысьвечаную паэтыцы санета. Некалі, яшчэ ва ўніверсітэце, Анатоль даваў нам чытаць сваю працу. Мы пахвалілі, але нас насьмяшыў адзін сказ-пытаньне ў ёй. “Дык у чым жа соль санету?” — пафасна пытаўся ў курсавой працы Анатоль, спрабуючы затым паказаць гэтую санетную “соль”. Мы доўга затым прыгадвалі яму гэтае выказваньне.

Таксама мы забралі з сабой ягоныя школьныя пахвальныя граматы, школьны нататнік з самымі першымі, хіба яшчэ дзіцячымі вершамі, афішу тэатральнай пастаноўкі ў Гомелі, куды ён хадзіў, ды і іншыя папяровыя памяткі Анатолевага жыцьця. “Адскануем і аддамо”, — запэўнілі мы.

Дзіўна і вусьцішна было перабіраць гэтыя пажоўклыя вільгатнаватыя паперкі. Некалі ён зьбіраў гэтыя цэтлікі, кветкі, газетныя выразкі, афішкі, дакументы, і яны былі важнымі для яго, як пэўныя вехі жыцьця, закладкі для памяці да мінулых і пагаслых эмоцый, за кожнай зь якіх стаялі ўспаміны, пачуцьці. І вось яго ўжо няма. А гэтыя паперкі, цэтлікі, папяровыя граматы засталіся як бескарысныя ключы да назаўсёды згаслай разам зь ім памяці.

Усё было, і гэта ўсё адышло, “з вадой сплыло”, як пісаў некалі Максім Багдановіч, які імкнуўся, спрабаваў ухапіць і занатаваць гэтае шчымлівае пачуцьцё адчуваньня незваротнасьці часу.

Спрадвек пісьменьнікі, паэты, мастакі, музыкі толькі і займаліся гэтым, жадалі ўхапіць жар-птушку часу і быцьця і затрымаць яе, пасяліць у сваіх творах ці хоць адбіць на імгненьне яе абраз. Камусьці гэта ўдалося. І гэтыя спробы будуць заўсёды, пакуль ёсьць людзі на сьвеце. Нават у апошнюю хвіліну існаваньня чалавецтва, назіраючы ў жаху шырока расплюшчанымі вачыма за сваім сконам, людзі будуць імкнуцца асэнсаваць, адлюстраваць гэтую катастрофу ў нейкіх, можа, і невядомым нам зараз відах мастацтва. Маюць рацыю тыя, хто гаворыць: мастацтва вечнае! Яно будзе жыць роўна столькі, колькі будзе існаваць чалавецтва. І мастацтва зьнікне, загіне, памрэ — скульптуры Мікеланджэла, музыка Чайкоўскага, тысячагадовая архітэктура, карціны, якія зараз каштуюць мільёны даляраў, перастануць быць мастацтвам, калі не застанецца таго, хто будзе здольны ўсьвядоміць ягоную сутнасьць.

Анатоль адчуваў ці ведаў гэта. Ён бачыў сваю творчасьць толькі ў кантэксьце існаваньня беларускага народа, беларускай мовы, беларускай культурнай цывілізацыі. Ён — наш сучасны беларускі геній. Не дарэмна ён забараніў перакладаць свае вершы на рускую мову, бо ведаў — гэта бессэнсоўна і марна. Сапраўдная паэзія не перакладаецца.

Спакаваўшы паперы, мы перакусілі, выпілі з Тамараю па чарцы. Едрусь быў за рулём, ён не піў. Мы вярталіся назад, каля Кургана Славы ў Сьветлагорскім раёне мерапрыемства ўжо скончылася. У бок вёскі перайшлі нам дарогу, хістаючыся, абняўшыся, дзьве маладзіцы ў каляровых летніх сукенках. Насьвяткаваліся. Я зусім не асуджаў іх. Гэта ж так слушна — адзначаць перамогу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства