Мікалай Аўтуховіч: “Я лічу дні. Засталося 176 дзён…”
Бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч 23 кастрычніка атрымаў чарговы ліст ад палітвязня Мікалая Аўтуховіча з гродненскай турмы №1. Свой ліст журналісту Мікалай напісаў 15 кастрычніка.
Перад гэтым да Барыс а Вырвіча на мінулым тыдні дайшоў з вялікім спазненнем яшчэ адзін ліст ад Мікалая, у якім палітвязень паведаміў, што ён ужо адчувае сябе больш-менш нармалёва пасля нанясення сабе цялесных пашкоджанняў у турме (нагадаем, што Мікалай Аўтуховіч быў вымушаны парэзаць сабе лязом жывот з-за неабгрунтаванага ціску з боку турэмнай адміністрацыі).
У апошнім лісце Мікалай Аўтуховіч піша: “У мяне, Барыс, усё паціху. Я лічу дні. Засталося 176 дзён. Вось гэтым і жыву. Стараюся неяк не рэагаваць на тое, што адбываецца на волі, бо тут хапае свайго ўсяго. А нервы ўжо, ледзь трымаюся. Вось лісты ад добрых людзей і падтрымліваюць. Вельмі шмат энергіі дадаюць людзі, дзякуй ім усім! Я заўсёды ведаю, што я не адзін. Напэўна, таму і трымаюся”.
Мікалай Аўтуховіч паведамляе, што вытрымае ўсе гэтыя выпрабаванні і стараецца падтрымліваць добры настрой, не звяртаючы ўвагі на пэўныя абставіны. Таксама ў лісце абмяркоўваюцца апошнія навіны з грамадскага жыцця ў нашай краіне.