ІІІ Беларускі правабарончы форум пройдзе ў Вільні
ІІІ Беларускі правабарончы форум адбудзецца 26-27 кастрычніка 2013 года ў Вільні. Да ўдзелу ў Форуме запрошаны прадстаўнікі беларускіх правабарончых арганізацыяў, міжнародныя і замежныя праваабарончыя структуры.
У часе Форуму плануецца абмеркаваць бягучую сытуацыю ў айчынным правабарончым руху, стан правоў чалавека ў Беларусі і на постсавецкай прасторы, магчымую стратэгію дзеяньняў беларускіх праваабронцаў. Таксама плануецца правядзеньне паралельных тэматычных секцыяў.
У аргкамітэт сёлетняга Форуму ўвайшлі Праваабарончы цэнтар “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Цэнтар прававой трансфармацыі, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”, Беларускі дакументацыйны цэнтар і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі. Тэхнічную арганізацыю Форума ажыцьцяўляе Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Гэтае мерапрыемства ладзіцца ў працяг традыцыі, закладзенай папярэднімі Беларускімі правабарончымі форумамі, што адбыліся ў 2004 і ў 2010 гадах.