viasna on patreon

Таццяна Рэвяка распавяла ў Дубліне пра становішча беларускіх праваабаронцаў

2013 2013-10-10T15:30:40+0300 2013-10-10T15:33:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/reviaka-dublin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Рэвяка. Дублін, 2013. Фота Машы Шышчанковай, Front Line Defenders

Таццяна Рэвяка. Дублін, 2013. Фота Машы Шышчанковай, Front Line Defenders

10 кастрычніка Таццяна Рэвяка выступіла ў межах 7-й Дублінскай платформы для праваабаронцаў на панэлі, прысвечанай сведчанням праваабаронцаў пра ўмовы працы ў розных краінах свету.

У сваім выступе яна адзначыла, што праваабарончы рух у Беларусі адносна малады, але гэтая невялікая гісторыя – непарыўны ланцуг пераследу, судоў, звальненняў з працы, арыштаў, турмаў, гвалтоўнага выцяснення ў выгнанне, дыскрэдытацыі. “Быць праваабаронцам у Беларусі - гэта выбар, за які часта даводзіцца вельмі дорага плаціць”, - сказала Таццяна Рэвяка.

Праваабаронца ў сваім выступе распавяла пра крымінальны пераслед кіраўніка ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алеся Бяляцкага, падкрэсліўшы, што “такім чынам ацэньваецца ў нас актыўнасць і ўплывовасць абаронцаў правоў чалавека. Як кажа сам Алесь, “цяпер я як раз там, дзе і павінен знаходзіцца праваабаронца ў такой паганай сітуацыі”. Кажучы пра ўласны досвед, Таццяна Рэвяка ўзгадала гісторыю сваёй арганізацыі, ПЦ “Вясна”, 10 гадоў ад моманту закрыцця якога паводле судовага рашэння міне напрыканцы кастрычніка. У звязку з гэтым яна сказала: “Вядома, праца ў нелегальным статусе значна абмяжоўвае нашыя магчымасці. Пасля таго, як Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў закрыццё маёй арганізацыі парушэннем свабоды асацыяцыі, мы тры разы спрабавалі зарэгістравацца. Але безвынікова. Улады не толькі не хочуць бачыць праваабаронцаў больш моцнымі, дэманструюць поўнае ігнараванне сваіх абавязацельстваў у рамках ААН, але і выкарыстоўваюць дадзеную сітуацыю з мэтай дыскрэдытацыі”.

“Самым цяжкім для ўсіх праваабаронцаў Беларусі былі 2010-2011 гады. За гэты час толькі ў нашым офісе было праведзена пяць ператрусаў, некалькі разоў канфіскоўвалася ўся аргтэхніка, ператрусы праходзілі і ў кватэрах нашых калегаў па ўсёй краіне. Арышт Алеся Бяляцкага ў жніўні 2011 года быў разлічаны не толькі на ізаляцыю самага вядомага праваабаронцы, але гэта быў і папераджальны ўдар па ўсіх праваабаронцах краіны. Мы перажылі допыты, выклікі ў КДБ, фінансавыя праверкі за апошняе дзесяцігоддзе (у тым ліку - і членаў нашых сем'яў), канфіскацыю офіса. Але разлік на тое, што праваабаронцы спалохаюцца, замаўчаць, спыняць сваю дзейнасць - не апраўдаўся. І сёння я з гонарам магу пра гэта казаць і дзякаваць ўсім сваім калегам, якія захавалі адданасць сваім перакананням і працы”, - распавяла сябра Рады “Вясны”.

Напрыканцы выступу Таццяна Рэвяка выказала словы салідарнасці і падтрымкі тым калегам, якія за сваю прафесійную дзейнасць сёння ўтрымліваюцца ў зняволенні. Яна падзяквала за падтрымку, якую адчувалі і адчуваюць праваабаронцы ў Беларусі, калегам з усяго свету.

Нагадаем, з 9 па 11 кастрычніка міжнародны фонд па абароне праваабаронцаў Front Line Defenders ладзіць 7-ю Дублінскую платформу, у якой бяруць удзел 145 праваабаронцаў з 95 краінаў свету. У прыватнасці, на канферэнцыю ў Дублін прыехалі прадстаўнікі з Афганістану, Сірыі, Конга, дзе праваабаронцы працуюць у зонах узброеных канфліктаў, з Гватэмалы, Калумбіі, Гандурасу, Камеруну, Пакістану і іншых краінаў, вядомых забойствамі праваабаронцаў, пакушэннямі на іх жыцці і іншымі жорсткімі формамі пеарследу. Як зазаначыла падчас адкрыцця мерапрыемства выканаўчы дырэктр Front Line Мэры Лолар, за мінулы год у свеце загінула 48 праваабаронцаў.

Беларусь на 7-й Дублінскай платформе для праваабаронцаў прадстаўляюць журналістка Ірына Халіп, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і Таццяна Рэвяка, сябра Рады ПЦ “Вясна” і прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека ў Вільні. 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства